Складнікі эпідэміялагічнага дабрабыту. Як забяспечваецца санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва Ляхавіцкага раёна?

Умовы працы, быту, адпачынку, арганізацыя адукацыйнага працэсу, стан сферы абслугоўвання, медыцыны, навакольнага асяроддзя, эканамічнае развіццё рэгіёна – усё гэта ў сукупнасці з іншымі акалічнасцямі ўплывае на здароўе кожнага з нас. Як забяспечваецца санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва Ляхавіцкага раёна?

З пажаданнямі здароўя
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў расказаў, што раённы паказчык агульнай захваральнасці ў мінулым годзе быў ніжэй абласнога на два працэнты. Для параўнання: у 2016 годзе ён перавышаў абласны на 2,64 працэнта. Найбольш часта ў землякоў дыягнастуюцца хваробы органаў сістэмы кровазвароту, дыхання і стрававання, эндакрыннай сістэмы, зроку.
Пачынаючы з 2016 года, на Ляхавіччыне назіраецца тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці. Разам з тым ёсць нязначны прырост смяротнасці. Прычым яна узрасла сярод грамадзян працаздольнага ўзросту, асноўныя прычыны – хваробы сістэмы кровазвароту, новаўтварэнні, знешнія прычыны.
Сваё важкае слова ў змяншэнні колькасці інфекцыйных захворванняў да пачатку гэтага года, калі пачалася каранавірусная пандэмія, сказала імунізацыя. Дзякуючы штогадовай
вакцынацыі, у раёне апошнім часам не рэгіструюцца дыфтэрыя, краснуха, адзёр, слупняк, паратыт, поліяміэліт. Сёлета супраць грыпу прышчапіліся 40 працэнтаў жыхароў раёна.
Віталій Ціханаў назваў напружанай сітуацыю з захворваннем на туберкулёз. За дзесяць месяцаў 2020 года выяўлена чатыры новыя выпадкі (два з якіх падчас правядзення прафілактычных медыцынскіх аглядаў) – 16,3 выпадка на сто тысяч насельніцтва, і гэта амаль у 1,3 раза перавышае абласны паказчык.
Менавіта з клопатам пра здароўе землякоў арганізоўваюцца разнастайныя навучальныя семінары, тэматычныя дні здароўя, прафілактычныя праекты. Летась у рамках праекта «Здаровае сэрца – залог поспеху» арганізавана 63 акцыі з удзелам каля дзвюх тысяч чалавек. Яшчэ 960 землякоў былі задзейнічаны ў 11 акцыях праекта «Папярэдзь хваробу – выберы жыццё». З 2018 года падчас кансультатыўна-асветніцкай акцыі «Правільная постаць –
залог здароўя!» праверана амаль 3300 школьнікаў, з іх у 527 выяўлены парушэнні постаці, скаліёз, 217 дзяцей накіраваны на даабследаванне.
Як вядома, здароўе дарослага ў многім фарміруецца ў дзіцячым узросце. Таму важна стварыць не толькі ў сям’і, але і ва ўстановах адукацыі належныя ўмовы для захавання і ўмацавання здароўя падрастаючага пакалення. У Ляхавіцкім раёне нямала зроблена ў гэтым накірунку. За апошнія гады істотна палепшаны санітарна-гігіенічныя ўмовы ў дзіцячых садках і школах. Ва ўсіх навучальных установах ёсць гарачае водазабеспячэнне, для пачаткоўцаў і навучэнцаў сярэдніх класаў усталяваны канторкі для дынамізацыі позы падчас заняткаў, вырашана пытанне забяспечанасці пітной вадой, праведзены рамонты душавых і санвузлоў, раздзявалак. І гэта толькі частка зробленага. Палепшаны ўмовы пражывання навучэнцаў Ляхавіцкага агракаледжа. На пастаянным кантролі, у тым ліку і санітарнай службы, – арганізацыя дзіцячага харчавання.

Гандлёвыя пытанні
Хто з нас не чуў: мы тое, чым харчуемся. Здароўе чалавека ў вялікай ступені залежыць ад харчавання. Якасць тавару залежыць і ад вытворцы, і ад аб’ектаў, дзе ён рэалізуецца. За пяцігодку райпо правяло рамонт 19 сваіх магазінаў, у 23 заменена халадзільнае абсталяванне, што станоўча паўплывала на зніжэнне колькасці парушэнняў пры рэалізацыі прадукцыі і захаванні ўмоў таварнага суседства. Значна палепшыўся стан абедзенных і гандлёвых залаў. Як расказалі ў райЦГіЭ, на прадпрыемствах харчовай прамысловасці вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці і тэхналагічных працэсаў, якія маюць на мэце павышэнне якасці прадукцыі і аптымізацыю працоўных працэсаў. Гэта тычыцца філіяла «Кааппрам» райпо, СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Разам з тым, па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача, выяўляюцца парушэнні санітарнага характару. Напрыклад, не выкананы запланаваныя мерапрыемствы па ўводзе цэнтралізаванага водазабеспячэння магазінаў у Сваятычах, Коньках, Вялікім Гарадзішчы, Канюхах. Яшчэ ў 2017 годзе
неабходна было аснасціць магазін «Родны кут» № 2 у райцэнтры кандыцыянерам, пакуль гэта толькі ў планах. Ёсць пытанні і да стану санітарна-бытавых і вытворчых памяшканняў практычна ўсіх аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю райпо.

Якасць камунальных  паслуг
Стан здароўя не ў апошнюю чаргу вызначаецца і якасцю камунальных паслуг. 100 працэнтаў гараджан і амаль палова вяскоўцаў карыстаюцца цэнтральным водазабеспячэннем. За 2016-2020 гады КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» выканала ўсе запланаваныя мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю станцыі абязжалезвання ў аграгарадках Конькі, Дарава, Тальмінавічы, Падлессе, Востраў, вёсцы Задвор’е, перакладзены ўчасткі водаправода ў Жарабковічах, Літве, Начы, Каранеўшчыне, пабудавана гаспадарча-бытавая каналізацыя працягласцю 1,1 кіламетра ў райцэнтры па вуліцы Першамайскай.
Віталій Ціханаў акцэнтуе ўвагу на праблемным моманце – неналежнай якасці пітной вады, неадпаведнасці яе санітарна-хімічным паказчыкам. Асноўная прычына – павышанае прыроднае ўтрыманне жалеза, што спрыяе павелічэнню мутнасці і рыжаму колеру вады, абмяжоўвае яе спажыванне ў санітарна-бытавых мэтах. Санітарная служба праводзіць адбор проб вады ў артэзіянскіх свідравінах, на станцыях абязжалезвання і непасрэдна з водаправодаў у дамах, а таксама ў водаразборных калонках. Вынікі сведчаць, што пітная вада не адпавядае гігіенічным нарматывам па ўтрыманні жалеза ў 20 населеных пунктах раёна, у тым ліку там, дзе ёсць станцыі абязжалезвання: у Ліпску, Жарабковічах, Начы, Падлессі, Коньках, Тальмінавічах, Востраве. Прычым на выхадзе вада па якасці адпавядае нарматывам (0,3 міліграма ў кубічным дэцыметры), а да спажыўцоў даходзіць з утрыманнем жалеза ад 0,64 да 1,4 міліграма ў кубічным дэцыметры. У райЦГіЭ сярод прычын неналежнай якасці пітной вады называюць старыя сеткі водазабеспячэння, а таксама тое, што не ўсе суб’екты гаспадарання праводзяць прамыўку ўнутраных сетак водаправодаў.
Уплыў на якасць вады аказваюць санітарнае ўтрыманне і эксплуатацыя крыніц і сістэм водазабеспячэння. Не ўсюды своечасова абкошваюцца тэрыторыі, высякаецца кустоўе, вонкавая паверхня рэзервуараў воданапорных вежаў дзе-нідзе пакрыта іржой, афарбоўка не зроблена і г. д.
Палова землякоў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, карыстаецца вадой з індывідуальных шахтавых калодзежаў. Падчас праверак санітарнай службай устаноўлена, што 50 працэнтаў калодзежаў не адпавядаюць патрабаванням па ўладкаванні, утрыманні і эксплуатацыі. Акрамя таго, на пераважнай большасці з іх на працягу дзесяці і больш гадоў не праводзіліся ачыстка і дэзынфекцыя, што істотна ўплывае на якасць пітной вады. Перавышэнне ў ёй нітратаў, а таксама неадпаведнасць па мікрабіялагічных паказчыках адзначаецца амаль ва ўсіх населеных пунктах раёна.
У мінулым годзе райвыканкам прыняў рашэнне па рэалізацыі прафілактычнага праекта «Ляхавічы – здаровы горад», які накіраваны на зніжэнне паказчыкаў захворвання, павелічэнне працягласці і павышэнне якасці жыцця, паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Да праекта далучыліся ўстановы аховы здароўя, адукацыі, культуры, фізкультуры, спорту і турызму, грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы. Кожны з нас можа таксама можа паўдзельнічаць у распрацаваных мерапрыемствах. Здароўе лішнім не бывае.

Галіна КАНЬКО.