«Пламбірныя» імправізацыі. У Ляхавічах таксама ўмеюць трапна жартаваць


Фота з сайта Бресцкага дзяржаўнага абласнога  цэнтра маладзёжнай творчасці 

Жыццё трэба ўспрымаць з гумарам. Тады вырашаецца любая праблема і дзень пачынае пералівацца яркімі фарбамі. Можа таму і адзначаюць ледзьве не ва ўсім свеце 1 красавіка Дзень смеху. Жарты і розыгрышы суправаджаюць гэта свята, а яшчэ вяселле і добры настрой. У Ляхавічах таксама ўмеюць трапна жартаваць. Гэта пацвярджаюць нашы юныя землякі з аб’яднання па інтарэсах ЦДАДіМ «Біс».

«Пламбір» пачынае і працягвае. Так-так. Каманда клуба вясёлых і знаходлівых ЦДАДіМ зноў вярнулася ў строй. Прычым паспела адзначыцца на фестывалі Брэсцкай абласной адкрытай лігі КВЗ сезона-2020: рабяты атрымалі пуцёўку ў чвэрцьфінал. Канкурэнцыя была немалая – сваё майстэрства на сцэне абласнога цэнтра мала-дзёжнай творчасці дэманстравала 21 каманда. Сярод 16 тых, каму журы «запаліла» зялёнае святло, – і нашы землякі.
Сённяшні «Пламбір» – гэта, можна сказаць, другое пакаленне тых, хто пачынаў жартаваць спачатку на абласных, пасля і на сталічных сцэнах. Шэсць аматараў трапнага гумару вучацца ў СШ № 1
і СШ № 2, а пасля заняткаў два разы на тыдзень займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах «Біс» пад кіраўніцтвам педагога Аляксандра Стэцко. Раман Варатынец, Паліна Герус, Ангеліна Саўчык, Маргарыта Рамейка, Дар’я Юруць, Анастасія Ісакава прыдумваюць жарты, мініяцюры, падводкі. Залогам поспеху з’яўляецца і ўменне відовішчна выходзіць на сцэну, трымацца падчас выступлення, імправізаваць – у КВЗ нават на дробязі звяртаецца ўвага. Таму рабяты вучацца абыходзіцца з мікрафонам, напрацоўваюць акцёрскае майстэрства.
Пра што жартуюць нашы юныя землякі? Канешне, пра школьнае жыццё, штодзённыя юнацка-дзявочыя цяжкасці. У камандзе, дарэчы, папаўненне. Да «Пламбіра» далучылася вакалістка Ганна Коўган з СШ № 2.
Харызма і тэатральнасць паводзін, яркі вобраз – фішка ляхавіцкага «Пламбіра». Неаднойчы ўдзельнічалі ў фестывалі адкрытай абласной лігі. Таму і выйшлі ў чвэрцьфінал, да якога зараз актыўна рыхтуюцца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.