Ляхавічы: бальніца пачынаецца з прыёмнага пакоя

Прыёмны пакой цэнтральнай раённай  бальніцы — важнае аддзяленне ў структуры стацыянара. Яго супрацоўнікі першымі сустракаюць пацыентаў: тут праводзяцца рэгістрацыя, прыём, першасны агляд, афармленне дакументаў. А іншы раз людзі прыходзяць сюды проста пракансультавацца.
Ад таго, наколькі хутка і зладжана спрацуе калектыў прыёмнага пакоя, залежыць самаадчуванне пацыента, а часам і жыццё, бо работнікі павінны адразу ацаніць стан хворага, своечасова аказаць даўрачэбную дапамогу, напрыклад, спыніць крывацёк ці памераць крывяны ціск, запрасіць патрэбнага спецыяліста да хворага і выканаць усе прызначэнні ўрача. У прыёмным пакоі цэнтральнай раённай бальніцы да кожнага паступаючага — індывідуальны падыход і клапатлівыя адносіны.
У аддзяленне прыходзяць самастойна са скаргамі на хваробу, сюды пацыентаў дастаўляюць машыны ”хуткай медыцынскай дапамогі”, напрыклад, калі гэта няшчасны выпадак, траўма, вострае захворванне або абвастрэнне хранічнага. Сюды ж звяртаюцца па накіраванні ўрачоў з паліклінікі. Хворага рэгіструюць, дзяжурны доктар праводзіць медыцынскі агляд, падчас якога вырашаецца пытанне аб шпіталізацыі, калі неабходна, праводзяцца санітарна-гігіенічныя працэдуры, лабарант бярэ аналізы, калі патрэбна — робяцца рэнтгенаўскія здымкі, ультрагукавое даследаванне, ФГДС, кардыяграма. Запаўняецца медыцынская карта стацыянарнага пацыента, і яго накіроўваюць у аддзяленне.
Прыёмны пакой Ляхавіцкай ЦРБ пачынае сваю гісторыю з 1988 года, першым яго загадчыкам была Аліна Курловіч, пасля яе аддзяленне ўзначаліў Аляксей Новік. Сёння ў пакоі працуюць 4 медсястры: Алена Ракуць (яна выконвае абавязкі старшай медсястры), Ганна Папко, Людміла Мішкевіч, Кацярына Буйкевіч. За парадкам сочаць санітаркі Вера Пранчак, Жанна Сыцько, Іна Русін, Таццяна Бабок. Пасады загадчыка аддзялення і старшай медсястры вакантныя. Працуюць па зменах (змена — 12 гадзін) па 2 чалавекі: медсястра і санітарка, а ў ноч, выхадныя, святочныя дні яшчэ і дзяжурны ўрач. Прыёмны пакой працуе кругласутачна, за суткі праз яго праходзіць 30-35 чалавек. За апошнія, напрыклад, 4 чалавекі прывезла «хуткая дапамога», са скаргамі звярнуліся 6, па накіраванні ўрачоў з паліклінікі — 15. У аддзяленні вядзецца ўлік траўмаў з крымінальным характарам, сёлета такіх ужо 45.
У прыёмным пакоі працуюць людзі кампетэнтныя, уважлівыя, чулыя. Кожны дзень у іх здараюцца сітуацыі, у якіх галоўнае — не разгубіцца, бо часу для роздумаў няма. Неабходна проста выканаць свой абавязак — выратаваць чалавека. І яны гэта робяць.

Маргарыта
КУХТА,
студэнтка Інстытута
журналістыкі  БДУ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *