Прыёмы лета. У Ляхавіцкай СДЮШАР працуе спартыўны лагер «Каласок»

Адпачынак, трэніроўка і аздараўленне – па такой праграме працуе спартыўны лагер «Каласок» у СДЮШАР. Сотня юных спартсменаў з першага дня лета тут цікава і актыўна праводзіць час.

Кожны дзень змены «Алімпійская надзея» даволі насычаны і прадуманы да дэталяў. Збор, лінейка і зарадка – так пачынаецца спартыўная раніца. Пасля па атрадах прадугледжаны заняткі па інтарэсах, далей дзве вучэбна-трэніровачныя гадзіны. Заняткі размежаваны па відах спорту: футболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы і гандболе. Але, калі дазваляе надвор’е, праводзяцца ў летнім рэжыме ў гульнёвай форме на паветры. Да паслуг адпачывальнікаў усе памяшканні СДЮШАР: гандбольная і футбольная залы, зала для заняткаў дзюдо, гульнёвыя, лёгкаатлетычны манеж і іншыя. Працягваюць маршрут вольнага часу конкурсныя праграмы, гульні-падарожжы, міні-турзлёты і г. д. Феерверк эмоцый і мноства фотаздымкаў прывезлі рабяты з парка «Дыпрыз». Экскурсія і многія іншыя мерапрыемствы сталі магчымы, дзякуючы спонсарскай дапамозе СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Жарабковічы», ПВУП «Ляхавічыбудтранс», ТАА «Кампазітная Кампанія», ТАА «Трансэлектра-камплект» і ІП Андрэй Ізафатаў.
Важны момант, акрамя забеспячэння бяспекі юных спартсменаў, харчаванне. Тры разы на дзень (сняданак, абед і падвячорак) гатуюць для рабят повары райпо ў каледжскай сталовай. Меню збалансаванае і разнастайнае, стравы смачныя і карысныя. Напрыклад, у адзін з дзён на сняданак была птушка, тушаная ў соусе з агароднінай, свежы агурок, кафейны напітак з малаком. Абед складаўся з салату, супу бульбянога з макаронамі, галубцоў, кампоту. На падвячорак давалі салат, блінчыкі, кефір і кандытарскія вырабы.
У 15 гадзін юныя спартсмены адпраўляюцца дадому.
– У спартыўным лагеры рабяты, акрамя іншага, вучацца сябраваць, ладзіць з равеснікамі, быць камандай. У спартыўным жыцці без гэтага ніяк. І, галоўнае, яны не сядзяць тут у тэлефонах – увесь дзень распісаны па хвілінах, – падкрэслівае дырэктар лагера Наталля Богуш.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аляксей АНІКЕЙ, дзюдаіст:
– Няма такога лета, каб я не адпачываў у спартыўным лагеры. Тут па-суперску! Займаемся тым, што вельмі любім, спортам. З намі нашы трэнеры і цудоўны настрой.
Марыя БОГУШ, дзюдаістка:
– У лагеры мне падабаецца ўсё! Я тут з першага класа. Мы не толькі класна адпачываем, але і трэніруемся, адпрацоўваем прыёмы.
Цімур ПЛЕЎСКІ, лёгкаатлет:
– «Каласку» штогод стаўлю дзясятку з плюсам. Самы лепшы лагер! А яшчэ тут смачна кормяць. Вельмі спадабалася паездка ў парк «Дыпрыз».
Аліна БАЙРАШЭЎСКАЯ, дзюдаістка:
– Спорт для мяне – важная частка жыцця. Таму добра, што і на канікулах можна працягваць трэніроўкі і многаму навучыцца. А яшчэ тут сябры. З імі мы адна каманда на спаборніцтвах, цікава разам і адпачываць.