Хто першы, той з кармамі

Выкарыстана ілюстрацыя

З дня на дзень аграрыі пачнуць здаваць чарговы экзамен – касавічны. Як падрыхтаваліся сельгаспрадпрыемствы раёна? У райсельгасхарчы паведамілі, што СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача» і ААТ «Жарабковічы» яшчэ тыдзень назад былі гатовы выйсці на зялёныя палеткі за кармавой базай: тэхнікі ў іх дастаткова. Чаго не скажаш пра ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і КСУП «Ліпнянка», дзе адчувальны яе недахоп.
6400 тон сена, 81500 тон сенажу, 142700 тон сіласу трэба назапасіць на зімовы стойлавы перыяд да канца верасня. Першы ўкос хутка пачнецца і ахопіць 11 000 гектараў.
Галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук расказвае, што хоць і ранняя, але халодная вясна не паспрыяла якасці траў. Але цяпер яны набіраюцца сілы, так што ёсць спадзяванне на нядрэнныя паказчыкі. Аднак многае залежыць ад своечасовасці і хуткасці правядзення касавіцы. Чым хутчэй закончыцца першы ўкос, тым больш ураджайным будзе другі этап зялёнай корманарыхтоўкі. А там рукой падаць і да жніва. Атрымліваецца, хто першы – той у выйгрышы.
Скасіць – адна справа. Трэба ўсё гэта закласці на захоўванне. У гаспадарках раёна на балансе 138 сянажна-сіласных траншэй. Пяць траншэй неабходна пабудаваць (за крэдыты і ўласныя сродкі сельгаспрадпрыемстваў) «Шляху новаму», па дзве – «Жарабковічам» і «Начы», па адной – «Ляха-віцкаму» і райаграсэрвісу.
Галіна КАНЬКО.