Ляховичи: «эликсир молодости» от райпо

Набліжаецца да заканчэння сезон восеньскіх нарыхтовак. З якімі вынікамі да зімы ідзе Ляхавіцкае райпо?
Па словах начальніка аддзела нарыхтовак Віктара Скіндзера, сёлета для рэалізацыі ў гандлёвай сетцы закуплена ў насельніцтва 4 тоны журавін — «эліксіра маладосці», як іх некалі называў Пётр I. Больш нарыхтоўкай гэтай ягады райпо не займаецца — сцвярджаюць, што няма збыту.
Традыцыйна насельніцтва здае капусту — закуплена 245 тон. Частку адправяць на перапрацоўку на кансервавы завод, рэалізуюць у магазінах райпо і падчас выязнога гандлю, 25 тон будзе закладзена ў стабілізацыйны фонд (для бесперабойнага забеспячэння насельніцтва сельскагаспадарчай прадукцыяй у міжсезонны перыяд).
Нарыхтавана 49 тон цыбулі, па 16 тон морквы і буракоў, 187 тон бульбы, 4560 тон яблык. Частка агародніны і садавіны будзе закладзена на зімовае захоўванне. Дарэчы, падчас восеньскіх кірмашоў райпо толькі ў Ляхавічах нагандлявала 60 мільёнаў рублёў, а продаж нашай прадукцыі на кірмашы ў Мінску працягнецца да 11 лістапада.
Па традыцыйных нацыянальных рэцэптах нарыхтоўшчыкі засалілі 5,6 тон памідораў, 21 тону агуркоў, амаль 500 кілаграмаў грыбоў, 2 тоны яблыкаў. Пакаштуем, як атрымалася, — усё гэта абяцаюць паставіць у продаж.
Маразы не страшныя, калі зроблены запасы на зіму. Толькі б захаваўся ўраджай і не страціў сваіх карысных уласцівасцяў. Вітаміны патрабуюцца штодня, асабліва ў халодную пару года. Такім чынам, экзамен па забеспячэнні якаснай вітаміннай прадукцыяй «мясцовага паходжання» райпоўскі гандаль будзе здаваць да вясны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *