Ляхавіччына:разам з пажарнымі, спецыялістамі аддзела адукацыі ўдзел у прафілактычным рэйдзе прыняў карэспандэнт «ЛВ»

Кожны раз на тыдні гэты дзень з’яўляецца адзіным прафілактычным адносна захавання грамадзянамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі заканадаўчых нормаў і правілаў пажарнай бяспекі. Ды і проста прытрымлівання здаровага сэнсу ў дачыненні ўсяго таго, што ўяўляе сабой патэнцыяльную вогненебяспеку. Работа на папярэджанне надзвычайных сітуацый з’яўляецца для Ляхавіцкага РАНС адным з пастаянных штатных прыярытэтаў. Але ў максімальна канцэнтраваным выглядзе, найбольш інтэнсіўна і з выкарыстаннем не штодзённых схем праводзіцца іменна ў сераду.
Курыць шкодна. У нецвярозым стане ў ложку — смяротна небяспечна
У нашым выпадку за «нештодзённасць» схемы можна разглядаць факт сумеснага рэйдавага выезду на многія адрасы раёна для кантролю, аказання кансультатыўнай дапамогі, псіхалагічнага ўздзеяння, а то і пакарання рублём не асабліва ашчадных выканаўцаў правілаў пажарнай бяспекі. Ляхавіцкі РАНС — у якасці лакаматыва, яму ў дапамогу — спецыялісты аддзела адукацыі райвыканкама, а таксама прэса з уласцівымі ёй функцыямі.
Гаварыць пра тэндэнцыю ўстойлівага зніжэння колькасці пажараў на тэрыторыі раёна не даводзіцца. З’яўляючыся безумоўнай вялікай бядой, у выпадку гібелі чалавека нават самы малы пажар становіцца непапраўнай трагедыяй. І, на вялікі жаль, не такой ужо і рэдкай. На працягу апошніх 5 гадоў у пажарах на тэрыторыі раёна загінуў 31 чалавек: у 2008 — 4, 2009 — 8, 2010 — 7, 2011 — 8. У пажарах гэтага года (29) загінулі чацвёра. Амаль у палове выпадкаў прычынай пажараў станавілася неасцярожнае абыходжанне з агнём. Кожнае чацвёртае ўзгаранне адбылося з-за невыканання правілаў пажарнай бяспекі пры ўладкаванні і эксплуатацыі цеплагенеруючых агрэгатаў і канструкцый. Тое ж, але ў дачыненні электрычных сетак, стала трэцяй па колькасці прычынай узнікнення пажараў. Мелі месца і падпалы, па прычыне якіх у раёне здарылася 7 працэнтаў пажараў. Што да трагічных момантаў, то прычына іх адна — неасцярожнае абыходжанне з агнём ці, з расшыфроўкай кажучы, курэнне ў ложку ў нецвярозым стане.
Пачатак ацяпляльнага сезона дабаўляе работы падраздзяленням вогнеборцаў. Фактараў некалькі. Здараецца, што няспраўнасці ацяпляльнага абсталявання скрытыя, а то і цалкам відавочныя «балячкі» праяўляюцца іменна на стадыі пачатку эксплуатацыі. «Напрыклад, у мінулым годзе ў кастрычніку здарыўся рэзкі скачок, — гаворыць начальнік РАНС Валерый Равінскі, — калі на працягу месяца ў раёне адбылося 10 пажараў. Былі загінуўшыя. Цяпер усё намнога лепш, сітуацыя складваецца куды больш аптымістычна. Узгаранняў у жылым сектары не здаралася, лічу, яшчэ і таму, што нядрэнна спрацавалі па прафілактыцы”. Хочацца дабавіць: адрасна і пры ўдзеле іншых раённых службаў і ведамстваў. Спецыяльныя камісіі пры сельвыканкамах абследавалі домаўладанні грамадзян, якія выхоўваюць малых дзяцей. У цэлым работа праведзена, аднак, не ўсюды аднолькава добра.
Ведамасныя шматкватэрныя дамы, трухлявыя, пустуючыя пабудовы напярэдадні сезона былі абследаваны спецыялістамі камунальнай гаспадаркі на прадмет абмежавання доступу ў падвальныя памяшканні, на паддашак. Прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сумесна з камісіямі сельвыканкамаў з мэтай прафілактыкі пажараў пабывалі ў дамах адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян, інвалідаў, людзей сацыяльна неўладкаваных.
«На бяседу»
На мове пажарных гэта называецца «адпрацоўка жылога сектара». Для першай бяседы накіроўваемся ў вёску Альхоўцы. На пытанне, чаму населены пункт «заслужыў» такую ўвагу, інспектар інспекцыі дзяржпажнагляду РАНС Андрэй Манчук паведамляе: выпадкі пажараў на тэрыторыі гэтага сельсавета апошнім часам пачасціліся. У Альхоўцы інспектары наведваюцца штомесячна, а то і часцей. Абавязкова — да грамадзян, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы: пражываюць адзінока, злоўжываюць спіртным і пасля чаркі-другой могуць дазволіць сабе прылегчы з запаленай цыгарэтай. Некаторыя ўжо былі фігурантамі ў зводках РАНС. Усе яны «на спіску»: паімённа, паадрасна і па кожным населеным пункце раёна.
Яшчэ да таго, як зайсці да аднаго такога суб’екта пастаяннага кантролю, інспектары звяртаюць увагу на складзеныя ўшчыльную з домам дровы. Гэта ўразрэз з правіламі пажарнай бяспекі. Падчас сваіх ранейшых візітаў інспектары рабілі гаспадару заўвагі, звярталі ўвагу на неабходнасць падрамантаваць печ. Прыслухаўся, паправіў і асаблівых нараканняў з нагоды на гэты раз не пачуў. Рабочым аказаўся і замацаваны на столі аўтаномны пажарны апавяшчальнік (АПА). Хоць, канешне, відовішча ў пакоі не з прыемных: не прыбрана, бутэлькі валяюцца… Пастаяннай работы грамадзянін не мае. Між тым, па словах Андрэя Манчука, мужчына — кваліфікаваны спецыяліст, валодае вельмі запатрабаванай высокааплатнай прафесіяй.
На бяседу ў неўладкаваныя сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці, накіроўваемся ў суправаджэнні спецыялістаў аддзела адукацыі райвыканкама. Адрасы — Галаўнінцы, Навасёлкі Свяціцкага сельсавета, Ліпск, Заліпенне, Тальмінавічы, Русінавічы. Большасць з наведаных у той дзень сямей — шматдзетныя. У адносінах да некаторых бацькоў камісія па справах непаўналетніх райвыканкама ў розны час прымала рашэнні аб часовым адабранні дзіцяці з сям’і. Былі на тое істотныя прычыны, якія, у выпадку непрыняцця належных і тэрміновых мер з боку органаў апекі, маглі б адбіцца на фізічным здароўі дзетак, іх псіхалагічным самаадчуванні. Як, напрыклад, у адным з выпадкаў, калі ў пачатку халадоў у доме заставалася няспраўным ацяпляльнае абсталяванне.
Падчас рэйду спецыялісты аддзела адукацыі цікавіліся, у літаральным сэнсе, пагодай у доме: ці цёпла, наколькі дастатковымі з’яўляюцца паліўныя запасы той або іншай сям’і, якая забяспечанасць прадуктамі харчавання, якія ўмовы створаны для вучобы і адпачынку школьнікаў. На ўсё тое, калі адным словам сказаць, без чаго дзяцінства не можа быць не толькі шчаслівым, але і проста быць.
Пажарная служба асаблівых парушэнняў не выявіла, нараканняў не выказала.
Вучэбная трывога для вучняў
Эпізод, пра які ніжэй, таксама праходзіў у шэрагу мерапрыемстваў адзінага дня прафілактыкі. Адносна правільная назва яму — адпрацоўка планавай эвакуацыі на выпадак узнікнення ўзгарання. У якасці аб’екта, на якім — па легендзе — адбылося ўзгаранне, была абрана сярэдняя школа № 2. У класах знаходзілася 360 вучняў, настаўнікі, абслуговы персанал.
Сігналам пажарнай трывогі, што у даным выпадку абсалютна лагічна, з’яўляецца званок. Дакладней, для кожнага з паверхаў школы свая камбінацыя званкоў. З улікам архітэктурна-канструктыўных асаблівасцяў будынка, мяркуемага ачага ўзгарання распрацаваны таксама маршруты эвакуацыі. Гэта ў тэорыі, моц якой правяраецца і, як у выпадку з СШ № 2, пацвярджаецца практыкай.
«Вучэбная эвакуацыя прайшла даволі арганізавана, спакойна, немітусліва. Адным словам, ніякіх заўваг. З моманту падачы сігнала і да завяршэння эвакуацыйных дзеянняў прайшло менш як 5 мінут. Хаця для канкрэтных умоў і 7 мінут было б выдатным вынікам. Дзеянні ацэньваю на «дзясятку» па дзесяцібальнай шкале», — падвёў вынік Андрэй Манчук.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *