Са старонак «ЛВ» неаднойчы гучалі гісторыі з жыцця сям’і нашых колішніх землякоў Бохвіцаў

Паўлінава, 1920 год. Бруна Бохвіц трэці злева.

З гэтымі высокаадукаванымі і таленавітымі людзьмі звязана цэлая эпоха ў культурным жыцці нашага рэгіёна.
Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў дынастыі — пісьменнік і мысліцель, аўтар некалькіх філасофскіх работ Фларыян Бохвіц жыў у ХІХ стагоддзі. У цэнтры ўвагі яго філасофскага вучэння — маральныя і педагагічныя праблемы. Насуперак ідэям вальнадумства і атэізму, якія панавалі ў эпоху Асветніцтва, мысліцель адстойваў вяршэнства рэлігіі ва ўсіх думках і справах. Фларыян Бохвіц таксама распрацаваў шэраг тэм грамадска-палітычнага і этнічнага характару, у аснове якіх — важнасць і важкасць працы ў жыцці грамадства, беражлівыя адносіны да ўласнай маёмасці і павага да дзяржаўнай законнасці.

Дзеці і ўнукі Фларыяна таксама былі ўсебакова развітымі асобамі. Напрыклад, сын Ян Отан — актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года, пісаў вершы, быў граматным спецыялістам у сельскай гаспадарцы. Гэта менавіта ён заснаваў найпрыгажэйшыя сядзібы — Фларыянава (сённяшняя назва — Флер’янова) і Паўлінава, якія потым перадаваліся ў спадчыну.
Што датычыцца Паўлінава, то сядзіба была заснавана на пачатку мінулага стагоддзя ў адным з самых лясістых куточкаў Брэстчыны (цяпер гэта тэрыторыя Баранавіцкага раёна) на беразе рэчкі Качарышка. У 1906 годзе тут быў пабудаваны цудоўны дом у эклектычным стылі, які стаў любімым месцам адпачынку для некалькіх пакаленняў сям’і Бохвіцаў. У 1909 годзе ў Паўлінава на аўтамабілі прыязджала пісьменніца Эліза Ажэшка, якая адпачывала ў той час у Фларыянаве. Старэйшы сын Яна Тадэвуш Бохвіц быў блізкім сябрам Элізы Ажэшка. Іх асабістая перапіска склала больш за 300 старонак мастацкай прозы.
Думаю, чытачам раёнкі будзе цікава пазнаёміцца з некалькімі фотаздымкамі, якія расказваюць пра жыццё іншых прадстаўнікоў сям’і Бохвіцаў.
На датаваным кастрычнікам 1920 года фотаздымку — Бруна Бохвіц, адзін з унукаў Яна Отана. На адваротным баку надпіс: «Школьная артылерыйская група, трэніровачны цэнтр, перакладчык інструктарскага курса для артылерыйскіх унтэр-афіцэраў Бруна Бохвіц. Падгуж, Таруньскі павет». Бруна нарадзіўся ў 1903 годзе ў Варшаве. У 1919-1920 гадах быў студэнтам Віленскага ўніверсітэта, дзе вывучаў сельскую гаспадарку. У 1943 годзе падчас фашысцкай акупацыі ён быў арыштаваны нацыстамі, знаходзіўся ў лагеры вёскі Калдычова каля Баранавічаў, пазней вывезены на прымусовыя работы ва Усходнюю Прусію. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Бруна Бохвіц жыў у Варшаве, быў супрацоўнікам польскага Чырвонага Крыжа. Памёр у 1993 годзе.
Пра тое, што гэты чалавек перыядычна наведваў радавыя сядзібы, сведчыць, у тым ліку, і яшчэ адзін фотаздымак, зроблены ў Паўлінаве і датаваны 1920 годам. На ім Бруна Бохвіц (трэці злева) сярод удзельнікаў зімовага палявання на зайцоў і рысяў. На пачатку мінулага стагоддзя паляванне было адным з любімых заняткаў дваранства. У вялікіх сядзібных парках і асабістых лясных угоддзях ладзіліся шыкоўныя паляванні, часта з удзелам вялікай колькасці гасцей. Вось і малады Бруна Бохвіц не адмовіў сабе ў задавальненні папаляваць у адным з лясных куткоў.
Дзмітрый ЗАГАЦКІ,
г. Баранавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *