Дар зямлі і рук працавітых

Вадзіцель Уладзімір Дрэка

Жывёлаводы СВК “Дарава”, як і планавалі, павялічылі малочны статак на 50 кароў, і цяпер у гаспадарцы дояцца 615 буронак. Гэты прырост стаў рэальнасцю пасля таго, як зрабілі дабудовы да двух кароўнікаў. Дарэчы, утрыманне жывёлы арганізавалі на глыбокай падсцілцы, механізавалі многія працэсы, у тым ліку кармлення. Дабавілася пагалоўе, і СВК “Дарава” – сярод лепшых гаспадарак раёна па шчыльнасці дойнага статка: на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў прыпадае 33 каровы.

Не толькі на Літоўскай МТФ шчыруюць жывёлаводы. На Лабузоўскай ферме па дарошчванні БРЖ, якую ўзначальвае Кацярына Гладкая, справы ладзяцца. Як, дарэчы і на ферме ў Малым Падлессі, дзе вырошчваюцца цялушкі. Калектыў, якім кіруе Галіна Мацуль, стараецца дабівацца добрых сярэднясутачных прываг.

А хлебаробы СВК “Дарава” з кожнага гектара ўзялі сёлета па 40 цэнтнераў зерня. Шчыравалі на палетках 4 зернеўборачныя экіпажы, з якіх выдзяляўся намалотамі сямейны: Яўгеній Курылік з сынам Віталіем крыху не дацягнулі да тысячнага намалоту. Вадзіцель МАЗа Уладзімір Дрэка стаў лідарам у раённым спаборніцтве на адвозцы зерня.

Валавы намалот 2607 тон – зразумела ж, не мяжа для тутэйшых хлебаробаў, як і сённяшнія надоі і прывагі жывёлы. Для далейшай паспяховай дзейнасці ўмацоўваюць машынна-трактарны парк. Сёлета набылі комплекс па нарыхтоўцы кармоў КВК-80, раскідвальнік мінеральных удабрэнняў, касілку КПР-9 і іншы прычапны інвентар да трактараў.

– Няхай сабе сёлета нам не ўсё ўдалося зрабіць так, як планавалі, – гаворыць старшыня сельгаскааператыва Уладзімір Пятроўскі. – Але я хачу сказаць дзякуй за працу сваім землякам – яны наша асноўнае багацце. А год наступны, спадзяюся, будзе больш шчодрым, прынясе новыя працоўныя набыткі.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *