1 кастрычніка запушчана новая малочная даільная зала на малочнатаварнай ферме “Вялікая Лотва”

Тэрыторыя МТФ «Вялікая Лотва».

«І новая ферма ў прыдачу».

За новымі тэхналогіямі, якія пастаянна ўкараняюцца ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, паказчыкамі і дасягненнямі не забываюць тут, што аснова асноў, пачатак і працяг усяго – чалавек працы, людзі, якія добрасумленна з дня ў дзень працавалі і працуюць на палях, фермах, у вытворчых майстэрнях, зводзяць дэбет з крэдытам, складаюць планы, прагназуюць. Так і толькі так ставяцца да сваіх працаўнікоў у самым буйным і адным з самых стабільных сельгаспрадпрыемстваў раёна – СВК “Шлях новы”.

— Важна знайсці падыход да чалавека, незалежна ад таго, галоўны заатэхнік ён ці механізатар, аграном ці аператар машыннага даення, зацікавіць ідэяй, даць зразумець, што яго праца і веды патрэбны гаспадарцы, вёсцы, землякам. Не менш важна забяспечыць сучасным жыллём, камфортнымі бяспечнымі ўмовамі працы і адпачынку, даць магчымасць зарабіць дастойныя грошы за сваю работу – гэта аснова кадравай палітыкі, – сцвярджае старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Вашчук.

Працаваць у “Шляху новым” прэстыжна. Ды і сярэднямесячная зарплата тут складае 4350000 рублёў. Напярэдадні святаў – прэміі кожнаму, у тым ліку і ветэранам сельгасвытворчасці. А яшчэ, як само сабою зразумелае, – апрацоўка прысядзібных участкаў, пасадка і ўборка бульбы, выдзяленне ўчасткаў для нарыхтоўкі кармоў для падсобнай гаспадаркі, забеспячэнне зернем, сенам, саломай. Усё гэта дытычыцца і тых, хто яшчэ нядаўна працаваў у СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, а з сакавіка гэтага года стаў паўнапраўным членам аб’яднанага “Шляху новага”. Зараз у СВК працуе больш за 500 чалавек, сельгасугоддзі налічваюць 8489 гектараў. Гаспадарка неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў на жніве, у жывёлагадоўлі, конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод сельгаспрацаўнікоў. Сёлета “Шлях новы” – лепшы на Брэстчыне па вытворчасці піваварнага ячменю.

Механізатар Уладзімір Махнач паспяхова працаваў на ўборцы цукровых буракоў.

1 кастрычніка запушчана і новая малочная даільная зала на малочнатаварнай ферме “Вялікая Лотва”, пабудаваная згодна дзяржаўнай праграмы мадэрнізацыі МТФ. Цяпер тут штодзённа дояцца 600 буронак, якія знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні. Ферма пабудавана па новых сучасных тэхналогіях. Увядзенне яе ў строй дазволіла павялічыць дойны статак адразу на 200 галоў. Адпаведна, палепшыліся і надоі. І тут СВК “Шлях новы” зноў у перадавіках, бо менавіта ў гэтай гаспадарцы адзіная ў раёне ферма такога кшталту.

Прозвішчы працаўнікоў СВК гучаць сярод пераможцаў. Па выніках жніва-2013 старшы камбайнер Васілій Шадура першынстваваў сярод маладзёжных экіпажаў у абласным спаборніцтве на ўборцы ўраджаю зерневых. Імёны аператараў зернесушыльных комплексаў Васілія Судніка, Мікалая Правалава, Віктара Вардугіна заўсёды будуць асацыявацца з перамогай у рэспубліканскім спаборніцтве на жніве. Паспяхова спрацаваў СВК па вытворчасці піваварнага ячменю, і як вынік – 1 месца ў абласным спаборніцтве. Парадавала зерне (сярэдняя ўраджайнасць 46,1 цэнтнера з гектара), цукровыя буракі (458 цэнтнераў з гектара), нарыхтоўка кармоў (21,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы) – і 2 месца ў раённых спаборніцтвах у гэтых трох намінацыях.

А механізатар Аляксандр Маслаў заняў у абласным спаборніцтве 3 месца сярод вадзіцеляў на адвозцы кармоў. Па выніках сельскагаспадарчага года ў раённым конкурсе ”Лепшы па прафесіі” пераможцамі сярод іншых сталі галоўны энергетык гаспадаркі Раман Сарокін, трактарысты-машыністы Аляксандр Прыхач і Васілій Варанчак, вадзіцель Юрый Малевіч.

Стабільна працуе сельгаспрадпрыемства і ў жывёлагадоўлі. Тут самае вялікае пагалоўе БРЖ – 6512 (з якіх 2710 – дойнага статка). За 10 месяцаў надой на адну карову ў сярэднім складае 4486 кілаграмаў (сярэднераённы паказчык – 3964 кілаграма). Лепшы вынік у гаспадарцы забяспечылі аператары машыннага даення Аліна Хмарук і Вольга Сідорык. Паспяховы гэты год і для аператара па дарошчванні маладняку БРЖ Іны Палтаўцавай.

Выпрацоўка на аднаго работніка сельгаскааператыва за 10 месяцаў склала 196,8 мільёна рублёў (сярэднераённы паказчык – 163,7 мільёна рублёў).

Клапоціцца гаспадарка і пра падрастаючае пакаленне, будучую сваю працоўную змену. Спонсарская дапамога падшэфным школам і дзіцячым садкам, на культурныя і спартыўныя мерапрыемствы – гэта звычайная справа. СВК пайшоў далей: стымулюе вясковых вучняў да паспяховай вучобы, выдатнікі атрымліваюць грашовае заахвочванне. А 3 лепшыя па выніках вучобы класы прэміруюцца экскурсіяй па абраным маршруце па Беларусі за кошт сродкаў гаспадаркі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *