Нашы з Лігі чэмпіёнаў. Юная ляхавічанка Анастасія Пабягайла выступае за Нацыянальную зборную Беларусі па футболе

Ёй няма і 17-ці, а ў паслужным спісе ўжо значацца некалькі гульняў за Нацыянальную зборную краіны. Ды якую – футбольную! І няхай у плане папулярнасці жаночы футбол прайграе самому сабе ў выкананні мужчын – гульнёй нумар адзін у свеце быць не перастае.

Выбар «сталічных»

Анастасіі Пабягайла 17 яшчэ толькі споўніцца. У канцы наступнага студзеня, а спіс яе футбольных здабыткаў, калі б узяць за мэту адлюстраваць іх на паперы, выліўся б у добры абзац. Пра некаторыя скажам, але перш пастукаем па дрэве. Каб не сурочыць, а добры пачатак меў цудоўны і куды больш доўгі працяг. Спартсмены ж, пра што вам скажа любы і кожны, шануюць прыкметы і, як мала хто іншы, вераць у іх дзейснасць. Ляхавічанка, былая гімназістка, выхаванка аддзялення футбола ДЮСШ раёна спачатку атрымала ангажэмент у Брэст – трэніравала спартыўнае майстэрства, выступала за каманду аднагодкаў абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву. Зарэкамендавала сябе гульнёй, адносінамі да справы, чым звярнула на сябе ўвагу, на сучасны манер скажам, скаўтаў футбольнага клуба «Мінск». Прагляд прайшоў паспяхова, і прыкладна ў сярэдзіне мінулага года «сталічныя» зрабілі выбар.

Яе нумар 73

Не будзе перабольшваннем сказаць, што зараз ляхавічанка фарміруе аснову, касцяк ЖФК «Мінск». У камандзе, якую, дарэчы, нядаўна ўзначаліў вядомы па выступленнях за яшчэ тое «савецкае» мінскае «Дынама» Аляксандр Лухвіч, ёсць ігракі вопытныя, нямала і маладых.

Сярод апошніх наша Насця ці не самая-самая. Яе гульнявы нумар 73, пазіцыя на полі – паўабаронца. Хоць, як падалося пасля прагляду некалькіх таймаў матчаў з удзелам зямлячкі, яна з задавальненнем ідзе ў атаку, пры неабходнасці «адцягваецца» назад і здольна на ўмелыя дзеянні ў абароне. Можа як трэба выканаць «стандарт», бачыць паляну, учэпістая ў адзінаборствах. Першы настаўнік Анастасіі трэнер-выкладчык СДЮШАР раёна Васілій Бут-Гусаім з такой характарыстыкай, у цэлым, згодны. Але і дапоўніць мае чым:

– У спартшколу, на футбол Насця прыйшла будучы першакласніцай гімназіі. Ужо ў тым пяшчотным узросце вызначалася характарам. Ён у яе цвёрды, месцамі дзёрзкі – мужчынскі, я б сказаў. Адрознівалася працавітасцю, адданасцю, сур’ёзным стаўленнем да гульні. Напрыклад, не раз і не два Насця атрымлівала прапановы памяняць від спорту. І кожны раз «рэкруцёры» чулі катэгарычнае «не». Талент? Так, а яшчэ ў свае 7-8 гадоў дзяўчынка ці не на дзясятку ведала гісторыю гульні, арыентавалася ў наз-вах каманд-грандаў, усю футбольную эліту ведала па нумарах і прозвішчах. Трэніроўкі наведвала з задавальненнем. Зараз і не прыгадаю, ці было такое, каб нейкую з іх Насця прапусціла. Пакуль была малая, хадзіла то з маці, то з бабуляй…

Кубак разыграны,Чэмпіянат завяршыўся,сезон працягваецца

Футбольны сезон-2020 для ЖФК «Мінск», а, значыць, і для паўабаронцы каманды Анастасіі Пабягайла ішоў па некалькіх накірунках. У апошні дзень каляндарнага лета завяршыўся Кубак Беларусі. Фінальную пару складалі цяпер ужо і нашы таксама «гараджанкі», і яшчэ адна сталічная каманда «Дынама-БДУФК». Гульня праходзіла вельмі напружана, і штамп «ніхто не хацеў саступаць» у гэтым выпадку штампам зусім не з’яўляецца. Мяркуйце самі: уладальніка «посуду» не назваў ні асноўны, ні дадатковы час – усё нічыя. Рассудзіла толькі серыя пенальці і, на жаль, не на карысць «Мінска».

