«Анёл» спяшаецца на дапамогу

Каардынатар баранавіцкага атрада «Анёл» Марыя Скідан і старшы пошукавай групы Дзмітрый Кісель.

Добраахвотны рух «Анёл» па аказанні дапамогі ў пошуку людзей, якія прапалі без вестак, у нашай краіне быў створаны ў 2012 годзе. Сёння больш за тры тысячы чалавек маюць пасведчанні, што яны прайшлі спецыяльнае навучанне, каб трапіць у пошукава- выратавальны атрад. Сярод нераўнадушных атрадаўцаў – і нашы землякі.
Не так даўно далучыўся да руху ляхавічанін Дзмітрый Кісель. Расказвае, калі пачуў, што прапаў двухгадовы хлопчык (у самога такога ж узросту сын), проста не змог праігнараваць. Аказалася, спецыяльны атрад «Анёл» ёсць і ў суседніх Баранавічах. Вырашыў стаць валанцёрам руху. Цяпер ён старшы пошукавай групы.
– Шчыра сказаць, проста захапіўся гэтай справай. Калі ёсць час, магчымасці, жаданне, магу-хачу ехаць са сваімі атрадаўскімі калегамі на месца, дзе патрэбна дапамога «анёлаў». Прыемна, што землякі ахвотна едуць са мной у іншую мясцовасць, каб знайсці чалавека. Напрыклад, у ляхавічаніна Аляксея Коршуна таксама ёсць пасведчанне, што ён з атрада. Наогул жа, далучыцца да пошукаў можа кожны жадаючы, – расказвае Дзмітрый.
Дзякуючы атраду і яго шматлікім сацыяльным інтэрнэтаўскім магчымасцям, інфармацыя пра людзей, якія прапалі, распаўсюджваецца імгненна. Акрамя пошукавых аперацый, прадстаўнікі руху заўсёдныя госці ва ўстановах адукацыі і працоўных калектывах. Нядаўна ў гімназіі сумесна з супрацоўнікамі РАНС расказалі, як не згубіцца ў лесе, і што рабіць, калі сітуацыя выйшла з-пад кантролю.

А цяпер яны запусцілі дабрачынную акцыю «Быць дабрыні». Напачатку чэрвеня ўдзельнікі «Анёла» наведаюць Беларускі дзіцячы хоспіс, каб перадаць яго юным пацыентам сабраныя падчас акцыі рэчы і прадукты.
Маргарыта КУХТА.

Фото аўтара.