Мы дзейнічаем. У Начаўскай СШ прайшоў адзіны дзень інфармавання

«ШАГ» – гэта адзіны дзень інфармавання, які праводзіцца кожны чацвёрты чацвер месяца  для навучэнцаў 8-11 класаў.

На гэты раз школьнікі абмяркоўвалі тэму «Мы ў сучаснай медыяпрасторы: павага, бяспека, дакладнасць».
Педагогі пазнаёмілі рабят з гісторыяй развіцця сродкаў камунікацыі, з прававымі і сацыяльнымі ас-пектамі інфармацыйнай бяспекі непаўналетніх. Навучэнцы актыўна ўключыліся ў дыскусію пра значэнне сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці чалавека, уплыў газет, часопісаў, а таксама сацыяльных сетак на моладзь. Перад старшакласнікамі выступалі і ўдзельнікі гуртка «Юны журналіст», якія падкрэслілі асабістую адказнасць тых, хто размяшчае посты ў інтэрнэце, нават на асабістай старонцы. Уся інфармацыя павінна быць дакладна праверана – гэта не толькі журналісцкае крэда. З інтарэсам паглядзелі відэаролік «Бяспека школьнікаў у інтэрнэце».
Дарэчы, у Начаўскай СШ выдаецца школьная газета «Новы погляд».
У склад рэдакцыі ўваходзяць 12 рабят, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы Ганны Падгурскай пішуць пра дасягненні і поспехі сваіх равеснікаў, мясцовыя падзеі. Сярод папулярных і пастаянных рубрык у выданні – «Лідары месяца», «Навіны школьнага жыцця», «Мая малая радзіма», іншыя. Юнкары адпраўляюць свае спробы пяра і ў «Ляхавіцкі веснік».
Пакрокава, падчас «ШАГа 3» – «Мы дзейнічаем» – падвялі вынік інфармацыйнай гадзіны: сучасны чалавек, хоча ён таго ці не, не можа адмовіцца ад патоку інфармацыі, якая ідзе праз СМІ. Але любы факт неабходна асэнсоўваць і, як кажуць, фільтраваць на праўдзівасць і вызначаць, што можа быць карысным прыкладам. Гэта і ёсць свядомы  выбар чалавека.
Новым у лістападаўскім інфармаванні стала далучэнне да «шагаўскага» праекта рабят з  5-7-х класаў. Для іх класныя кіраўнікі правялі гадзіны «Я і школа. Наша школа праз дзесяць гадоў». У цэнтры абмеркавання – традыцыі школы, значнасць удзелу ў жыцці класа, школы, добразычлівасць і павага адзін да аднаго і многае іншае. Рабяты аднагалосна прынялі рашэнне актыўна ўдзельнічаць не толькі ў школьных мерапрыемствах, але і ў раённых акцыях.
Святлана МАШЭЙ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Начаўскай СШ.