У чэмпіянаце Беларусі, апошні тур якога прайшоў зусім нядаўна, «мінчанкі» таксама сталі другімі. Услед за ўсё той жа дынамаўска-ўніверсітэцкай дружынай, якая ў 21 гульні набрала 61 ачко. У «Мінска» іх 49, а ў гро-дзенскай каманды «Нёман», якая стала трэцім прызёрам чэмпіянату, 39.

На гэтым сезон-2020 для футбалістак «Мінска» не завяршыўся – набыў еўрапейскі маштаб і накірунак – адкрылася жаночая Ліга чэмпіёнаў УЕФА. Стартавы ў рамках першага адборачнага раўнда спаборніцтва спарынг «мінчанкі» правялі 4 лістапада, калі на дамашняй арэне з лікам 3:0 была перайграна латвійская РФШ («Рыжская футбольная школа»), што стала пропускам у 1/32 спаборніцтва. На гэтым этапе «Мінску» належала паспаборнічаць з албанскай «Влазніяй» на іх жа полі. Сустрэча адбылася ў чацвер і завяршылася сухой – 0:2 – перамогай гасцей. «Гараджанкі» забілі па мячы ў кожным з таймаў –і прывітанне 1/16 фіналу Лігі. Што прыемна, лік быў адкрыты прыкладна праз паўгадзіны ад стартавага свістка і пры непасрэдным удзеле нашай зямлячкі: Анастасія Пабягайла стала аўтарам галявой перадачы. Наступныя ліга-чэмпіёнскія матчы запланаваны на 9-10 і 15-16 студзеня. Балеем за «Мінск»!

І за зборную Беларусі

Жаночая футбольная зборная краіны працягвае змагацца за права ўдзельнічаць у фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы. Як мяркуецца, прыгожы футбольны еўра-форум пройдзе ў Англіі з 6 па 31 ліпеня 2022 года. Да гаспадынь турніру далучацца пераможцы груп і тры лепшыя з ліку каманд-уладальніц другіх месцаў. Астатнія шэсць другіх у стыкавых матчах разыграюць паміж сабой тры апошнія «квіткі» на фінал Еўра. Задача для Нацыянальнай зборнай, якую ўзначальвае вядомы некалі футбаліст, а зараз і трэнер Юрый Малееў, а адным з ігракоў з’яўляецца Анастасія Пабягайла, –упісацца ў вышэйазначаную схему. Калі спраўдзіцца, гэта стане нашым дэбютам у фінале Еўра. Пакуль жа сітуацыйны расклад наступны: адборачную групу С разам з Беларуссю фарміруюць Нарвегія, Уэльс, Фарэрскія астравы і Паўночная Ірландыя. З 15 ачкамі пасля пяці гульняў «вікінгі» і ўзначальваюць адборачную гонку, Уэльс –другі, Беларусь (шэсць ачкоў пасля чатырох сустрэч) ідзе трэцяй. Свой апошні па часе выхад на газон стадыёна (сталічнага «Дынама», між іншым) беларускія зборніцы здзейснілі 27 кастрычніка. Перайграць Паўднёвую Ірландыю не атрымалася. А той факт, што гулялі на роўных, а момантамі і ярчэй, турнірнага значэння не мае. Але мы верым у каманду, у якой многае наперадзе, і футбольны талент ігракоў-зборнікаў. Асабліва аднаго.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.