Раёнка прыехала ў Тухавічы

На чарговы Дзень падпісчыка ў мінулы аўторак «веснікаўцы» адправіліся ў Тухавічы, дакладней – на торфабрыкетны завод. Пабываць на адным з лепшых прадпрыемстваў раёна для газетчыкаў – і цікава, і прыемна, і адказна. Тым больш, што сярод мясцовых жыхароў нямала даўніх і верных сяброў раёнкі: двойчы на тыдзень «ЛВ» прыходзіць па 138 тухавіцкіх адрасах.

Напрыклад, дырэктар ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько, па яго словах, вось ужо чатыры дзесяцігоддзі чытае кожны выпуск «ЛВ» ад першага да апошняга радка. «Мне цікава ўсё. У газеце шмат інфармацыі не толькі пра жыццё Ляхавіччыны, але і падзеі ў вобласці, краіне, свеце», – гаворыць кіраўнік прадпрыемства. І з ім, як пацвердзіў Дзень падпісчыка, згаджаюцца яго калегі.

А «веснікаўцам» прыемна радаваць сваіх чытачоў: кожны, хто аформіў падпіску, акрамя абанемента атрымаў і сувенір.

Шчыры дзякуй за супрацоўніцтва і падтрымку і работнікам АПС Тухавічы – начальніку Ганне Грэсавай і паштальёну Ірыне Дуброўка, якія амаль штодня спяшаюцца да сваіх землякоў са свежымі газетамі і часопісамі, паштоўкамі і пісьмамі. Ганна Грэсава ў паштовай справе больш за два дзесяцігоддзі, Ірына Дуброўка – чатыры гады. Разам – яны хоць і невялікая, але дружная і зла-джаная каманда. А прызнанне лепшым сельскім аддзяленнем паштовай сувязі па Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнах па выніках за першае і другое паўгоддзе 2018 года – таму яскравае пацвярджэнне.

Падпісная кампанія прадаўжаецца. Яшчэ не аформілі абанемент на «ЛВ»? Паспяшайцеся, не адкладвайце на потым тое, што можна зрабіць цяпер.