У раскладзе – канікулы

Толькі-толькі адзвінеў апошні ў гэтым навучальным годзе званок, а нашы юныя землякі ўжо актыўна ўключыліся ў адпачынак, які арганізавалі для іх дарослыя. У 11 школах раёна, гімназіі і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з мінулага панядзелка расчынілі дзверы аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем.
Для 530 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыходзяць сюды раніцай, дзень да 16 гадзін насычаны важнымі, цікавымі і карыснымі справамі, пазнавальнымі гульнямі, спаборніцтвамі. Словам, ёсць пра што вечарам расказаць бацькам. Напэўна, многія таты і мамы ўжо чулі пра спартыўную праграму «Летняе падарожжа з лісянём Лесікам», што праходзіць гэтымі днямі ў лагеры СШ №1 (на здымку).

Падобны расклад і ў рабят, якія наведваюць лагер «Каласок», што дзейнічае на базе СДЮШАР. Вось толькі фізкультуры і спорту ў іх «каласковым» жыцці істотна больш, але яны да такога звыклыя, кожны з 62 тутэйшых адпачываючых – навучэнец спартшколы.
Калі змена ва ўсіх лагерах дзённага знаходжання бу-дзе доўжыцца па 22 чэрвеня, то спартыўная ў «Коласе», што кватаруе зараз у «Чайцы», – усяго дзевяцідзёнка. За гэты час тут паспеюць класна адпачыць і рэзультатыўна патрэніравацца 80 юных спартсменаў.
Ужо з 14 чэрвеня ў «Чайку» заедзе новая змена – школьнікі ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў з розных куткоў Ляхавіччыны.
Дарэчы, у раёне дзейнічаюць і два прышкольныя лагеры працы і адпачынку, на наступным тыдні распачнуць работу профільныя адукацыйна-аздараўленчы лагер «Эўрыка» і абаронна-спартыўны «Выратавальнік» на базе Падлескай СШ. Але гэта ўжо нагода для іншай размовы.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.