Модным быць зусім не проста

Мерапрыемства пад такой назвай сабрала ў актавай зале юнакоў і дзяўчат, якія не толькі імкнуцца апранацца па модных тэндэнцыях, але пры гэтым не забываюць і пра індывідуальнасць. У ролі мадэляў былі таленавітыя, стыльныя, абаяльныя, прыгожыя дзяўчаты, якія займаюцца ў гуртках “Юны мадэльер” і “Юная швачка” пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Алены Мацуль і Наталлі Ксёнжык. А ў якасці касметолагаў-візажыстаў выступілі выхаванцы гуртка “Юная лэдзі” (кіраўнік Наталля Лаўрыненкава). Дзяўчаты з выдатным пачуццём густу распрацавалі і выканалі эфектны макіяж індывідуальна для кожнай мадэлі.
Калі на імправізаваным подыуме з’явіліся дзяўчаты з гуртка “Юны мадэльер” у экстравагантных спадніцах, арыгінальных сарафанах, святочных сукенках, сканструяваных па ўласных эскізах і самастойна пашытых, апладысменты доўга не сціхалі. На занятках у папулярным у моладзі горада гуртку вучаць не толькі шыць прыгожае, моднае і зручнае адзенне, але і развіваюць эстэтычны густ, творчую ініцыятыву, нават дапамагаюць у выбары будучай прафесіі. Мадэлі адзення, прадэманстраваныя Анітай Трыбух, Ірынай Равяка, Святланай Макаранка, Насцяй Зялёнка, Вольгай Піліпчык, Алёнай Бярнацкай, Веранікай Ліцкевіч, Настассяй Ткачэнка і Кацярынай Пілінога запомніліся і спадабаліся сваёй адметнасцю, зручныя і стыльныя.
Адна эксклюзіўная мадэль змяняла другую падчас паказу, прадстаўленага на суд журы дызайнерамі з гуртка “Юная швачка”. Галіна Жалезная, Вольга Буймістр, Вікторыя Еўхач, Яна Бурак, Вольга Зубік, Настасся Паўлоўская і Настасся Зубік аддалі перавагу класічным штанам, летнім шортам, ільняным блузкам і маладзёжным касцюмам. На занятках дзяўчаты паспяхова вучацца распрацоўваць свой стыль, стараюцца, каб адзенне было практычным, універсальным і элегантным.
На свяце моды можна было пачуць шмат новага пра сучасныя тэндэнцыі і стылі, даведацца пра цікавыя факты з жыцця знакамітых куцюр’е, зазірнуць у гісторыю моды. Добры настрой удзельнікам і гасцям стваралі юныя артысты цэнтра пазашкольнай работы.
Людміла СОКАЛ, культарганізатар ЦПР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *