Так пачынаюцца школьныя гады

І  зноў верасень. Першы дзень восені сёлета быў  надзвычай цёплым для гэтай пары года і сонечным, без адзінай хмаркі. Асаблівы, доўгачаканы, напоўнены радасцю і шчасцем не проста звычайны дзень, а што ні ёсць самы святочны, які аб’ядноўвае і дарослых, і дзяцей. 1 верасня — традыцыйны Дзень ведаў, які сёлета амаль супаў з Днём беларускага пісьменства.

У мінулую суботу ва ўсіх школах горада і раёна, дзіцячых садах, пазашкольных установах, Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы гучала: у добры шлях, рабяты! У добры шлях, дарослыя!»
І адрасаваныя гэтыя словы як 288 першакласнікам, для якіх Дзень ведаў 2012/2013 навучальнага года першы ў жыцці, так і 11-класнікам — для якіх ён апошні, усім вучням (у гэтым годзе за школьныя парты селі 3137 нашы юныя землякі), а таксама важны для педагогаў, дырэкцыі школ, бацькоў. Тым больш, што дарослыя пастараліся, каб навучальныя ўстановы былі поўнасцю падрыхтаваны да 1 верасня. Школы і дзіцячыя сады, абноўленыя, падфарбаваныя, з добраўпарадкаванай тэрыторыяй, нібы застылі ў чаканні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія паспелі за 3 месяцы канікулаў засумаваць па сваім класе, сябрах і настаўніках.
Пачаткам навучальнага года можна лічыць 31 жніўня. Менавіта ў гэты дзень амаль ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі прайшлі святочныя малебны за поспехі ў вучобе. Богаслужэнні ў Крыжаўзвіжанскай царкве правёў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко.
Мора кветак і ўсмешак, словы віншаванняў, госці і спонсары, падарункі і ўзнагароды — ад шчаслівых вачэй і натхнёных твараў вакол столькі святла. Такім Дзень ведаў быў ва ўсе часы, такім і застаецца. Вучні дораць настаўнікам кветкі, з цікавасцю сустракаюцца з аднакласнікамі, абменьваюцца апошнімі навінамі, радуюцца пачатку чарговага падарожжа па краіне ведаў. Якія яны хвалюючыя і запамінальныя, школьныя лінейкі, кожная навучальная ўстанова прапануе нешта новае, арыгінальнае. Педагогі праводзяць цікавыя адкрытыя ўрокі: і сёлета па традыцыі тэма першага гучала ганарова: «Я грамадзянін Беларусі».
Надзвычай урачыста і мнагалюдна раніцай мінулай суботы было ў добраўпарадкаваным, прыгожа аформленым, з мноствам клумбаў, альпійскіх горак і ў кветкавым аздабленні двары Тальмінавіцкай сярэдняй школы. Неяк неўпрыкмет за лета падраслі рабяты, пасталелі (сёлета ў школе будуць вучыцца разумнаму, добраму, вечнаму 72 хлопчыкі і дзяўчынкі). Менавіта на іх прыйшлі паглядзець аднавяскоўцы, парадавацца за маладое пакаленне, раздзяліць свята. Фанфары абвясцілі пачатак урачыстай першавераснёўскай лінейкі. Шмат цёплых слоў у адрас рабят, настаўнікаў і бацькоў сказаў дырэктар школы Мікалай Легеда.
А якое ж свята, тым больш такое важнае і значнае без гасцей. Пранікнёна, шчыра вітаў з новым навучальным годам вучняў і настаўнікаў Тальмінавіцкай СШ старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук: «Дарагія рабяты, ваша галоўная задача — добра вучыцца, каб потым паспяхова авалодаць прафесіяй і працаваць на карысць сябе і сваёй Радзімы, праслаўляючы і ўшаноўваючы нашу прыгожую, гасцінную і міралюбівую краіну». Дзмітрый Бурдук перадаў дырэктару школы дакументы на новы камп’ютарны клас і вылічальны комплекс.
Віталі віноўнікаў урачыстасцей старшыня Куршынавіцкага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч і старшыня СВК «Тальмінавічы» Аркадзій Сакун. Аркадзій Андрэевіч асабліва падзякаваў школьнікам, якія дапамагалі гаспадарцы ўбіраць сёлетні багаты ўраджай, а таксама падзяліўся прыемнай навіной: усе выпускнікі школ, якія будуць вучыцца па накіраванні гаспадаркі ў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійных навучальных установах, будуць атрымліваць ад СВК дадатковую стыпендыю (сёлета такім правам скарысталіся 3 рабят). Аркадзій Сакун уручыў школе лічбавы фотаапарат.
