Пара чарнічная. І не толькі. Лета – гарачы час і для нарыхтоўшчыкаў, і для тых, хто жадае падзяліцца лішкамі ўраджаю

Для жыхаркі Галаўнінцаў Галіны Пачко і яе ўнучкі Паліны лета – магчымасць падзарабіць – яны збіраюць чарніцы. Загадчыца мясцовага магазіна Ала Вайцешык з задавальненнем прымае дары лесу.

Лета – гарачы час і для нарыхтоўшчыкаў, і для тых, хто жадае падзяліцца лішкамі ўраджаю – вырашчанага і сабранага

У лесе цяпер – непараўнальны водар спелых малін і чарніц. Сакавітыя ягады многія прыходзяць-прыязджаюць назапасіць для
сябе – на варэнне, кампоты, замарозку, сушку, проста паласавацца. Гарачы час і для тых, хто займаецца зборам чарніц у «камерцыйных» мэтах – можна добра папоўніць сямейны бюджэт. Канешне, нялёгкая работа, але капейка да капейкі – і рубель атрымаецца.Тым больш, што здаць сабраныя ягады можна, як гаворыцца, не адыходзячы далёка ад лесу. Вядучы таваразнаўца Ляхавіцкага райпо Віктар Скіндзер расказвае, што сёлета 30 вясковых магазінаў райспажыўсаюза прымаюць у насельніцтва чарніцы. Разлік адразу на месцы: хочаш грашыма, жадаеш таварам, што прадаецца ў краме.
Па словах Віктара Скіндзера, за сезон плануецца нарыхтаваць 20-22 тоны чарніц, асноўная частка адразу ад нарыхтоўшчыкаў паступае ў кааппрам для далейшай замарозкі (гэта – экспарт-ны тавар, які запатрабаваны за межамі краіны), астатняе адпраўляецца на продаж у павільёны райпо ў Ляхавічах і Баранавічах. Па стане на 20 ліпеня, закуплена 17,5 тоны чарніц. Закупачная цана мяняецца ў залежнасці ад чарнічнай прапановы, дзень на дзень не прыпадае, атрымліваецца ў сярэднім ад 3 да 3,8 рубля за кілаграм.
Пакуль часцей і найбольш нясуць лясное вітаміннае багацце ў райпоўскія крамы ў Свяціцы, Навасёлках, Крывошыне, Востраве, Галаўнінцах, Куршынавічах. Менавіта каля гэтых населеных пунктаў – лясныя масівы з чарнічнікам.
Не чарніцамі адзінымі абмяжоўваецца нарыхтоўчая кампанія. Віктар Скіндзер паведаміў, што ў Ганцавіцкім раёне закуплена 100 кілаграмаў буякоў, пакуль выключна для рэалізацыі праз гандлёвую сетку ў свежым выглядзе. Праўда, па яго словах, раскупляюць ягаду пакуль не надта – дарагавата.
Агуркі, памідоры, капуста, цыбуля, кабачкі, буракі, морква, баклажаны, вішня і іншую айчынную і заморскую садавіну, агародніну, фрукты можна купіць у райпоўскіх палатках на рыначнай плошчы ў райцэнтры. Такі павільён паспяхова працуе і на цэнтральным рынку па вуліцы Чарнышэўскага ў Баранавічах.
А тым часам нарыхтоўшчыкі райспажыўсаюза раз’язджаюцца па многіх раёнах Беларусі, каб закупіць якасны тавар па прымальным кошце. Прычым, не толькі для ўласных патрэб. Напрыклад, агуркі прадаюць, у тым ліку, і на Ляхавіцкі кансервавы завод для далейшай перапрацоўкі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцель  Генадзій Пастарнакевіч.