Якога колеру дзяцінства? Адказ на гэтае пытанне ведаюць у выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Чайка»

Першую змену тут назвалі «Фарбы дзяцінства» і пастараліся палітру кожнага дня зрабіць яркай. Праграма адпачынку прадумана і арганізавана так, каб абудзіць у рабят цікаўнасць, жаданне ўдзельнічаць ва ўсіх «чайкаўскіх» справах. Новы дзень – новае адкрыццё. Конкурс «Экадызайн», канцэртная праграма «Зорны дождж», забаўляльная – «Сам сабе рэжысёр», спартландыя і многае іншае – творчыя, спартыўныя, інтэлектуальныя ці мастацкага напрамку мерапрыемствы садзейнічаюць таму, каб дзяўчынкі і хлопчыкі пабывалі ў ролі лідараў, арганізатараў, адчулі задавальненне ад сітуацыі поспеху.

– Нам, педагогам, важна, каб рабяты не толькі атрымалі порцыю аздараўлення, але і зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі, – падкрэслівае старшы выхавальнік лагера Таццяна Абражэвіч.
Дырэктар выхаваўча-аздараўленчай установы Юрый Сельмановіч адзначае, што сёлета пільная ўвага, акрамя стварэння бяспечнага асяроддзя, звернута на выкананне санітарна-эпідэміялагічных нормаў. У лагер прымаліся дзеці з медыцынскай даведкай з інфармацыяй аб адсутнасці інфіцыравання COVID-19. У сувязі з гэтым абмежавана і колькасць адпачываючых: замест 110 чалавек зараз тут 57. Праводзіцца вільготнае прыбіранне з дэзынфекцыяй памяшканняў, абсталявання, захоўваюцца іншыя меры бяспекі. З раскладу выключаны бацькоўскія дні, забяспечаны закрыты (бязвыезны) рэжым знаходжання хлопчыкаў і дзяўчынак.
Рабяты падзяліліся з «ЛВ» сваімі ўражаннямі ад адпачынку ў «Чайцы».
Паліна ЛУК’ЯНЧЫК, 3 атрад:
– У «Чайцы» адпачываю другі раз. Пасля кожнай змены застаюцца самыя прыемныя ўспаміны. Тут смачна кормяць, што вельмі спрыяе добраму настрою. А яшчэ можна знайсці шмат сяброў.
Вікторыя АЗАРКА, 6 атрад:
– Сёлета рабят менш, чым звычайна. Але ўсё роўна класна! Выхавальнікі імкнуцца зрабіць наш адпачынак захапляльным і цікавым.
Дзіяна КУДЗЯЛЕВІЧ, 2 атрад:
– Люблю «Чайку», дзе адпачываю ўжо чацвёрты раз. Тут нераўнадушныя, крэатыўныя і добрыя важатыя. Падабаюцца разнастайныя конкурсы, якія яны прыдумваюць для нас. Спадзяюся, што яшчэ неаднойчы вярнуся ў летнік.

На падрыхтоўку «Чайкі» да летняга сезона-2020 з раённага бюджэту выдаткавана 23 тысячы рублёў плюс больш за 20 тысяч складаюць сродкі абласнога суботніка, паведамілі ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Ляхавіцкага раёна.
Сярод абновак – мэбля ў абедзеннай зале, тры халадзільнікі. Адрамантавана пляцоўка ля сцэны, устаноўлены новыя лаўкі. І гэта не ўвесь пералік дарослага клопату пра дзяцей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.