Летні рэйд па прамзоне. Прадаўжаецца маніторынг навядзення парадку на Ляхавіччыне

У мінулы чацвер «веснікаўцы» і начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская адправіліся ў чарговы рэйд. Аб’ектам «чыстай» інспекцыі сталі на гэты раз вуліцы Арлоўскага, Працоўная, Вакзальная, Заходняя, завулак Вакзальны.

Вуліца Арлоўскага, 18.

На вуліцы Арлоўскага знаходзяцца як разнастайныя ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі, так і жылая забудова –шматкватэрнікі і прыватныя сядзібы. Неаднойчы да стану некаторых тутэйшых дваровых тэрыторый былі шматлікія пытанні і заўвагі ў санітарнай службы. Тычыліся яны дзіцячых гульнявых пляцовак, звалак будаўнічых адходаў, старых рэчаў. Справа не толькі ў эстэтычнасці такога кшталту «барыкад», немалаважны і аспект бяспекі. Мноства пытанняў з году ў год было да добраўпарадкавання мясцовых гаражных масіваў і кааператываў.

Адназначны плюс – так можна ахарактарызаваць парадак, чысціню, якой могуць пахваліцца тэрыторыі РАНС, райветстанцыі, ДРБУ-200, лясгаса, раёна газазабеспячэння.

Тэрыторыя раёна газазабеспячэння.

– Парадак тут падтрымліваецца пастаянна, а не ад выпадку да выпадку. Работнікі гэтых арганізацый актыўна ўдзельнічаюць у суботніках і разнастайных акцыях па навядзенні чысціні, – адзначае Марына Завадская і дадае: – Нарэшце навялі парадак, абкасілі тэрыторыі вакол знака на аб’язной дарозе – гэта зона адказнасці ДЭУ-24.

А вось са шматпавярховай забудовай зноў праблема. І справа не толькі ў тым, што не абсталяваны дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі і не акбошаны амаль па ўсім перыметры зараснікі бур’яну. У двары дома № 22 паламаная лаўка, каля аднаго з пад’ездаў дома № 20 – вялікая яма, з якой «вылезла» незразумелага паходжання канструкцыя. У двары дома № 18, з’язджаючы з дзіцячай горкі, трапляеш у зараснікі – недапрацавала КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

– Але ж і самі жыльцы дамоў маглі б талакой навесці парадак. Няўжо не хочацца, каб навокал было чыста, добраўпарадкавана і бяспечна, – разважае Марына Завадская.

І сапраўды, не трэба асаблівых намаганняў, каб абарваць тую ж крапіву ў двары, разабраць складзіраваныя абы-як тутэйшымі жыльцамі дошкі, адходы рамонтных работ, прыбрацца пад балконамі. А «шанхаі» напрыканцы большасці тутэйшых дваровых тэрыторый – гэта асобная размова. Як заўважыла Марына Завадская, такія самавольныя хлеў-чукі-забудовы незаконныя, яны не толькі псуюць знешні выгляд двара, але і ўяўляюць небяспеку.

Гэта ж тычыцца і цэлага «мікра-раёна» хлеўчукоў, складзікаў, куратнікаў і іншых невысокіх «церамкоў» якія раскватараваліся на няцотным баку вуліцы Арлоўскага за дзіцячым садком № 4. Менавіта там знаходзяцца і прыклады разнаполюснага падыходу да парадку.

Зараснікі па вуліцы Арлоўскага.

Побач суседнічаюць гаражны масіў і гаражны кааператыў «Дамкрат-2011». Неаднойчыткааператыў атрымліваў прадпісанні ад райЦГіЭ і землеўпарадкавальнай службы аб неабходнасці навесці парадак. У рэшце рэшт, прыбраліся. Праўда, адны добраўпарадкавалі, іншыя зноў стваралі бардак. Вось і падчас рэйду ўбачылі кучы з рэшткаў будматэрыялаў, старых слупоў і г. д.

На мінулым тыдні на гарачую лінію «ЛВ» патэлефанавала жыхарка дома № 67 па вуліцы Арлоўскага, якая надта абуралася, што камунгас ніяк не скосіць пустазелле ў двары іх шматкватэрніка. У камунгасе паабяцалі праблему вырашыць. Падчас маніторынгу не маглі не пацікавіцца канчатковым вынікам. Убачанае парадавала – бур’яна і след прастыў. А вось сама сітуацыя падштурхнула да пэўных разважанняў. На ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама кіраўнік раёна Мікалай Мароз канстатаваў, што асноўная частка пытанняў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў – зона адказнасці Ляхавіцкай ЖКГ, але і іншыя суб’екты і грамадзяне не павінны заставацца ў баку ад навядзення парадку і чысціні. Не варта забываць добрыя традыцыі – дваровыя ці вясковыя суботнікі. Такіх прыкладаў, калі агульнымі намаганнямі яшчэ ўчора непрывабныя тэрыторыі набываюць зусім другое жыццё, шмат. Чаму б не далучыцца да добрых спраў і жыльцам дамоў па вуліцы Арлоўскага, як гэта зрабілі іх суседзі з дома № 26: паставілі лаўкі, арэлі, упарадкавалі двор, уладкавалі клумбы – прыгожа і ўтульна. Дарэчы, пра кветнікі. Іх у дварах па вуліцы Арлоўскага шмат, і гэта пацвярджэнне, што людзі стараюцца ўпрыгожыць тэрыторыю, але рукі да ўсяго не даходзяць.

Што тычыцца прыватнай забудовы па вуліцы Арлоўскага, то тут амаль каля ўсіх падворкаў пакошана, прыбрана, чыста.

Заехалі і на так званую прамзону. Спачатку на вуліцу Працоўную. Дастойна ўладкавалі сваю тэрыторыю ТАА «ТМТ», ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», пастараліся і іншыя прыватнікі. Няма пытанняў і прэтэнзій да тэрыторыі ПМК-13, Ляхавіцкага ПМС. А вось да некаторых прыватных фірмаў ёсць пытанні па добраўпарадкаванні. Калі вытворчая тэрыторыя ВУП «Рамтранстрак» у ідэальным парадку (дарожкі заасфальтаваны, пад’езды добраўпарадкаваны), то насупраць – параслі кустоўем запчасткі, часткі аўто, іншай тэхнікі. Так, магчыма, гэта склад, але добраўпарадкаваць яго лішнім не будзе. Такая ж карціна па адрасе вуліца Працоўная, 7ж. Гаспадар тэрыторыі – Аляксей Раманаў. Не скажаш, што вакол ТАА «Ібіра» запусценне, але і да ідэальнага парадку далёка: раскідана смецце, пустазелле даўно не касілі. 

Яшчэ большы бардак і на наступным аб’екце. Памяшканне былога СПМК-18 выкупіла ТАА «Экаканцэпт», даўно збіраецца наладзіць уласную вытворчасць. А вось на тое, каб скасіць бур’ян і прыбраць смецце, часу не хапае…

Парк па вуліцы Вакзальнай  радуе – акуратна, падкошана. А вось вакол былога ГДК ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» (і зараз будынак знаходзіцца на балансе гэтай арганізацыі) аблюбаваў сабе месца бур’ян, ды і іншага беспарадку хапае.

Былы будынак ГДК райаграсэрвіса.

– Як бачна, ёсць пытанні і да РУП «Брэстэнерга». Каля ТП № 9 зараснікі кустоўя даўно перавысілі рост чалавека. А для таго, каб скасіць, многа часу не спатрэбіцца. Буяе пустазелле каля будынка былога гандлёвага цэнтра. І ўвогуле будынак у аварыйным стане, вось-вось разваліцца. Адназначна, сітуацыю неабходна выпраўляць, – падкрэслівае Марына Завадская.

Зона адказнасці РУП «Брэстэнерга».

Хочацца спадзявацца, што ў бліжэйшы час прадпрыемствы і арганізацыі, якім выказаны заўвагі, зробяць работу над памылкамі. І грамадзяне паклапоцяцца пра парадак у тых месцах, дзе жывуць і адпачываюць.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.