Сеанс без гледачоў. Высвятлялася, чаму ў ляхавіцкі кінатэатр «Кастрычнік» не спяшаюцца гледачы

У рэшце рэшт сабралася схадзіць у наш гарадскі кінатэатр «Кастрычнік». Не кавы папіць, не абноўкі для дома купіць у гандлёвай кропцы, што там месціцца, а паглядзець з вялікага экрана новы фільм. У мінулую суботу выбрала сеанс, які пачынаўся ў 20 гадзін, у сацыяльных сетках (свайго сайта ў кінатэатра няма) знайшла афішу, згодна з якой у гэты час 18,19,20 верасня павінен дэманстравацца фільм «Не ўваходзь». Сабралася, прыйшла. І праз некалькі хвілін вярнулася дамоў… Кіно не дэманстравалі па прычыне адсутнасці гледачоў.

Выпрабоўваю лёс яшчэ раз. Цяпер зацікавіла кінастужка «Глядзі як я» ў 17 гадзін. Але зноў чакала фіяска. На пытанне, ці будзе сеанс, касір адказала: «Купіце білет – будзе». Зноў вярнулася дамоў, так і не даведаўшыся сюжэт.
Міжволі ўзнікае пытанне: чаму папулярнейшае некалі сярод дарослых і юных ляхавічан месца – кінатэатр – страціла сваю запатрабаванасць і глядацкую прыхільнасць. Здавалася, дзеля папулярызацыі кінавідэасеткі раённага маштабу зроблена нямала: «Кастрычнік» капітальна адрамантавалі, за бюджэтныя сродкі набылі сучаснае абсталяванне для дэманстрацыі фільмаў – адно ў 2013-м, другое гэтым летам. А вынік, у аснове якога запаўняльнасць кінатэатра і колькасць наведвальнікаў, падае.
Пра сённяшні дзень, перспектывы развіцця КУКП «Ляхавіцкая раённая кінавідэасетка» гаварылася на адной з апаратных нарад у старшыні райвыканкама.
Справаздачу аб рабоце падпарадкаванага яму прадпрыемства трымаў дырэктар Канстанцін Фалькоўскі. У мінулым годзе з бюджэту было выдаткавана больш за 48,5 тысячы рублёў на арганізацыю работы раённай кінавідэасеткі, сёлета – 57 тысяч рублёў плюс 90 тысяч рублёў на набыццё новага абсталявання. Гэта дзяржаўны клопат. А як спрацавала само прадпрыемства? Летась яму быў даведзены план па выкананні платных паслуг (пракат фільмаў у 3D-фармаце і арэнда памяшкання, у тым ліку для правядзення мерапрыемстваў) у памеры 8985 рублёў. Зарабілі крыху больш за пяць тысяч. Сёлета план павялічыўся да 10 тысяч рублёў, за восем месяцаў атрымана 1485 рублёў. Калі ў 2019 годзе арганізавана больш за 600 сеансаў, то сёлета, па стане на пачатак верасня, – 87, з якіх 59 – дзіцячыя. На іх пабывалі амаль 1890 гледачоў, 536 з іх прыходзілі паглядзець кіно ў аграгарадках, куды фільмы прывозіла перасоўная відэаўстаноўка. Непасрэдна ў кінатэатры сярэдняя запаўняльнасць глядацкай залы – 3-5 чалавек. Гэта не проста мала, а вельмі дрэнна. Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі падкрэсліў: пры такім раскладзе пра самаакупнасць, абяцаную калісьці дырэктарам кінавідэасеткі, весці размову не выпадае.
Кіраўнік раёна пацікавіўся, як часта ў «Кастрычніку» з’яўляюцца кінапрэм’еры. Аказваецца, не так, як хацелася б. Апошнія сярод невялікага пераліку – «Курыны забег» (дзіцячы), «Варатар Галактыкі», «Біл і Тэд» (для сямейнага прагляду). І прычына зноў знайшлася: распаўсюджвальнікі адклікаюць правы на паказ новых фільмаў.
Так атрымалася, што ў асноўным паслугамі кінавідэасеткі карыстаюцца нашы юныя землякі. Для іх арганізуюцца і праводзяцца кіна-лекторыі, асноўныя тэмы якіх выхаваўчыя: прапаганда здаровага ладу жыцця, прафілактыка надзвычайных сітуацый, дарожна-транспартных здарэнняў і інш. Напрыклад, за тры дні ў сярэдзіне верасня было паказана шэсць сеансаў, на якіх прысутнічаў 131 чалавек. Гэта прынесла ў касу кінатэатра 65,5 рубля. Бясспрэчна, з такімі вынікамі план па платных паслугах не выканаць. Хаця, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніны Прыхач, сёлета Ляхавіцкае кінавідэапрадпрыемства выканала план на 21 працэнт пры сярэднеабласным паказчыку 16 працэнтаў.
Асноўнай прычынай зніжэння колькасці наведвальнікаў Канстанцін Фалькоўскі называе пандэмію каранавіруса, якая ўнесла істотныя карэктывы ў колькасць глядацкай аўдыторыі. Школьнікі не тое, што ў кіно не хадзілі, яны і заняткі не наведвалі з-за COVID-19, былі ўведзены абмежаванні на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Супрацоўнікі кінавідэасеткі шукалі новыя формы работы і шляхі папулярызацыі кіно і магчымасці зарабляць грошы. Так, у прыватнасці, наладжаны кантакты з прафсаюзнымі пярвічкамі камунгаса, малочнага завода, ДРБУ-200, якія аплацілі сеансы для работнікаў сваіх арганізацый. Слушнае пытанне старшыні райвыканкама: чаму такая работа не праведзена на іншых прадпрыемствах?
Даўно не навіна, што рэклама – рухавік прагрэсу. Як рэкламуе фільмы і заклікае грамадзян на сеансы «Кастрычнік»? Канстанцін Фалькоўскі расказаў, што для гэтага выкарыстоўваюцца сацыяльныя сеткі, афішы і электронны экран на кінатэатры. Аднак, як паказвае рэальнасць, гэтага відавочна мала. І, напрыклад, уласны сайт кінавідэасеткі, напэўна, лішнім не будзе. Кожны жадаючы зможа зайсці і анлайн пазнаёміцца з кінаафішай, анатацыямі на фільмы, водгукамі кінаманаў. Толькі вось чамусьці кіраўніцтва прадпрыемства не спяшаецца нарошчваць уласную прысутнасць у інтэрнэтпрасторы – маўляў, дорага каштуе. Але, каб зарабляць заўтра, трэба патраціцца сёння – гэта аксіёма. Старшыня райвыканкама запатрабаваў: глядацкая зала ў «Кастрычніку» павінна быць запоўнена, база кінанавінак пастаянна пашырацца. Магчыма, тады «Кастрычнік» верне свае пазіцыі і зноў стане прывабным месцам адпачынку. А пытанне «У вас няма лішняга білеціка?» будзе гучаць не з гумарам, а сур’ёзна.

Галіна КАНЬКО.