Як на справе арганізавана пашавае ўтрыманне жывёлы ў некаторых сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна

Праўду кажуць: дождж лье не тады, як просяць, а тады, як косяць. Але ж без дажджу не было б такога травастою — сенакосаў і пашы, на якія сёлета «разбагацелі» ўсе сельгаспрадпрыемствы без выключэння. Статкам — раздолле пасвіцца па сакавітай траве. Пачаўся самы спрыяльны перыяд для атрымання таннага вялікага малака. Але і ў такіх абставінах патрэбна гаспадарская рука. Правільнае фарміраванне гуртоў, выбар метаду страўлівання травастою, рацыянальны расклад выпасу, дойкі, адпачынку жывёлы, забеспячэнне статка электрапастухамі, вадой удосталь, соллю і мелам і, зразумела, падбор адказных і зацікаўленых людзей, на якіх можна спадзявацца, — вось асноўныя патрабаванні, выкананне якіх і паспрыяе поспеху.
Як на справе арганізавана пашавае ўтрыманне жывёлы ў некаторых сельгаспрадпрыемствах, карэспандэнт «ЛВ» пераканаўся на ўласныя вочы, пабываўшы непасрэдна на месцах. Тым больш, «экскурсія» суправаджалася каментарыямі спецыялістаў і адказных асоб.
У СВК «Востраў-Агра» старшыня гаспадаркі Уладзімір Мароз расказаў, што выпас жывёлы арганізаваны. Сярод праблем назваў адсутнасць саляркі, з-за чаго паша не падкошваецца.
Мы на пашы, дзе гурт у 120 першацёлак з Востраўскай МТФ пераведзены на кругласутачны выпас па добрым травастоі. Загадчыца фермы Вера Варабей расказала, што жывёлу падкормліваюць камбікормам, заўсёды ёсць соль, мел, вада, што пасля пераводу на пашавае ўтрыманне надоі павялічыліся, але шмат прападае травы — падкошваць трэба.
Сапраўды, пасля страўлівання загону большая частка травастою застаецца затаптанай. Калі па-гаспадарску, то ўся паша тут павінна быць падкошанай, а найбольшы эфект атрымаўся б ад страўлівання зялёнай масы з пракосаў.
Ля Траццякоўцаў у летнім лагеры ўтрымліваецца 210 цялушак. Галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксей Шытаў пад-крэслівае, што па тэхналогіі на 100 кароў матачнага пагалоўя патрэбна не менш як 115 цялушак. У гэтым сельгаскааператыве — усяго 65. І хаця толькі пачыналася 12-я гадзіна, пастухі ўжо ехалі дамоў, маўляў, горача, жывёлу загналі ў лагер (дарэчы, загарадзь амаль не прыцененая). Цялушкі тут прастаяць, як мінімум, да 14-15 гадзін. Карыта для вады пакінута пустым і забруджаным, хоць бочка з вадой побач. Не пахла і зялёнай масай, якая павінна быць у такім выпадку ў кармушках. Як расказалі пастухі, на пашы для гэтага пагалоўя вадапой не арганізаваны, добра што непадалёку праходзіць меліярацыйны канал. Няма і электрапас тухоў.
Малочны статак з Рагачоўскай фермы гналі на дойку ў памяшканне — прама па непадкошанай траве, бо прагон не выгараджаны. Тут жа ўстаноўлена і перасоўная сістэма даення кароў, але чамусьці яна не дзейнічае. Праўленне гаспадаркі, спецыялісты, чаму?
А вось і пашавыя ўгоддзі СВК «Ліпнянка». Галоўны заатэхнік гаспадаркі Аляксандр Бурбіцкі задаволены станам травастою, асабліва на шматкампанентнай пашы.
— Хоць ужо чацвёрты год гэтым ўгоддзям, але сёлета ўраджай траў асабліва радуе. Адчувальная прыбаўка ў надоях: выйшлі з «мінуса» і сёння ўжо надойваем ад кожнай каровы на 800 грамаў больш, чым летась у гэты перыяд…
Аднак і тут патрэбна тэрмінова правесці догляд за пашай. Як зазначыў аграном па кормавытворчасці райсельгасхарчу Ігар Яварчук, ідэальна пасля падкошвання падкарміць травы азотам, што стала б гарантыяй наступнага багатага травастою. Гэта вельмі актуальна іменна ў перыяд дажджоў.
