Вайна і мір Уладзіміра Дзядзечкі

У вёсцы Заліпенне жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Васільевіч Дзядзечка. Ён адзіны застаўся жывы сярод усіх сваіх землякоў, якія ваявалі на палях Вялікай Айчыннай. Працавіты, надзейны, адказны, няўрымслівы, з пачуццём гумару – такім быў і застаецца, нягледзячы на 87-гадовы ўзрост, шаноўны ветэран.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Уладзіміру было 18 гадоў. Падчас гітлераўскай акупацыі ён разам з дзядзькам ноччу адвозіў у лес адзенне і ежу для народных мсціўцаў, прыносіў патрэбныя звесткі пра ворага. А днём нарыхтоўваў з аднавяскоўцамі дровы, бо фашысты прымушалі працаваць на сябе, а калі хлопцы не выконвалі план (90 кубоў у дзень), то атрымлівалі па 25 удараў па спіне.
– У сакавіку 1943 года ў Заліпенні сагналі каля 30 юнакоў і дзяўчат для адпраўкі ў Германію. ”Я вырашыў, што трэба паспрабаваць уцячы, угаворваў і іншых, але ўсе баяліся, што фашысты іх могуць за-стрэліць”, – расказвае ветэран. Уладзіміру пашчасціла. Каля Падбарочча ў машыне лопнула шына. Пакуль выпраўлялі паломку, юнак саскочыў і пабег у кусты, толькі і чуў, як над ім свісталі кулі. Блукаў па лесе галодны і халодны. Хута-ранін каля Малышоў схаваў уцекача, не выдаў яго фашыстам.
Пасля вызвалення Ляхавіччыны Уладзіміра Дзядзечку прызвалі ў дзеючую армію. Кулямётчык 76-й Чарнігаўскай гвардзейскай дывізіі са сваім баявым “максімам” праявіў мужнасць і гераізм у баях за вызваленне Польшчы, пры фарсіраванні Віслы, разам з аднапалчанамі прымаў удзел у баях за ўзяцце Берліна. Узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені, медалямі, якія цяпер зіхацяць на святочным пінжаку. У мірны час працаваў у лясніцтве і мясцовым калгасе, заўсёды добрасумленна адносіўся да сваіх абавязкаў. Галоўнае яго багацце – 5 дзяцей, 11 унукаў і 5 праўнукаў. Разам з імі ветэран адзначыць юбілей Вялікай Перамогі.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *