Імя Генадзія Валюкевіча добра знаёма вельмі многім ляхавічанам

І ў мінулым годзе Генадзій Валюкевіч пабываў у Ляхавічах.

Мой родны кут.  Гэтыя і далей па тэксце словы ва ўнісон класіку гатовы паўтараць і наш зямляк – знакаміты Генадзій Валюкевіч.

Калі скласці рэйтынг прыцягальнасці, значнасці, важнасці ў жыцці і роднасці мясцін, для Генадзія Валюкевіча спіс, вельмі верагодна, будзе мець наступны выгляд: Беларусь, Ляхавіччына, Ліпск. Працягваючы напачатку ўзятую стылістыку, можна прыйсці да вобраза – кут, куток, куточак. Пачнём з апошняга, дзе закладваліся асновы, стартаваў спартсмен, фарміраваўся чалавек.
– Роднае гняздо. Усё пачыналася іменна тут. Фарміраваўся ўнутраны светапогляд, закладваўся і складваўся характар. Дзе б ні знаходзіўся, а за гады спартыўнай кар’еры ды і пасля паездзіць давялося шмат, заўсёды цягнула дамоў. Вельмі цёплыя ўспаміны пра Ляхавічы, раён, канешне ж, асабліва блізкі сэрцу Ліпск. Пры ўсякім раскладзе, калі ад маёй сціплай персоны нешта залежыць, імкнуся лабіраваць інтарэсы сваёй маленькай радзімы. Дзяцінства, падлеткавыя гады ў роднай вёсцы лічу самым лепшым часам у жыцці. Хоць у гэтым я не арыгінальны, такі парадак каштоўнасцей характэрны многім людзям. Шкада, бацькоў ужо не стала, – так падчас адной з сустрэч у спартыўнай зале Ляхавіцкай ДЮСШ разважаў Генадзій Іванавіч.
Шчырасць слоў, іх сардэчнасць не выклікаюць ні кроплі сумнення, пацвярджаюцца справамі. Сярод дабрачынных спраў – дапамога роднай Ліпскай школе, дзе вучань Валюкевіч зрабіў першыя чатыры крокі да ведаў, дзе пачынаўся яго разбег да скачка, у тым ліку і на вяршыню еўрапейскага п’едэстала. У сувязі з чым дарэчы будзе ўзгадаць тагачаснага настаўніка фізічнай культуры Ліпскай СШ Рамана Адамавіча Ходара, з чыёй, вельмі верагодна, “падачы” вясковы хлопец захапіўся лёгкай атлетыкай, каб з часам стаць яе міжнародным майстрам.
Нялёгкі спорт – лёгкая атлетыка. Чаму абраў іменна трайны, што да таго падштурхнула? – адназначна і зараз не магу сказаць. Магчыма, “улавіў” і, што называецца, прыйшлося да смаку характэрнае віду пачуццё палёту, спрацавала нешта на ўзроўні падсвядомасці, сказалі сваё слова гены? Ніхто ж не стане аспрэчваць значнасць факта асабістай схільнасці чалавека да таго ці іншага віду дзейнасці. Але ўсё дасягаецца працай – толькі ў такім выпадку праявіцца ўсё богам у чалавека закладзенае. Раней як: калі работа, дык выходзілі ўсе – і старыя, і малыя. Адным словам, да працы прывучаліся з дзяцінства, што першачаргова і ў спорце, і наогул у жыцці, – гаворыць Генадзій Іванавіч.

Майстар з пераможцамі і прызёрамі «свайго» турніру.