Добрае ўражанне і ад шматкампанентнай пашы ў СВК «Тальмінавічы». Але касіць і падкошваць яе неабходна яшчэ і па той прычыне, што перастаяць травы перш, чым статак справіцца з такой колькасцю сакавітага корму.
На гэты раз з наведаных адрасоў толькі ў СВК «Ляхавіцкі» мы ўбачылі поўнае захаванне тэхналогіі выпасу БРЖ. На падкошванні страўленых плошчаў у Русінавічах працавала касілка, яшчэ адна клала ў пракосы траву, якая ахвотна паядалася каровамі. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Ксёнжык прапанаваў пабываць на іншых пашавых угоддзях гаспадаркі, дзе таксама працавала тэхніка. Літаральна назаўтра тут планавалі распачаць нарыхтоўку кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне жывёлы.
Мы пабывалі ўсяго ў некалькіх гаспадарках раёна. А як абстаяць справы ў астатніх сельгаспрадпрыемствах, ці стане пашавы перыяд вызначальным у выхадзе малочнай жывёлагадоўлі з крызіснай сітуацыі?

Галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксей Шытаў пракаментаваў сітуацыю:
— Наступіў самы спрыяльны перыяд для малочнай жывёлагадоўлі, калі можна навярстаць упушчанае ў час зімоўкі. Для гэтага ўсім без выключэння патрэбна звярнуць увагу на арганізацыю начной пасьбы. Праўда, у многіх сельгаспрадпрыемствах ёсць праблема: пры дэфіцыце рабочай сілы цяжка знайсці падменных пастухоў. У такім разе ёсць яшчэ адзін спосаб — на ноч удосталь забяспечваць статак зялёнай масай пераважна бабовых культур. Як прыклад — СВК «Шлях новы», дзе ноччу каровы на пашы і забяспечаны зялёнай масай. Сёння тут дояць па 17 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Зазначу, што ў гэтай гаспадарцы самы большы малочны статак — 2700 кароў. Іменна захаванне тэхналогіі дазваляе тут у дзень дадаткова зарабіць прыкладна па 10 мільёнаў рублёў.
Толькі за кошт забеспячэння статка зялёнай масай павялічылі надоі ад каровы з 8 кілаграмаў малака да 11 у райаграсэрвісе. Паспяхова навёрстваюць упушчанае ў ДП «Нача». Ва ўсіх гаспадарках гэты метад абавязаны скарыстоўваць, толькі шкада, што адбываецца гэта так марудна.
Сёння па раёне ад кожнай каровы надойваюць па 14,8 кілаграма малака, аднак, мінулагодні вынік яшчэ не дасягнуты. У параўнанні з мінулым годам толькі за 4 месяцы года недададзена 1412 тон малака. Мінусуе СВК «Жарабковічы»: кожны дзень недадае па 5 тон малака. У гэтай гаспадарцы нічога не прадпрымаецца для паляпшэння сітуацыі.
Сваё меркаванне выказаў і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Павел Сіцько:
— Сапраўды, сёлетні пашавы перыяд спрыяльны для атрымання таннага і вялікага малака. З зімоўкі статак выйшаў здаровым: праведзены абследаванні на лейкоз, туберкулёз, бруцэлёз — усё ў норме. Цяпер галоўнае — правільна арганізаваць выпас жывёлы, падкормку, даенне. Статак, які пасвіцца па шматкампанентнай пашы (дзе пераважаюць бабовыя культуры), можна не падкормліваць канцэнтратамі. Каб забяспечыць належную тлустасць малака, абавязкова трэба ўключаць у рацыён грубыя кармы.
Для падкормкі неабходна здрабняць зялёную масу да 5-7 сантыметраў, мець пастаянна на пашы соль, мел, ваду.
У гэты перыяд вельмі многа ўсялякіх крывасмокаў — мошак, аваднёў, укусы якіх могуць адмоўна паўплываць на прадукцыйнасць жывёлы. Таму варта выкарыстоўваць прэпараты, якія іх адпужваюць.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *