Дзмітрый Бурдук, старшыня раённага выканаўчага камітэта:моцная вёска — моцная дзяржава

Золата жніўных палёў змянілася золатам лістапада. Менавіта ў гэты час першымі стары год — сельскагаспадарчы — у Беларусі праводзяць аграрыі. У трэцюю нядзелю апошняга восеньскага месяца вёска-імянінніца ў цэнтры сусвету: напрацавалася — сеяла, даглядала, убірала, будавала… І вось надышла пара падагуліць вынікі сваіх намаганняў. Хроніка вытворчых падзей уразлівая і красамоўная.

Жніво-2012 на Ляхавіччыне вызначылася намалотам 78,1 тысяч тон зерня (без уліку кукурузы) пры самай высокай на Брэстчыне ўраджайнасці — 47,9 цэнтнера з гектара. Самы важкі колас вырашчаны ў СВК «Шлях новы» —70,7 цэнтнера з гектара, «Ляхавіцкі» — 67,8, «Жарабковічы» — 63,4 (у эквіваленце з 1 бала-гектара атрымана, адпаведна, 212,6 кілаграма, 231,2 і 139,4).
Перамога ніколі не бывае лёгкай. Сёлета наш раён у абласным спаборніцтве заняў першае месца па вытворчасці піваваранага ячменю, другое — на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, трэцяе — па вытворчасці цукровых буракоў. Пацвердзілі сваю высокую прафесіянальную вартасць кіраўніцтва, спецыялісты, працоўныя калектывы СВК «Ляхавіцкі», які на рэспубліканскіх дажынках адзначаны трэцім месцам у вытворчасці зерневых і зернебабовых культур, і СВК «Шлях новы» — абсалютны лідар у аналагічнай намінацыі абласнога спаборніцтва і трэці — па вытворчасці піваваранага ячменю.
Ва ўборачнай было задзейнічана 76 камбайнаў, больш як 120 грузавых аўтамабіляў, 33 зернесушыльныя комплексы і, самае галоўнае, людзі, якія бязмежна любяць зямлю, шчыруюць на ёй самааддана, умеюць расціць хлеб надзённы. Сучасныя тэхналогіі, высокаўраджайныя сарты, прадукцыйная тэхніка прыносяць жаданы плён. І ўсё ж сярод галоўных складальнікаў поспеху — суб’ектыўны фактар. Сёлета 26 экіпажаў зернеўборачных камбайнаў намалацілі звыш 1000 тон збожжа кожны, з іх шасцёра — больш як па паўтары тысячы тон. Хлебаробы — людзі асаблівай загартоўкі. Уборачная — трыумф іх працы, але пачатак — ад своечасовага ўзняцця зябліва, запраўкі глебы да сяўбы і догляду раслін — не менш важны, не менш напружаны, не менш адказны этап. Літаральна ўсім, чыёй працай і клопатам вырашчаны сёлетні выдатны ўраджай, дзякуй і нізкі паклон.
Бульбаводы раёна накапалі 15 тысяч тон клубняў. Пры сярэдняй раённай ураджайнасці 273 цэнтнеры з гектара ў «Ляхавіцкім» — 368. Гэта гаспадарка паклапацілася пра належныя ўмовы захоўвання другога хлеба — тут зроблена рэканструкцыя будынка склада пад бульбасховішча ёмістасцю 1000 тон.
Плантацыі цукровых буракоў сёлета далі 82,8 тысяч тон салодкіх караняплодаў. На фоне высокай сярэднераённай ураджайнасці ў 544,5 цэнтнера з гектара ўразліва выглядае паказчык СВК «Жарабковічы» — 623,1.
Што датычыць жывёлагадоўчай галіны, то галоўная падзея гэтага года — рэканструкцыя і мадэрнізацыя старых малочнатаварных фермаў. У нас такіх аб’ектаў 11. Пакуль, таму што работа ў даным напрамку будзе працягвацца. Найбольш вынікова спрацавалі СВК «Шлях новы» і «Ляхавіцкі». Дарэчы, некаторыя кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый аднесліся да пытання рэканструкцыі МТФ з недастатковым асэнсаваннем важнасці і актуальнасці мадэрнізацыі. А дарма. На парадку дня — укараненне новых тэхналогій малочнай вытворчасці, ад чаго залежыць і колькасць, і якасць атрыманай прадукцыі. Галоўнае — палепшыць умовы працы жывёлаводаў. Мы рашылі толькі частку задачы, астатняе — расклад на заўтра.
За 10 месяцаў сёлета вытворчасць малака ў раёне склала 44 тысячы тон (105 працэнтаў да леташняга ўзроўню), надой на карову — 4213 кілаграмаў. Самы высокі паказчык у ЛДАКу (6453), СВК «Ляхавіцкі» (6131), «Шлях новы» (4855). Патэнцыял развіцця вялікі, ёсць на каго раўняцца, ёсць да чаго імкнуцца, тым больш, што мадэрнізацыя вытворчасці гэтаму спрыяе.
Укараненне сучасных тэхналогій у мясной жывёлагадоўлі — не выключэнне. Даволі даказальны ў гэтым сэнсе ўвод у эксплуатацыю ў 2009 годзе новага свінакомплексу ЗТАА «БелДан». На рахунку прадпрыемства сёлета 46,1 працэнта ад усёй прададзенай раёнам жывёлы. А разам з ЗАТ «Белпрампрыбор» агульная доля рэалізацыі мяса з гэтых двух прадпрыемстваў склала 62,1 працэнта ад агульнараённага паказчыка. Маштабы дзейнасці ілюструюць сэнс работы і вытворчасці па новых тэхналогіях.
Дарэчы, створаная інфраструктура і інжынерныя сеткі «БелДана» дазваляюць больш чым удвая павялічыць вытворчую магутнасць. Рашэннем райвыканкама атрыманы дазвол на правядзенне праектных работ па расшырэнні існуючага аграпрадпрыемства да вытворчай магутнасці 100 тысяч галоў фінішораў у год.
Многія перамены чакаюць сельскагаспадарчую галіну ў бліжэйшай перспектыве. Зацверджана дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця вёскі да 2015 года, якая аб’яднала 19 праграм развіцця АПК і на першы план паставіла задачу павышэння эфектыўнасці галіны. У гэтай пяцігодцы разам з ростам аб’ёмаў вытворчасці не менш чым у паўтара разы плануем рэнтабельнасць продажу давесці да 10 працэнтаў. Рэзервы ёсць. На новых фермах зніжаны затраты працы. Але расход кармоў на адзінку прадукцыі яшчэ высокі — дзе з-за іх нізкай якасці, дзе з-за недастатковага кантролю за кармленнем жывёлы. Асабліва высокі расход кармоў пры вытворчасці ялавічыны. А мяса і малако, вядома, — аснова эканомікі кожнага сельгаспрадпрыемства. Таму і ўстанавілі штогадовае заданне па росту пагалоўя кароў. Трэба абавязкова дасягнуць трываласці і стабільнасці.
У агульнай справе з аграрыямі задзейнічаны і прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці АПК. Даўно і трывала імідж паспяховага стварыў і па праву падтрымлівае СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», чыя прадукцыя вызначаецца выдатнай якасцю і карыстаецца попытам. Узорная мадэрнізацыя вытворчасці, выдатныя ўмовы працы, бесперапыннае развіццё і расшырэнне геаграфіі паставак у сукупнасці з заслужанымі адзнакамі дасягненняў калектыву (адна толькі прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, якой удастоены наш малочны завод, многага вартая) — вось з чаго складаецца смак і запатрабаванасць брэнда «Ляхавічок»!
Станоўчы вопыт стваральнай дзейнасці напрацаваны на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», дзе здолелі абнаўляць класічны асартымент адначасова з укараненнем тэхналагічных навацый, мадэрнізацыяй вытворчасці і ўдалым дапаўненнем паспяховасці за кошт сыравіны, вырашчанай на падсобнай гаспадарцы прадпрыемства.
Многага чакаем і ад мадэрнізацыі мясцовага льнозавода.
Калі спыніцца і азірнуцца на пройдзенае сёлета, яшчэ больш відавочным становіцца: мы на правільным шляху. Дасягнутыя поспехі абнадзейваюць і натхняюць; патэнцыял патрабуе дзейсных намаганняў, ініцыятывы і актыўнасці; планы і прагнозы развіцця — граматнага рашэння і гаспадарскага падыходу. У нас ёсць сучасная матэрыяльна-тэхнічная база. Але ўсё ж самае галоўнае — працавітыя руплівыя кадры. І вызначальная акалічнасць — дзяржаўная палітыка, якая накіравана на павышэнне эфектыўнасці аграрнай галіны і дабрабыту вяскоўцаў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пабываць у любым з аграгарадкоў раёна: жыве вёска! А моцная вёска — моцная дзяржава.
Са святам, дарагія работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *