Дзень Савета прайшоў на тэрыторыі Крывошынскага і Свяціцкага сельсаветаў

Частка раёна, якую ў размове іншы раз называюць «за асфальтам», — самабытная і прыгожая, а гэтай парой — яшчэ з баравіковымі лясамі і бруснічнымі палянамі. І жывуць тут людзі шчырыя, гаспадарлівыя, мудрыя, адным словам — палешукі.
Якое іх сённяшняе жыццё-быццё, якія праблемы хвалююць, што яшчэ неабходна зрабіць мясцовай уладзе для паляпшэння іх дабрабыту — гэтыя пытанні стаялі на парадку чарговага Дня Савета.
Найпершая ўвага — добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Шчэрбава, Галаўнінцы, Крывошын, Ліпск, Залужжа ў гэтым плане выглядаюць станоўча. У кожнай вёсцы свой, мясцовы, каларыт. Нехта размаляваў яркімі фарбамі хату, у іншага ў агародчыку цвітуць-буяюць кветкі, а ў садзе яблыкі наліваюцца сокам. А ёсць і сіратлівыя хаткі са шчыльна занавешанымі ці пазабіванымі дошкамі вокнамі — гаспадароў ужо няма. Пабудовы прыходзяць у заняпад, развальваюцца, участкі зарастаюць пустазеллем. Работнікі сельвыканкамаў шукаюць уладальнікаў пустуючых сядзіб ці праз суд дабіваюцца дазволу на знос такіх будынкаў.
На маршруце нарады былі і гандлёвыя аб’екты. Асартымент тавараў у вясковых магазінах прыемна ўразіў: добры выбар круп, макаронных вырабаў, каўбас, рыбы, іншых прадуктаў. Прычым, як у магазінах райпо, так і ў фірменнай краме «Верас», што ў Галаўнінцах, і ў прыватных гандлёвых кропках. Сёння ў вяскоўцаў няма праблемы з пакупкай самых розных тавараў: дастаткова зрабіць заяўку, і ўсё будзе дастаўлена па адрасе. Магазін змешаных тавараў у Галаўнінцах лічыцца лепшым сярод гандлёвых кропак сельскай мясцовасці. Месячная выручка тут складае 220 мільёнаў рублёў.
Удзельнікі выязной нарады не прапусцілі і такі важны аб’ект як кацельня, якая (ужо можна сказаць хутка) будзе забяспечваць цяплом Галаўнінцы, у тым ліку дзіцячы садок, ФАП, іншыя пабудовы культурна-гаспадарчага прызначэння. Падрыхтоўчай работы там яшчэ шмат. Але, як запэўніў галоўны інжынер КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Жук, да 1 кастрычніка кацельня будзе поўнасцю гатова да пачатку ацяпляльнага сезона.
Добра было б тут вырашыць і яшчэ адно пытанне, якое хутчэй падаецца недарэчнасцю, чым праблемай. Побач з кацельняй ужо шмат гадоў стаіць дабротны металічны навес — «помнік» таго, што колішняя задума не ператворана ў жыццё. Ён лічыцца на балансе мясцовай гаспадаркі ЗАТ «Белпрампрыбор», але прымяненне навесу да гэтага часу не знойдзена. А літаральна крокаў за пяць ад яго пад дажджом мокнуць нарыхтаваныя для кацельні дровы. Няўжо нельга дамовіцца?
Сумна глядзець на пустуючыя пабудовы гаспадарчага прызначэння, якія развальваюцца, зараслі бур’яном. Некалі тут быў кансервавы цэх, падсобныя памяшканні, а сёння шугае вецер праз пустыя вокны, усё разбураецца, парасло пустазеллем…
Затое вясёлымі колерамі сустрэла Крывошынская школа, якая старанна падрыхтавалася да пачатку новага навучальнага года. Клумбы, свежападкошаны зялёны газон, абноўленыя класныя пакоі і школьная сталоўка. Дарэчы, такой жа ўрачыста-прыгожай выглядала ў чаканні вучняў і настаўнікаў і Ліпская СШ. У парадку кацельная гаспадарка, размешчаная на тэрыторыі абласной псіхбальніцы. А вось адносна Крывошынскай участковай бальніцы ёсць сур’ёзныя пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Па словах галоўнага ўрача ЦРБ Уладзіміра Усцюшкова, гэтую медустанову рацыянальней было б перапрафіляваць у бальніцу сястрынскага догляду, паколькі жадаючых туды трапіць усё больш, а ложка-месцы ўчастковай бальніцы пустуюць. Але яшчэ больш важна адрамантаваць будынак медустановы: замяніць вокны, падладзіць тынкоўку і г.д.
Падноўлены сёлета Крывошынскі і Ліпскі дамы культуры. Прыгожа выдзяляецца цэнтральная частка аграгарадка Ліпск: кідаецца ў вочы будынак урачэбнай амбулаторыі, дагледжаны дзіцячы садок.
Старшыня Свяціцкага сельвыканкама Святлана Юрасёва расказвала пра сваіх аднавяскоўцаў: у дзвюх вёсках (Навасёлкі і Свяціца) гаспадары трымаюць 70 коней, 100 кароў, шмат вялікіх асабістых падсобных гаспадарак. Лета і восень для тутэйшых жыхароў — час нарыхтоўкі і продажу лясных дароў: чарніцы, суніцы, журавіны, грыбы — добрая падтрымка для сямейнага бюджэту.
Многія вяскоўцы працуюць у СВК «Ліпнянка». Касметычны рамонт будынка зрабілі работнікі Дома культуры, шмат добрых перамен у Свяціцкай СШ. Дарэчы, вучні ў тэатралізаванай форме расказалі гасцям пра сваю вёску, яе гісторыю, знакамітых людзей і пра сённяшні дзень.
На пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў Свяціцкім СДК, пра работу на тэрыторыі сельсаветаў гаварылі старшыні Крывошынскага і Свяціцкага сельвыканкамаў Георгій Буйкевіч і Святлана Юрасёва. Аб узаемадзеянні кіраўніцтва СВК «Ліпнянка» і сельвыканкамаў па пытаннях павышэння ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва і навядзення парадку ў населеных пунктах і на зямлі дакладваў старшыня СВК «Ліпнянка» Уладзімір Варвашэвіч. Прааналізавана работа ўсіх службаў, якія маюць дачыненне да арганізацыі жыццядзейнасці гэтага рэгіёна. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук і старшыня райсавета Яўгеній Юрлевіч падвялі вынікі работы выязной нарады.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *