Стокватэрнік для крылатых. Парк «Рэпіхава» Ляхавіцкага раёна атрымаў ад школьнікаў цудоўны падарунак

У Год малой радзімы парк «Рэпіхава» напярэдадні Міжнароднага дня птушак атрымаў ад школьнікаў цудоўны падарунак – больш за сотню шпакоўняў!

Трэба абавязкова наведаць парк «Рэпіхава» вясной, а пасля летам, восенню і зімой! Тамтэйшыя краявіды так і просяцца на палатно мастака, у аб’ектыў фотаапарата, на аловак паэта. Стромкія дрэвы падпіраюць неба, гаючае чыстае паветра, птушкі распяваюцца на розныя галасы – прыгажосць, казка.

Днямі педагогі Крывошынскай СШ, супрацоўнікі мясцовага сельвыканкама «раскватаравалі» ў Рэпіхава больш за сотню шпакоўняў. Адкуль столькі? З 10 лютага па 16 сакавіка праходзіў раённы конкурс «Дом для шпака», у якім паўдзельнічалі навучэнцы з усіх устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі раёна. Рабяты да задання падышлі вельмі творча: «кватэры» для птушак атрымаліся эксклюзіўнымі. Хто зрабіў у выгля-дзе бочачкі на ножцы, персанажа з мультфільма, катэджа і г. д. Журы пры ацэньванні работ улічвала розныя крытэрыі: матэрыял доміка, яго функцыянальнасць, арыгінальнасць, канешне, акуратнасць. У выніку на сем прызавых месцаў прэтэндавала 15.
Першае месца прысуджана навучэнцам Дараўскай школы – братам Ягору (9 клас) і Мацвею (4 клас) Чорным. «Серабро» ў шпакоўняў перша-класнікаў СШ № 1 Мікалая Русакевіча, Сяргея і Святланы Снацкіх, а таксама шасцікласніцы гімназіі Паліны Лук’янчык. «Бронзу» раздзялілі домікі сямікласніка СШ № 2 Назара Верамея, дзевяцікласніка Тухавіцкай СШ Аляксея Дыдышкі і сямікласнікаў Конькаўскага ВПК.
Сельвыканкам у поўным складзе на чале са старшынёй Юрыем Чаранкевічам, разам з настаўнікам матэматыкі Андрэем Быцко, школьным рабочым Мікалаем Мішкевічам развешвалі конкурсныя домікі па дрэвах уздоўж алеі парку.
– Каб птушкі засялілі шпакоўню, яна павінна быць без шчылін, – з веданнем справы адзначае настаўнік геаграфіі і біялогіі Юрый Сельмановіч. Летась шпакоўня Юрыя Сельмановіча і яго дачкі Аляксандры ў раёне прызнана лепшай. Сёлета сямейны дуэт таксама будаваў жыллё для крылатых, за якое атрымаў падзяку.
У мінулым годзе парк перажыў сваё другое нараджэнне – адбылося яго ўмоўнае адкрыццё пасля добраўпарадкавання. Зараз у парку «Рэпіхава» можна не толькі гуляць, адпачываць і натхняцца маляўнічай прыродай, але і разглядаць крэатыўныя шпакоўні. А яшчэ цікавіцца, як там пажываюць крылатыя насельнікі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.