В Ляховичском колледже учат любить свою профессию, быть хозяином на своей земле

За гады існавання ў Ляхавічах навучальнай установы сельскагаспадарчага профілю больш за 13 тысяч яе выпускнікоў папоўнілі рады спецыялістаў АПК. І сёння многія з іх паспяхова працуюць у сельгасарганізацыях не толькі Ляхавіччыны і Брэстчыны, але і далёка за межамі вобласці. Нямала — на кіруючых пасадах.
Зараз на трох аддзяленнях Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа юнакі і дзяўчаты пры дапамозе кваліфікаваных і творчых педагогаў набываюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і прафесію агранома, плодаагароднінавода, заатэхніка і ветфельчара. З мінулага навучальнага года на базе ЛДАКа — структурнага падраздзялення Баранавіцкага дзяржуніверсітэта — атрымліваюць вышэйшую адукацыю студэнты інжынернага факультэта БарДУ — будучыя аграномы і зааінжынеры.
Нельга даць поўнае і праўдзівае ўяўленне пра будучую прафесію, не выходзячы з вучэбных аўдыторый, перакананы дырэктар каледжа кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Сельмановіч. Таму самая пільная ўвага ў ЛДАКу надаецца развіццю і ўдасканаленню базы практычнага навучання. Сёння яна размяшчаецца на 400 гектарах зямлі (333 з якіх — сельгасугоддзі).
У вучэбнай гаспадарцы ёсць калекцыйна-доследнае поле, сад з пладовым гадавальнікам, ферма БРЖ і свінаферма, цяпліца і пчальнік, ветклініка і аўтатрактарадром — усё для таго, каб з першых семестраў вучобы будучыя спецыялісты-аграрыі маглі прымяняць набытыя веды на практыцы, адпрацоўваць навыкі і ўменні.
Безумоўна, спаборнічаць па валавой вытворчасці прадукцыі з сельгаспрадпрыемствамі, нават не самымі буйнымі, каледж не можа. Але ж зусім не гэта яго задача. А вось паказаць майстар-клас не толькі сваім навучэнцам, але і калегам-сельгасвытворцам — тое, што трэба. І тое, што сапраўды атрымліваецца.
Так, у вучгасе невялікі дойны статак — усяго 75 галоў. Затое паказчык надою на карову — лепшы ў раёне: за 10 месяцаў ён склаў 6453 кілаграмы малака (на 68 больш, чым за гэты ж час летась).
Так, ворыва ўсяго крыху больш за 200 гектараў. Але ж кожны з іх сёлета расшчодрыўся на 61,3 цэнтнера зерневых і зернебабовых. І гэта — не падарунак нябёсаў, а заканамерны вынік планамернай работы, захавання агратэхнікі. Ды і тэхнічнае абнаўленне адыгрывае пэўную ролю: за апошнія гады ў машынна-трактарным парку каледжа з’явіліся новы камбайн, набыты па лізінгу, энерганасычаны трактар «Беларус 1523», іншая тэхніка.
А яшчэ, і гэта вельмі важна, у каледжы вучаць любіць сваю прафесію, быць гаспадаром на сваёй зямлі — на любой пасадзе і ў любым месцы.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *