Ласкавы чэрвень

У адрозненне ад свайго папярэдніка першы летні месяц, па надвор’і іменна такім і з’яўляецца. Можна нават пачуць незадаволенасць з нагоды гарачыні, што назіраем і адчуваем. Апошняе, аднак, — не пра працаўнікоў аграрнай сферы. Наадварот, для іх падобная спрыяльнасць — доўгачаканы знак і бы спадарожны вецер пасля працяглага штылю для парусніка.
Як вынік — даволі круты ўзлёт аб’ёмаў корманарыхтовак у гаспадарках раёна толькі за апошнія дні тры-чатыры. Так «сенавал» раёна за перыяд з канца мінулага тыдня і на дзень учарашні ўзрос утрая і дасягнуў амаль 1400 тон. Гэта ў межах адной пятай часткі ад вызначанага, але ж год таму падобны паказчык зусім сціпла перавышаў нейкую сотню тон.
У разрэзе ж асобных сельгаспрадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу найбольш блізка да планавых паказчыкаў сенанарыхтоўкі наблізіліся ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Канюхі», «Дарава», «Востраў-Агра», КУСГП «Нача». У плане абсалютных лічбаў прывабна выглядае СВК «Шлях новы», дзе нарыхтавана і захавана 185 тон пажыўнага і жаданага фуражу. Часткова спрасаваным у прыкладна двухцэнтнеравыя рулоны, а часткова — шляхам прамога сціртавання ў непасрэднай блізкасці ад МТФ. За гэтым заняткам мы і засталі працаўнікоў «Шляху новага», калі ў панядзелак наведаліся на адзін з тамтэйшых шматгадовых травяных палеткаў. Блізкае — пара сотняў метраў — размяшчэнне палетка ад малочнатаварнай фермы «Вялікая Лотва» і вызначыла спосаб нарыхтоўкі. Як растлумачыў намеснік старшыні СВК Аляксандр Кур’ян: «Няма сэнсу вязаць у рулоны і перавозіць для складавання. Побач ферма, і эканамічна разумна сасціртаваць на месцы. Па меры зімовай патрэбнасці далёка ездзіць не давядзецца». Былі задзейнічаны прэсы-падборшчыкі, МТЗ-122, адзін абсталяваны так званай валакушай, — частка сіл і сродкаў спецыялізаванага звяна па нарыхтоўцы і пагрузцы сена.
Адмысловых звенняў у гаспадарцы створана ў адпаведнай колькасці з разнавіднасцямі работ. Акрамя названага — па скошванні, рамонце і абслугоўванні, для трамбоўкі сенажу і некаторыя іншыя. Дарэчы, пра сянаж: у дзень быў перапынак з яго нарыхтоўкай — скошаная трава вылежвалася да патрэбных кандыцый якасці. Увогуле ж, аб’ёмы яго нарыхтовак склалі ў «Шляху новым» 4650 тон. Як мінімум удвая, а то і значна больш, чым у іншых гаспадарнікаў раёна.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *