Шэраг мерапрыемстваў прымеркаваны да юбілею Міхаіла Пташука на яго малой радзіме — Ляхавіччыне

Сёлета 28 студзеня нашаму славутаму земляку — сусветна вядомаму кінарэжысёру і сцэнарысту Міхаілу Пташуку споўнілася б 70 гадоў.
«Вазьму твой боль», «Знак бяды», «Наш браняпоезд», «У жніўні 1944-га…» — далёка не поўны пералік вядомых і любімых гледачамі фільмаў рэжысёра Пташука. Немагчыма ўявіць, аўтарам якіх яшчэ кінашэдэўраў мог стаць наш таленавіты зямляк, калі б не трагічная аварыя 26 красавіка 2002 года, у якой Міхаіл Пташук загінуў.
Памяць пра яго жыве ў творах, на экранах, у памяці родных, блізкіх, сяброў, землякоў. У красавіку 2010 года ў Ляхавічах на вуліцы імя Міхаіла Пташука была адкрыта мемарыяльная дошка, у СШ № 13 Баранавічаў (тут будучы рэжысёр атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі) створаны яго музей.
Шэраг мерапрыемстваў прымеркаваны да юбілею Міхаіла Пташука і на яго малой радзіме — Ляхавіччыне. На гэтым тыдні адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні юбілея на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч. З 14 студзеня па 14 лютага ў навучальных установах горада і раёна будзе арганізаваны рэтраспектыўны паказ фільмаў Пташука. Змястоўная праграма прадугледжана і непасрэдна ў дзень юбілея рэжысёра. Папярэдне плануюцца наведванне дома ў вёсцы Федзюкі, дзе ён нарадзіўся, вечар памяці ў ГДК, прагляд дакументальнага фільма пра жыццё і творчасць Міхаіла Пташука, іншыя мерапрыемствы.
Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта   http://www.kimpress.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *