Ляхавіччына не засталася ў баку ад шырокамаштабнай акцыі па добраўпарадкаванні

Каля чыгуначнага вакзала — чысціня

З 15 кастрычніка па 15 лістапада на Брэстчыне праходзіць месячнік па ўборцы тэрыторый. Ляхавіччына не застаецца ў баку ад гэтай шырокамаштабнай акцыі па добраўпарадкаванні. Дбайныя гаспадары адразу ўзяліся за справу, работа па навядзенні чысціні закіпела на тэрыторыях многіх прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, у грамадскіх месцах, зонах масавага адпачынку, лясных і гаражных масівах, садаводчых таварыствах, у дварах шматкватэрнікаў і каля ўласных сядзіб.
Канешне, ідэальна было б, каб кожны паўдзельнічаў у месячніку. Як адбываецца на самай справе, пераконваліся ў мінулы панядзелак падчас рэйду, з удзелам начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Баргамона, галоўнага архітэктара раёна Андрэя Краеўскага, санітарнага ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Віталія Дзегцярова і карэспандэнта «ЛВ». Надвор’е асабліва не спрыяла, але ў амаль што бесперапынным дажджы быў і свой плюс — недапрацоўкі і беспарадак сталі асабліва бачнымі, а не схаванымі пад снегам.
Першая лыжка дзёгцю знайшлася на гарадскім стадыёне Колас»: сярод апалага лісця, акуратна складзенага ў кучы, узвышалася гара пустых бутэлек, рэшткаў упаковачнай тары і г.д.
У гаражным масіве па вуліцы Юбілейнай на першы погляд чыста, прыбрана. Але каля кантэйнераў са смеццем — пустазелле ў рост чалавека, вакол насмечана.
На гэты раз без заўваг у гаражных масівах па вуліцы Южакова.
Па дарозе на прамзону нельга не заўважыць, што ў двары дома № 24 па вуліцы Арлоўскага складаваныя горы смецця, рэшткаў агароднага ўраджаю, мяхі з адходамі і г.д. Гэтае месца жыльцы шматпавярховіка «аблюбавалі» пад смеццябазу. Няўжо самім прыемна? Як адзначыў Віталій Дзегцяроў, жыхарам гэтага дома летам выдавалася прадпісанне на ўхіленне выяўленых парушэнняў. Аднак, гара бруду расце.
Наступны прыпынак рэйдавай брыгады — чыгуначны вакзал. Тэрыторыя яго, без перабольшвання, — у ідэальным стане. Вакол чыста, нібы толькі што памылі мыйнымі сродкамі, кусты падстрыжаны, як пад лінейку, будынак вакзала пафарбаваны. Раней такія аб’екты ўпрыгожвала шыльда «Тэрыторыя ўзорнага парадку». Вось бы ўсім пераняць прыклад!
Сапраўднымі гаспадарамі хочацца назваць і тых, хто працуе на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, ПМК-17, ПМК-13, райветстанцыі. Клапоціцца пра парадак на сваёй тэрыторыі і прыватная фірма «Цвірко і К». Здаецца, глядзі і радуйся. Аднак, у некалькіх сотнях метраў за тэрыторыяй ПМС трапляеш на вялікую несанкцыянаваную звалку. Сярод бур’яну і пустазелля «паляна» смецця, бытавых і будаўнічых адходаў і г.д. Некалі тут была нафтабаза ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Па словах Сяргея Баргамона, менавіта гэтае прадпрыемства павінна сачыць за парадкам на падведамаснай тэрыторыі.

Несанкцыянаваная звалка на месцы былой нафтабазы

Новы мікрараён па вуліцы Інтэрнацыянальнай каля гімназіі не можа не радаваць. Жыхарам утульна і камфортна ў новых кватэрах, чыста і вакол шматпавярховікаў, па-сучаснаму аформлены прыдамавыя тэрыторыі, клумбы і дзіцячыя пляцоўкі. Жыхары дамоў-«старажылаў» №№15 і 17 раўняюцца на навасельцаў і падтрымліваюць парадак. Толькі вось знайшоўся нехта, хто выкінуў смецце пад адзінокае дрэва. Між іншым, за гэта можна атрымаць штраф у памеры ад 200 тысяч рублёў. Дарэчы, такую карціну ўбачыш не толькі тут, а, напрыклад, каля дома № 5 а па завулку Южакова. Камунгасаўцы навялі ў мікрараёне парадак. Але, ”дзякуючы” вось такім нядобрасумленным жыльцам, то тут, то там з’яўляюцца сметнікі, што псуюць агульную карціну добраўпарадкавання.
А што датычыцца вуліцы Інтэрнацыянальнай, то прэтэнзіі ёсць да будаўнікоў: на пляцоўцы, дзе ўзводзіцца новы ЖБСК, несвоечасова прыбіраецца смецце, хаця, згодна праектнай дакументацыі, яно павінна складавацца ў спецыяльна адведзеным месцы.
Пабывала рэйдавая брыгада ў Падлескім і Навасёлкаўскім сельсаветах, асаблівую ўвагу звяртаючы на стан могілак і ведамасных тэрыторый сельгаскааператываў. Па іншых аб’ектах заўваг не было. А вось што датычыцца могілак у Шавялях, Навасёлках, Пранчаках і Вялікай Лотве, то ўсюды давялося бачыць кучы смецця і ў кантэйнерах, і на пляцоўках вакол іх. Узнікае пытанне: чаму сельвыканкамы не паклапаціліся пра своечасовы вываз смецця?

Такі «пейзаж» у двары дома №24 па ву-ліцы Арлоўскага

Хочацца верыць, што гэты матэрыял з фотаздымкамі разбудзіць сумленне некаторых землякоў. Дарэчы, калі выгляд прыватных сядзіб будзе выклікаць сур’ёзныя нараканні, гаспадары і карыстальнікі неахайных участкаў могуць атрымаць штраф. Згодна артыкула 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў прадугледжаны штраф у памеры ад 4 да 25 базавых велічынь.
Станоўчых і негатыўных прыкладаў можна прыводзіць безліч. Іх убачыш літаральна на кожнай вуліцы райцэнтра ці любой вёскі. Іх аўтары — мы з вамі. Так хочацца, каб кожны з нас, шаноўныя землякі, быў сапраўдным гаспадаром — акуратным, ашчадным і дбайным. Каб і сабе прыемна, і людзям.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *