Не з нашага поля ягады

Лета пачалося, а з ім – і сезон свежых агародніны, фруктаў і ягад. Смаката, карысць, суцэльная вітамінізацыя! Дзеля гэтага ідзём на рынак, тым больш, што спецыялізаванага магазіна ў Ляхавічах няма – толькі невялікія аддзелы з не заўсёды багатай прапановай у розных гандлёвых кропках.

У першую чаргу на рыначнай   плошчы накіроўваемся ў палатку мясцовага райпо. Асартымент агародніны досыць разнастайны. Як запэўнівае прадавец, агуркі да нас прыязджаюць з Пінска і Століна, памідоры – з Мінска, цыбуля – з Казахстана. Немалаважна, што цана прымальная: кілаграм агуркоў каштуе 1 рубель 35 капеек; памідораў – 3 рублі; капусты – 1 рубель 60 капеек; зялёнай цыбулі – 4 рублі; морквы – 1 рубель 85 капеек; буракоў – 1 рубель 6 капеек; бульбы леташняга ўраджаю – 55 капеек, сёлетняга – 2 рублі 10 капеек.

Што да фруктаў, то іх выбар не надта вялікі. Побач з традыцыйнымі яблыкамі і грушамі прысутнічаюць бананы і апельсіны. Усё –прывазное.

Ёсць чым паласавацца аматарам ягад: з Лунінца прыехала партыя клубніц, за кілаграм якіх трэба аддаць 4 рублі 50 капеек. Але купіць усяго гэтага тут пасля рабочага дня не атрымаецца: райпоўская палатка працуе з 8.30 да 15.00.

Ідзём далей на рынак. Каля ўваходу таксама прапануюць клубніцы. Прадаўцы запэўніваюць, што сабраны яны ў Ляхавічах, з уласнай градкі. І праўда, ягады буйныя, духмяныя, некаторыя – на ўсю далонь. Цана крыху вышэй райпоўскай – 5 рублёў за кілаграм.

Як сонечныя прамяні, у слоічках разліты свежы мёд. Знайсці яго ўдалося ў адным месцы. Кошт паўлітровай ёмістасці мёду гэтага года ў прадаўца-прыватніка – 7 рублёў.

У прыватнай кропцы гандлю прадаюцца персікі, нектарыны,абрыкосы. У акуратныя скрыначкі раскладзена малдаўская чарэшня. Але на чарэшневае задавальненне прыйдзецца раскашэліцца: кілаграм каштуе 13 рублёў 50капеек.

На рынку не знайшла ні кропу, ні пятрушкі, ні шчаўя, ні салата. Здавалася б, сезон, і зяленіва «ажывіла» б любую страву – халаднік, смажаную бульбачку, боршч, чамусьці гэта не ўлічыў рынак.

…А ўсё ж шкада, што спецыялізаваны магазін, які гандляваў садавінна-агародніннай прадукцыяй, бясследна знік. Мяркую, што гэта нязручная акалічнасць уплывае на імідж і якасць гандлёвага сэрвісу.

Ірына КУЗЬМІЧ.