Дарэчы, без падарункаў не засталася ні адна навучальная ўстанова Ляхавіччыны. За кошт сродкаў з раённага бюджэту для школ і пазашкольных устаноў набыты ноўтбукі, інтэрактыўныя дошкі, камп’ютарныя сталы, бытавая тэхніка і музычная апаратура. Падарункі атрымалі і 3 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Не абышлі ўвагай Дзень ведаў спонсары і шэфы, якія прыйшлі на першавераснёўскія лінейкі таксама з падарункамі. Напрыклад, Ляхавіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм набыло для Мядзведзіцкай СШ мультымедыйны праектар коштам каля 5 мільёнаў рублёў, а СВК «Ляхавіцкі» дапамог гэтай школе будаўнічымі матэрыяламі, СВК «Дарава» падарыў мясцовай школе ноўтбук, гэтак жа і СВК «Жарабковічы» для Жарабковіцкай СШ, для Падлескага ДС-СШ — газонакасілку, РСУП «Нача» для мясцовай СШ — мультымедыйны праектар. СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» купіў для Конькаўскага ДС-СШ лінолеум за 8 мільёнаў рублёў. У Ліпскай СШ, дзякуючы выпускніку школы Анатолію Валюкевічу, які цяпер займаецца прыватным бізнесам, з’явіўся новы каляровы прынтар, а СВК «Ліпнянка» больш як на 4 мільёны рублёў аказаў спонсарскую дапамогу. Дарэчы, гэта гаспадарка не абышла ўвагай і Свяціцкую СШ — падарыла фотаапарат. Не застаўся без падарунка і Малагарадзішчанскі ДС-СШ — тут рады лічбаваму фотаапарату ад райаграсэрвіса. Таксама быў багатым на падарункі ад шэфаў святочны дзень у Крывошынскай СШ: прынтары ад СВК «Ліпнянка» і лясгаса, спартыўнае абсталяванне і інвентар ад індывідуальнага прадпрымальніка Эдуарда Свянтэцкага. Для Востраўскай СШ «БелДан» набыў 22 камплекты вучнёўскай мэблі для пачатковых класаў, да 1 верасня заасфальтаваны дарожкі на школьнай тэрыторыі, лясгас падарыў камплект стулаў, а СВК «Востраў-Агра» — канапу. Як заўсёды, не пакінуў без увагі Навасёлкаўскую СШ мясцовы СВК «Шлях новы». Акрамя тэніснага стала для рабят на лінейцы старшыня гаспадаркі Аляксандр Вашчук аб’явіў прыемную навіну. Кожны, хто закончыць чвэрць з адзнакамі 9 і 10, атрымае матэрыяльную дапамогу ў памеры 10 базавых велічынь, а з адзнакамі 8-10 — адпаведна — 5 Б.В. Чым не бонус для вучобы?
…У Тальмінавіцкай СШ першавераснёўская лінейка працягвалася па сцэнарыю.
Далей увага ўсіх пераключылася на галоўных дзеючых асоб гэтага свята — першаклашак. Іх у Тальмінавіцкай школе сёлета 5 — 3 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі. У школьнай форме, з вялікімі букетамі, усмешлівыя, яны зусім не хваляваліся, а з цікавасцю глядзелі на ўсё, што адбываецца, і адразу адчулі, што іх тут чакаюць. Тым больш, што побач таты, мамы і самы важны на бліжэйшыя 4 гады чалавек — першая настаўніца Святлана Ходар. Кіраўнік раёна ўручыў першакласнікам падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу «Беларусь — наша Радзіма», а адзінаццацікласнікі — свае падарункі.
Асаблівы дзень 1 верасня і для 7 выпускнікоў Тальмінавіцкай СШ — гэта год развітання са школай, пераход з дзяцінства ў дарослае жыццё, мары і спадзяванні, якія, так хочацца, каб збыліся. Але ўсё гэта будзе потым, а пакуль яны, як заўсёды, разам са сваім любімым класным кіраўніком Людмілай Юруць давалі наказ першакласнікам.
І вось ён такі доўгачаканы і шчымлівы момант: пад апладысменты прысутных зазвінеў у званок, які абвясціў пачатак новага навучальнага года. Прывітанне, школа! У добры шлях, вучні і настаўнікі! З Днём ведаў, краіна!
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *