Інтэрнацыянальнае братэрства. У Ляхавічах 15 лютага ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў
Вадзіцелі, якія праязджаюць міма, здзіўлена аглядваюцца… У 10 гадзін раніцы ля памятнага знака ў выглядзе баявой машыны дэсанта БМД-1 на ўездзе ў Ляхавічы сабраўся натоўп. Для гэтых людзей 15 лютага – дзень асаблівы. 31 год назад апошняе падраздзяленне Савецкай Арміі пакінула тэрыторыю Афганістана. Акрамя гэтага, выхадцы з Ляхавіччыны выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Егіпце, Сірыі, В’етнаме, Анголе…
У Ляхавіцкім раёне зараз пражывае 51 воін-інтэрнацыяналіст. Традыцыйна яны сабраліся ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, каб успомніць баявых таварышаў, сустрэцца з сябрамі, аддаць даніну павагі тым, хто загінуў у Афганістане, і тым, каго не стала ўжо ў мірны час.
Пасля ўскладання кветак урачыстасці перамясціліся ў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач. Яна адзначыла, што подзвіг воінаў-інтэрнацыяналістаў – прыклад мужнасці і доблесці для будучага пакалення.
Начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксей Сідаровіч уручыў ветэранам граматы. Сярод узнагароджаных Людміла Буханава, Міхаіл Дыдышка, Ігар Леснік, Аляксандр Русін, Леанід Трыбух.
У памяць аб загінулых была аб’яўлена хвіліна маўчання.
Пасля канцэрта «афганцы» яшчэ доўга не разыходзіліся: успаміналі, расказвалі пра сваё жыццё. І паабяцалі адзін аднаму, што ў наступным годзе абавязкова сустрэнуцца ў тым жа складзе.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Больш фота ТУТ.