Мяккая сіла. Як і анансаваў «Ляхавіцкі веснік», на працягу мінулых пятніцы і суботы ў СДЮШАР раёна давалі дзюдо

Як і анансаваў «Ляхавіцкі веснік», на працягу мінулых пятніцы і суботы ў СДЮШАР раёна давалі дзюдо. Чарговы турнір памяці ўраджэнца вёскі Крывошын Сяргея Свянтэцкага, чый подзвіг адзначаны ордэнам «За асабістую мужнасць», прайшоў у абставінах аншлагу.

Каля дзвюх з паловай соцень удзельнікаў узростам ад 9 да 16 гадоў з 14 гарадоў і раёнаў выходзілі на татамі ў імкненні даказаць прыцягальную сілу гэтага віду адзінаборства.
Перш чым пачуць судзейскае «пачынайце!», дзюдаісты пастроіліся на ўрачыстую цырымонію адкрыцця спаборніцтваў. Кветкі для самага ганаровага госця дня – маці героя Алы Іванаўны. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў турніру, прадстаўнікоў каманд, гледачоў звярнуліся намеснік камандзіра вайсковай часці, дзе служыў і навечна застаўся ў страі радавы Свянтэцкі, Сяргей Вольніч. Удалага выступлення пажадала юным спартсменам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Не ўпершыню публіку перад спаборніцтвамі, якія праходзяць у залах СДЮШАР нашага раёна, «запальваюць» удзельніцы танцавальна-спартыўнага клуба «Тытан» з горада Баранавічы.
Асноўная ж дзея спартыўнага спектакля разгарнулася на татамі. Дзюдаісты-пачаткоўцы, якія робяць у спорце толькі першыя крокі, недахоп тэхнічнага арсенала кампенсавалі настойлівасцю і стараннасцю дзеянняў. Спарынгі 16-гадовых адрозніваліся «даросласцю» паводзін і дзеянняў, зусім не мяккай сілай, у лепшыя моманты – ледзь ці не дасканалай тэхнічнай падрыхтоўкай.
Перамогі і каштоўныя прызы з Ляхавіч адправіліся ў многія куткі краіны. Ляхавічане ж «пакінулі» сабе шэсць тытулаў адкрытага турніру. Пераможцамі сталі нашы Аляксандра Шчарбакова і Аляксандра Байрашэўская, Мацвей Анікей, Раман Бацкалевіч, браты Ілья і Мікіта Пінчукі. Яшчэ ў выхаванцаў трэнераў-настаўнікаў СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Віктара Богуша і Рашыда Байрашэўскага два дзясяткі прызавых выступленняў.

Іван КАВАЛЕНКА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.