18 снежня органы загса адзначаць 95-ы дзень нараджэння. Віншуем супрацоўнікаў аддзела загса Ляхавіцкага райвыканкама

Шчаслівае імгненне: 12 снежня 2012 года ў 12 гадзін 12 мінут начальнік аддзела загса Людміла Палтарак зарэгістравала шлюб ляхавічан Тамары і Сяргея Сакаловых.

Загс (запіс актаў грамадзянскага стану) — абрэвіятура вядомая, без перабольшвання, усім. За гэтымі літарамі — сур’ёзныя архівы з інфармацыяй пра ўсе значныя падзеі ў жыцці кожнага чалавека: ад першага запісу аб яго нараджэнні да апошняга — аб смерці. І, безумоўна, штодзённая карпатлівая праца работнікаў гэтай службы. Гісторыя яе, дарэчы, пачалася 18 снежня 1917 года — з падпісаннем дэкрэта «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану». Гэта быў першы заканадаўчы акт дзяржавы ў галіне сямейнага права.
З таго часу прайшло 95 гадоў. Толькі ўявіце, колькі асоб і падзей трапіла ў кнігі запісу актаў, і якую каштоўнасць для асобных грамадзян, грамадства і дзяржавы маюць гэтыя запісы!
Самыя старыя дакументы, што зараз захоўваюцца ў архіве аддзела загса райвыканкама, — расказвае спецыяліст аддзела Вольга Новік — метрычныя кнігі па Пакроўскай царкве вёскі Крывошын (за 1942-1944 г.г.) і па Дараўскім рыма-каталіцкім касцёле (за 1928-1937 г.г). Наогул жа, архіўных запісаў — сотні тысяч. Толькі запісаў аб нараджэнні за перыяд з 1944 па 2011 гады — больш за 47 тысяч, аб рэгістрацыі шлюбу — амаль 24 тысячы, аб смерці — больш за 33 тысячы, прыкладна 2,5 тысячы — аб скасаванні шлюбаў. І гэта далёка не поўны пералік. У пасляваенны час вельмі запатрабаванай паслугай бюро загса было аднаўленне запісаў актаў аб нараджэнні, такіх на сённяшні дзень маецца больш за 21 тысячу. Тут жа захоўваецца інфармацыя аб перамене імёнаў, прозвішчаў і імёнаў па бацьку, аб усынаўленні, устанаўленні бацькоўства і многая іншая. Улічваючы, што звесткі носяць асабісты характар, доступ да архіўных запісаў толькі службовы. Пры неабходнасці супрацоўнікі аддзела рыхтуюць даведкі, копіі, паўторныя пасведчанні па запытах грамадзян і службаў.
Калі раней усе дакументы рабіліся выключна ўручную і захоўваліся толькі на паперы, то з 2005 года ў аддзеле сталі карыстацца аўтаматызаванай сістэмай «ЗАГС», у якую ўносяцца ўсе новыя і па чарзе апрацоўваюцца даўнейшыя звесткі. Сёння электронны варыянт архіва ўжо ўтрымлівае 56 тысяч запісаў і пастаянна папаўняецца. Толькі за 11 месяцаў 2012 года ў раёне зарэгістравана 266 нараджэнняў, 172 шлюбы, 489 смерцяў — усяго амаль тысяча актаў.
— Разам з работнікамі аддзела загса рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану праводзяць і кіраўнікі справамі сельвыканкамаў. З асаблівай удзячнасцю хочацца адзначыць работу Ніны Буцько (Крывошынскі сельвыканкам), Любові Варажун (Падлескі), Наталлі Жанкевіч (Востраўскі), Ірыны Вайцешык (Начаўскі сельвыканкам). Ды і наогул, усе кіраўнікі справамі сельвыканкамаў — людзі адказныя, уважлівыя, — падкрэслівае начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак.
Між іншым, адказнасць і ўважлівасць у спалучэнні з кампетэнтнасцю, прафесіяналізмам, тактоўнасцю — абавязковыя для тых, хто працуе ў загсе. Мясцовыя спецыялісты гэтым патрабаванням адпавядаюць спаўна.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *