У Грушаўцы – заводскі дэсант. Свой працоўны дзень прадоўжылі ў Грушаўцы работнікі Ляхавіцкага кансервавага завода

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Свой працоўны дзень прадоўжылі ў Грушаўцы работнікі кансервавага завода. За некалькі гадзін тэрыторыя Грушаўскага парку стала значна больш чыстай і прывабнай

На Ляхавіцкім кансервавым заводзе працоўная актыўнасць не залежыць ад сезона – шчыруюць круглы год. Але гэта не перашкаджае ўдзельнічаць у дабрачынных справах, суботніках і іншых раённых мерапрыемствах.

У мінулую пятніцу заводскі дэсант высадзіўся ў Грушаўцы, дзе аб’ектам увагі стала тэрыторыя каля возера. Два дзясяткі завадчан выграбалі смецце, галлё, змагаліся з зараснікамі. Пазітыўны і бадзёры настрой, наведзены парадак на адведзеным участку і жаданне ўнесці асабісты ўклад у добраўпарадкаванне гістарычна-турыстычнай мясціны –
такі вынік ударнай працы.
– Адзначу, што завадчане на прапанаваныя ініцыятывы адгукаюцца з інтарэсам і да любой справы падыходзяць нераўнадушна, незалежна ад таго, датычыць пытанне вытворчага працэсу ці якога іншага. Тым больш калі размова ідзе пра малую радзіму, – адзначае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.

З 15 сакавіка па 16 красавіка на Ляхавіччыне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні, забеспячэнні належнага санітарнага стану, азеляненні і навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.