Сянаж – добры фураж. У сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна працягваецца корманарыхтоўка

Брыгадзір участка № 1 ААТ «Жарабковічы» Максім Мурочак (у цэнтры) з механізатарамі-корманарыхтоўшчыкамі Анатоліем Чаркасам і Андрэем Дзянішчыкам.

Але пры абавязковай умове, што сам сянаж – добры: трава скошана ў пару і належным чынам падрыхтавана пад закладку. Падрыхтоўка траншэі таксама з’яўляецца важным пунктам корманарыхтоўкі. Ну і тэхналогія закладкі – значны кампанент якасці канчатковага кармавога прадукту.

Усё пералічанае і нават больш таго можна даведацца з пашпарта. Такі дакумент заводзіцца на кожную сянажную траншэю, па меры яе напаўнення дапаўняецца новымі звесткамі. Ролю «пашпартысткі», спецыяліста па ўліку і некаторыя іншыя абавязкі па месцы закладкі сенажу ў ААТ «Жарабковічы» выконвае Іна Кудзіна. Гаспадарка, дзе яна працуе кладаўшчыком, на старт кормаўборачнай кампаніі выйшла першай у раёне. Работы вяліся ва ўгоддзях, размешчаных непадалёку ад вёскі Зарытава. Транспартнае «плячо» – шлях ад поля да месца закладкі сянажнай масы на захоўванне – не вялікае. Траншэі размешчаны ў кроках ад аднайменнай малочнатаварнай фермы.
Траншэя пабелена, указана дата правядзення касьбы, калі была зроб-лена першая закладка падвяленай масы. Вільготнасць апошняй, дарэчы, складала 55 працэнтаў, што, як растлумачылі спецыялісты, трапляе ў норму. Зыходная сыравіна – аднагадовыя травы. Як патлумачыў брыгадзір вытворчага ўчастка №1 Максім Мурочак, пад гэтым відам «шыфруюцца» 70 гектараў азімага жыта і з паўсотні – свірэпіцы. Кармавы статус і першага, і другога быў вызначаны яшчэ з восені, на этапе сяўбы.
У планах жарабковіцкіх аграрыяў – сабраць з гэтага палетка два ўраджаі за адзін год. Сянажны мікс з жыта і свірэпіцы – адзін ураджай, кукуруза, уборачны час якой прыйдзе пазней, – другі. Пакуль жа ледзь ці не адразу за корманарыхтоўшчыкамі разгортваюцца работы па падрыхтоўцы плошчаў да будучай сяўбы. Спачатку – унясенне арганікі, затым другое, трэцяе, пятае і – сяўба кукурузы як фінішны акорд веснавога палявога цыкла.
На закладку канкрэтнай траншэі тэхналогія «адпускае» тры дні. Кожная наступная звышлімітная гадзіна – цаной страты якасці канчатковага прадукту. Вось і не распыляюцца вытворчымі магутнасцямі аграрыі, каб упісацца ў тэрміны. У выпадку з «Жарабковічамі» на старт корманарыхтоўчай кампаніі быў кінуты цэлы караван тэхнікі. На падборы з валкоў і здрабненні падвяленай травы задзейнічана пара камбайнаў. Высокапрадукцыйныя, пад кіраваннем умелых механізатараў яны, здавалася, не дазвалялі ні хвіліны прастою трактарам, задзейнічаным на адвозе зялёнай масы. Апошніх, між іншым, працавала аж шэсць адзінак. З трамбаваннем спраўляліся два цяжкія «Кіраўцы», якія і ў начны час не спынялі сваю работу. Кароткая вытворчая паўза для іх здарылася толькі праз няпоўныя трое сутак работы, за якія закладка першай у сезоне сянажнай траншэі была завершана. Але побач з ёй – яшчэ адна, адбудаваная ў мінулым годзе, і «эскіз» трэцяй, завяршыць будаўніцтва якой намечана ў бліжэйшы час. Відавочна, пад перспектыву іншых кармавых патрэбнасцяў, што ўзнікнуць з завяршэннем будаўніцтва тут новай фермы.
Пакідаючы гаспадарку, заўважаем кантралёраў якасці ў асобе спе-цыялістаў Жарабковіцкай участковай ветэрынарнай станцыі. Канчатковы «дыягназ» якасці кармоў будзе пастаўлены пасля лабараторных даследаванняў, але папярэдне – ніякіх заўваг.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.