Наш «парадкавы» нумар. На Ляхавіччыне праходзіць месячнік добраўпарадкавання

Утрыманню ў належным стане тэрыторый, размешчаных там асобных аб’ектаў-лакацый не заўсёды і не ўсімі «прысвойваецца» высокі парадкавы нумар. Між тым, логіка і практычны бок справы, санітарыя і эстэтыка арыентуюць іменна на такі падыход. Тым больш у перыяд дзеяння «чыстага» месячніка, які ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама на Ляхавіччыне праходзіць з сярэдзіны сакавіка да 17 красавіка. Мэты акцыі – максімальна і ўсім нам актывізавацца для практычнага вырашэння задач, адносна навядзення парадку на зямлі. Лакальная прыборка, шырокая ўборка, даазеляненне населеных пунктаў і таму падобныя «падрады чысціні» маюць права быць. На чарговай, першай красавіцкай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама гэтай тэме было нададзена загалоўная пазіцыя на парадку дня.
Як прагучала ў выступленні начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марыны Завадскай, адказнае куратарства на этапах падрыхтоўкі і правядзення месячніка ажыццяўляе адмыслова створаная рабочая група, а ўсе задзейнічаныя ў месячнай акцыі павінны былі распрацаваць планы дзеянняў і ў адпаведнасці з імі добраўпарадкавацца на пададказных тэрыторыях. Праекты-планы з указаннем відаў работ, тэрмінаў іх выканання і адказных выканаўцаў, як прагучала падчас выступлення, у неабходны тэрмін прадаставілі толькі сельвыканкамы раёна, аддзел па адукацыі райвыканкама і тры ААТ – Ляхавіцкія малочны, кансервавы заводы і льнозавод.
Свой маніторынг правялі спецыялісты аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ. Іх выснова – да ўдзелу ў добраўпарадкаванні прыступілі ўсе суб’екты гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці. Працоўныя калектывы ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый вядуць работы па вызваленні замацаваных тэрыторый ад сухой расліннасці і смецця, займаюцца выдаленнем дзікага кустоўя, ажыццяўляюць дэмантаж трухлявых пабудоў. Адбываецца добраўпарадкаванне мемарыяльных месцаў, працягваецца высадка дрэў і іншых зялёных насаджэнняў. Ужо зараз належным станам добраўпарадкавання могуць пахваліцца ПУП «Аўтацэнтр Вікторыя», малочны і кансервавы заводы, ПМК-13, райбальніца, ТАА «ТМТ» і «Трансэлектракамплект» – іменна іх парадкавы нумар першы.
З сакавіка спецыялістамі аддзела архітэктуры, будаў-ніцтва і ЖКГ было выдадзена больш за паўсотні прадпісанняў фізічным асобам на прадмет неабходнасці навядзення парадку, даручэнні аб тым жа атрымалі таксама кіраўнікі шэрага арганізацый розных формаў уласнасці.
Месячнік працягваецца, а па яго завяршэнні будуць падведзены вынікі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