Публічныя сустрэчы Валюкевіча з землякамі адбываюцца штогод і сталі ўжо не проста традыцыяй – справядліва будзе назваць іх адметнай падзеяй восені. Калі больш дакладна, спартыўнай падзеяй. 26–27 кастрычніка мінулага года прайшоў ужо сёмы дзіцяча-юнацкі турнір па лёгкай атлетыцы на прызы Генадзія Валюкевіча. Адкрыты фармат турніру дазваляе стартаваць юным лёгкаатлетам з іншых гарадоў і раёнаў. Пачынаўся як абласны, “вырас” і некалькі апошніх гадоў мае ўжо статус рэспубліканскага. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічаюць у розных бегавых дысцыплінах, скачках у даўжыню, трайным, канешне ж.
Акрамя дэбютнага года, Генадзій Валюкевіч з’яўляецца нязменным ганаровым удзельнікам турніру. Адкрывае спаборніцтвы, асабіста ўручае прызы пераможцам і прызёрам. Прыязджае, як правіла, не адзін. Памятаецца, у розныя гады ў ліку гасцей турніру былі выдатны ў мінулым дзюдаіст Віталій Песняк, жонка Генадзія Ірына, іх сын Дзмітрый. Таксама, дарэчы сказаць, людзі спорту. Вось што, напрыклад, пісала 10 гадоў таму адно з вядучых рэспубліканскіх выданняў. “На маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў польскім горадзе Быгдашч вельмі варта выступілі юнакі і дзяўчаты з Беларусі. Чэмпіёнамі кантынента ў штурханні ядра сталі Наталля Харанека і Павел Лыжын, у скачку трайным Дзмітрый Валюкевіч. Варта сказаць, што за выступленнямі Дзмітрыя на першынстве многія назіралі з асаблівай цікавасцю. Як аказалася, і спецыялісты, і нават балельшчыкі яшчэ памятаюць выступленні яго бацькі Генадзія Валюкевіча, які не раз заваёўваў узнагароды на самых прэстыжных турнірах, ды і маці Ірына была адной з мацнейшых у СССР у скачках у даўжыню. Бацькоўскія гены, мяркуючы па ўсім, – вялікая сіла…”
Складваецца ўражанне, што ген спартыўнасці ад нараджэння закладзены ці не ў кожнага з землякоў Валюкевіча. Вядомымі і паважанымі ў свеце вялікага спорту застаюцца імёны Вячаслава Дыдышкі і Людмілы Пастарнакевіч – адпаведна, шахматыста – міжнароднага грасмайстра і лёгкаатлеткі – майстра спорту міжнароднага класа. Згадзіцеся, тры яркія спартыўныя зоркі для аднаго не самага буйнога сельскага населенага пункта – вельмі многа.
Але не ўсё: вынік будзе выключна выдатным, калі ўзгадаць тых з “ліпчакоў”, хто не стаў спартсменам з вялікай літары, аднак, застаўся ў спорце – прысвяціў сябе фізкультурна-педагагічнай дзейнасці. Тых з выпускнікоў Ліпскай сярэдняй, хто сам зараз з’яўляецца школьным настаўнікам фізічнай культуры і здароўя толькі ў нашым раёне, атрымалася налічыць аж шэсць чалавек! У гарадской СШ № 1 даўно і вынікова працуе Анатолій Малевіч, у Зубелевіцкай базавай – Віктар Пастарнакевіч, у Начаўскай – Васілій Пастарнакевіч, у Востраўскай – Аляксандр Сахон і Валянцін Дыдышка, намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці Ляхавіцкай ДЮСШ працуе Зоя Гатоўчыц. Пералік, магчыма, і не поўны, аднак, тлумачыць і значыць многае.
У кастрычніку ці, як і ў некаторыя з гадоў, у лістападзе Ляхавічы гатовы сабраць чарговы адкрыты рэспубліканскі дзіцяча-юнацкі турнір па лёгкай атлетыцы на прызы знакамітага земляка. Нягледзячы на практычна татальную па справах бізнесу занятасць, канешне, чакаем і самога Генадзія Валюкевіча.
Але чаму бізнес, а не, напрыклад, трэнерская кар’ера? Вопыту ж і ведаў, аўтарытэту ў спартыўных колах дастаткова, займаць не спатрэбіцца. У адным з інтэрв’ю Генадзій Валюкевіч так абгрунтаваў сваю пазіцыю.
Мабыць, у свой час я залішне стаміўся ад спорту. Трэнер з мяне, мне здаецца, ніколі б не атрымаўся. Хоць па адукацыі я выкладчык фізічнай культуры. Да трэнерства мяне ніколі не цягнула. Пасля спорту хацелася, наадварот, рэзка змяніць сферу дзейнасці. І, як быццам бы, гэта атрымалася. – І далей, але ўжо з асабістай гутаркі з былым спартсменам і дзеючым бізнесменам:
… Трэба бегаць, скакаць, упірацца. Спорт дае вялікі штуршок у жыцці. Я нават сказаў бы ў жыццё. Спачатку ты на спорт працуеш, пасля ён на цябе…
Варта прыслухацца юным, маладым, перспектыўным. Тым, хто, як сцвярджаў яшчэ адзін класік, абдумвае жыццё.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з архіва «ЛВ».

2 thoughts on “Імя Генадзія Валюкевіча добра знаёма вельмі многім ляхавічанам

  • 10/10/2013 в 09:48
    Permalink

    Гена молодец. И как спортсмен и как человек. Честь и уважение!

  • 10/10/2013 в 15:36
    Permalink

    Поддерживаю. Не забыл земляков. Вот бы так все. Знаю, и школе Липской помогает.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *