Герой жыве побач. Навучэнка СШ №2 падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з земляком-героем Фёдарам Фёдаравічам Лойкам

Сёння мы хочам падзяліцца ўражаннямі ад сустрэчы з земляком-героем Фёдарам Фёдаравічам Лойкам. Пра яго баявы шлях у Вялікай Айчыннай вайне, жыццё ў пасляваенныя гады, службу ў міліцыі часта расказвае і раённая газета.

Члены атрада «Следапыты», які працуе ў музеі баявой і працоўнай славы сярэдняй школы № 2, не раз бывалі ў гасцях у Фёдара Фёдаравіча. Кожная сустрэча з ім напоўнена дабрынёй і шчырасцю. Сам ветэран бываў у музеі баявой і працоўнай славы, па яго словах, больш за 20 разоў, а з навучэнцамі нашай школы сустракаўся столькі, што і не пералічыць. А яшчэ прымаў удзел у закладцы школьнага саду.

Кожная сустрэча з шаноўным земляком пакідае вялікі след у душы. Расказы Фёдара Фёдаравіча вельмі цікавыя і эмацыянальныя. Дзякуючы гэтым сустрэчам, у школьнікаў складваецца больш поўная карціна падзей Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца жаданне самастойна шукаць матэрыялы пра іх, абмяркоўваць падзеі са сваімі аднакласнікамі і пісаць даследчыя працы.

У музеі ёсць асобны стэнд, на якім размешчана інфармацыя пра Фёдара Фёдаравіча Лойку, і кожны наведвальнік можа з ёю пазнаёміцца. Пошукава-даследчы атрад «Следапыты» падрыхтаваў відэаматэрыялы (https://yadi.sk/i/me4YtU2I Ps64Tg) з расказамі франтавіка пра вайну і пасляваеннае жыццё, прыняў удзел у акцыі «Беларусь памятае», у рамках якой была створана відэапаштоўка пра ветэрана вайны. Інфармацыя перададзена для размяшчэння
на партале «Франтавы альбом».

Карыстаючыся выпадкам, мы віншуем Фёдара Фёдаравіча з 95-годдзем, якое ён адзначыў нядаўна. Шчыра схіляемся перад вашай мудрасцю. Жадаем, каб здароўе не падводзіла, а настрой быў толькі сонечным. Няхай ваш далейшы жыццёвы шлях будзе лёгкім і светлым, а ўсе цяжкасці застануцца ў мінулым, у гісторыі, якую вы змаглі дастойна пражыць.

Віталій ТОЛКАЧ, настаўнік гісторыі, Аляксандра МАЦКЕВІЧ, навучэнка 8 «Б» класа СШ № 2.