Агроусадьба «Медуніца» в Ляховичском районе предлагает рай для туристов

Хто не марыць трапіць у царства некранутай прыроды, дзе чыстыя лугавыя травы, крыштальная вада рэчкі ці возера, лясы з гаючым паветрам і непаўторна блакітнае неба? А ці знойдзецца той, хто супраць з камфортам адпачыць, папарыцца ў лазні, паплаваць у вадаёме, пагуляць у тэніс ці більярд — сумясціць прыемнае з карысным, забыцца пра гарадскую мітусню? Апошнім часам такі агратурызм надзвычай запатрабаваны. А, як гаворыцца, попыт нараджае прапанову, і аграэкасядзібы па ўсёй краіне растуць, бы грыбы пасля дажджу.
Як расказалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у нашым раёне афіцыйна зарэгістравана 5 аграсядзіб, аднак, па розных прычынах рэальна дзейнічае пакуль толькі адна — «Медуніца».
…Некалькі кіламетраў ад Ляхавіч (на аўтамабілі хвілін 10 язды) — і трапляеш на ўскраек вёскі Набярэжная, а дакладней на вуліцу Ціхая, 27 — у куток камфорту і дамашняй утульнасці. Адразу кідаюцца ў вочы добраўпарадкаванасць і дагледжанасць тэрыторыі вакол кампактнага двухпавярховага доміка: кветкі, газоны з падстрыжанай траўкай, абсталяваная пляцоўка з мангалам, дзе можна самастойна прыгатаваць шашлыкі. Недалёка ад дома — сажалка. Напэўна, на яе загарацца вочы ў аматараў рыбнай лоўлі. Побач — бераг Шчары, па воднай гладзі можна пакатацца на лодцы.
Дом звонку падобны на церамок, але не цесны — 12 спальных месцаў. Тут усё для зручнасці адпачываючых: аддзелка з натуральнага дрэва, пакоі абстаўлены сучасна і камфортна. На другім паверсе — більярдная зала. Паклапаціліся гаспадары «Медуніцы» і пра тых кліентаў- турыстаў, якія не ўяўляюць сваё жыццё без чытання — у невялікай асабістай бібліятэцы кнігі самых розных жанраў і аўтараў. Нават калі за акном не сціхаюць дажджы ці гаспадарыць сцюдзёная зіма, адпачынак будзе прыемным і запамінальным: аматараў памарыць, сабрацца з думкамі ля агню ва ўтульным крэсле чакаюць 2 каміны. Ёсць тут і спадарожнікавае тэлебачанне, якое дапаможа быць у курсе ўсіх падзей у краіне і свеце.
— Ідэя стварэння аграсядзібы прыйшла неяк сама па сабе. Вырашыў паспрабаваць — атрымалася. І вось ужо шосты год з задавальненнем прымаем шматлікіх наведвальнікаў, — расказвае гаспадар «Медуніцы» наш зямляк Аляксандр Панфіла.
З моманту заснавання аграсядзібы тут адпачнулі больш за тысячу чалавек. Прычым, «Медуніца» папулярная і запатрабаваная не толькі сярод землякоў. Тут з задавальненнем адпачывалі госці з блізкага і далёкага замежжа: расіяне, амерыканцы, італьянцы, швейцарцы, палякі і нават жыхары Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі. Што датычыцца апошніх, то, як расказаў Аляксандр Панфіла, гасцям з ПАР асабліва спадабалася саўна, а потым акунанне ў ледзяную палонку.
Аграсядзіба на ўскрайку Набярэжнай не пустуе ў любую пару года. Аднак, найбольш турыстаў сюды спяшаецца ўсё ж летам: менавіта ў цёплую пару года значна больш спосабаў адпачынку. Акрамя ўзгаданай рыбалкі на вадасховішчы Мінічы і катання на лодцы, можна паблукаць па лесе, які непадалёку, назбіраць ягад-грыбоў, паслухаць птушыныя спевы.
А вось разнастайныя банкеты, карпаратывы, сямейныя святы і юбілеі не маюць сезонных межаў: масавы адпачынак з культурнай праграмай у гэтай аграсядзібе надзвычай папулярны.
Здавалася б, справы ідуць няблага і гаспадару «Медуніцы» можна асабліва не задумвацца, як пашырыць агратурыстычны бізнес. Аднак, Аляксандр Панфіла не з тых, хто спыняецца на дасягнутым. Напрыклад, з’явілася новая ідэя.
— Вакол праходзіць абаронная лінія часоў Першай сусветнай вайны, да нашых дзён захаваліся старыя доты і дзоты. Планую праводзіць экскурсіі па гэтых гістарычных мясцінах. Упэўнены, гэта зацікавіць не толькі беларусаў, але і замежных турыстаў, — дзеліцца задумкамі Аляксандр Панфіла.
Шкада, што ў нашым раёне толькі адна дзеючая кропка такога кшталту. Хаця на Ляхавіччыне нямала прыгожых краявідаў, месцаў, дзе можна стварыць цудоўныя ўмовы для культурнага і ўтульнага адпачынку. Тым больш, што такія пачынанні падтрымлівае дзяржава. Як расказаў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне Анатолій Жабік, згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 372 ад 2.06.2006 года «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь», штогадовы аднаразовы збор за ажыццяўленне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму складае ўсяго адну базавую велічыню (100 тысяч рублёў).
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Агроусадьба «Медуніца» в Ляховичском районе предлагает рай для туристов

  • 09/08/2013 в 16:22
    Permalink

    там действительно красивое место

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *