Вёска іх жыцця. Сярод удзельнікаў Рэспубліканскага форума сельскай моладзі — і прадстаўнікі Ляхавіцкага раёна

Механізатар Павел Канцылярчык (ЗТАА «БелДан») і вадзіцель Юрый Прышчэпа (ААТ «Жарабковічы») –
удзельнікі Рэспубліканскага форуму сельскай моладзі.

На Рэспубліканскі форум сельскай моладзі, які прайшоў  напрыканцы  верасня, з усёй краіны з’ехаліся працаўнікі АПК і прамысловасці, прадстаўнікі сацыяльнай сферы, прадпрымальнікі –  тыя, для каго вёска з’яўляецца месцам працы і жыцця, хто любіць родную зямлю і жадае, каб яна квітнела

Сярод членаў брэсцкай дэлегацыі – і нашы землякі Павел Канцылярчык (ЗТАА «БелДан») і Юрый Прышчэпа (ААТ «Жарабковічы»). Тым, хто ўважліва сачыў за зводкамі з палёў падчас уборкі, прозвішчы гэтых працаўнікоў вядомы –  яны ўпрыгожвалі раённую жніўную Дошку гонару. Праўда, да статуса перадавікоў самі ставяцца спакойна, адзначаюць, што стараюцца адказна рабіць сваю справу не дзеля ўзнагарод.

Для Паўла Канцылярчыка гэта ўборачная сёмая. І адметная. На цырымоніі адкрыцця форуму камбайнер «БелДана» названы сярод пераможцаў бээрэсэмаўскага праекта «Моладзь – за ўраджай!» у намінацыі «маладзёжны экіпаж, які дасягнуў найбольшага намалоту» і ўзнагароджаны спецыяльным дыпломам III ступені ЦК БРСМ. Сёлета на рахунку Паўла – 2626 тон намалочанага збожжа пры ўраджайнасці 32,6 цэнтнера з гектара. Працаўнік універсальны: вясной-восенню на трактары засявае поле, летам на камбайне жне, а зімой накручвае кіламетры на МАЗе.
– Праграма форуму была насычанай і дынамічнай. Давялося працаваць на секцыйнай пляцоўцы «Сельская гаспадарка». Пабывалі на агракамбінаце «Ждановічы». Пазнаёміліся там з цяплічнай гаспадаркай, тамтэйшай малочнатаварнай фермай, з сацыяльнай інфраструктурай прадпрыемства. Цікава было паслухаць пра падтрымку маладых работнікаў. Прыняць удзел у мерапрыемстве такога ўзроўню пазнавальна. А яшчэ заўсёды карысна абмяняцца вопытам з калегамі з іншых рэгіёнаў, абмеркаваць надзённыя пытанні – тэм для размовы хапае, – дзеліцца Павел.
Сертыфікат удзельніка форуму атрымаў і Юрый Прышчэпа. На жніве ён сёмы сезон працаваў вадзіцелем – дастаўляў збожжа на элеватар. Колькі такіх хлебных рэйсаў зрабіў за гэты час – і не падлічыш. Вынік гэтага жніва – 2778 перавезеных тон. Адзначае, што ў сельскай гас-падарцы ён свой і добра ведае цану вырашчанага хлеба. Сёлета, акрамя перадавога статуса, атрымаў яшчэ больш важкі – стаў мнагадзетным бацькам. Віншуем!
На форуме Юрый быў задзейнічаны ў секцыі «Моладзь». Расказвае, што на сустрэчы гаварылі і пра тое, як падняць прэстыж сельскагаспадарчай прафесіі, што моладзь павінна быць больш ініцыятыўнай, рухацца наперад і не спыняцца ў развіцці. Вялікае ўражанне пакінула экскурсія на завод «Белджы».
Другі дзень форуму завяршыўся фіналам рэспубліканскага праекта «Уладар вёскі», і нашы землякі сталі яго гледачамі. Хто ведае, можа ў наступным годзе прадстаўнікі менавіта Ляхавіцкага раёна будуць выступаць на рэспубліканскай сцэне.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва Паўла Канцылярчыка.