СВК “Дарава” накіравалася ў шлях. Новы

У раёне стала на адну гаспадарку менш. Але лепш менш, галоўнае, каб атрымалася больш.

Калі вобразна, то час справаздач у арганізацыях аграрнага сектара таксама можна назваць масавай сельскагаспадарчай кампаніяй. Другая палова студзеня, пара-тройка тыдняў у лютым з’яўляюцца іменна такім перыядам: асобныя гаспадаркі раёна “падсумавалі” і агучылі гадавыя вынікі сваёй работы, у іншых справаздачныя або справаздачна-выбарныя сходы чакаюцца ў тэрміновай перспектыве. Для СВК “Дарава” такім стаў першы дзень лютага.

Першым пытаннем сходу значылася справаздача старшыні праўлення. Пра вытворчыя дасягненні і здабыткі мінулага года, пра недапрацоўкі, упушчэнні, нявыкарыстаныя магчымасці, іншае.

Па словах Уладзіміра Пятроўскага, 2013 год для СВК не быў спрыяльным. Гаспадарка не выйшла на шэраг прагнозаў: і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве. За выключэннем агульнага паказчыка вытворчасці малака, які, у параўнанні з 2012, павялічыўся на 41 тону. Большасць астатніх характарыстык эфектыўнасці работы жывёлагадоўлі пайшла ў мінус. У тым ліку сярэдні ўдой, таварнасць, вытворчасць малака ў разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў. Але асноўныя нядоімкі ўзніклі на ніве страты якасці. Толькі 14,4 працэнта малака прададзена вышэйшым гатункам (у 2012-м вышэйшую якасць мела амаль 60 працэнтаў дараўскай малочнай прадукцыі). Розніца ў аплаце істотная, страчаны фінансавы патэнцыял складае вельмі значную лічбу.

– Віна ў тым усіх, – адзначыў Уладзімір Пятроўскі. – Ад кіраўніка і ўніз па вертыкалі.

Недаатрыманыя грошы, напрыклад, маглі б стаць значнай прыбаўкай да 2831 тысячы рублёў сярэдняй па гаспадарцы заработнай платы. Апошняя, дарэчы, хоць і вырасла ў параўнанні з 2012 на 37 працэнтаў, не здаецца вартай матэрыяльнай кампенсацыяй за цяжкую сялянскую працу.

Знізіліся сярэднясутачныя ўдзельныя і, як вынік, валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы, вытворчасць мяса ў разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў.

Як і іншым у раёне, дасягнуць у раслінаводстве ўзроўню 2012 года аграрыям СВК “Дарава” летась не ўдалося. У тым ліку і з-за гавораных-перагавораных прычын метэаралагічнага характару. Хоць некаторыя валавыя паказчыкі гаспадарка ў 2013 дастаткова палепшыла. Напрыклад, сабрана больш насення рапсу і кукурузы на зерне, павялічыліся аб’ёмы нарыхтовак сена, сенажу. Але ж, нягледзячы на моманты некаторага пазітыву, справаздачны перыяд не стаў для адносна невялікай гаспадаркі годам дасягненняў.

У кампактнасці сельгаспрадпрыемства, што для “Дарава” з’яўляецца характэрным, ёсць свае плюсы, свае мінусы. Да ліку апошніх, напрыклад, можна аднесці складанасці з набыццём высокапрадукцыйнай сучаснай тэхнікі. Пакупка не проста дарагая, а вельмі, і дазволіць яе сабе не заўсёды могуць гаспадаркі-“гіганты”, абаротныя сродкі якіх у разы перавышаюць дараўскія. А калі такое і здарыцца, то ці атрымаецца “адбіць” укладзеныя ў энерганасычаны трактар грошы? На некалькіх сотнях гектараў, калі з-за недахопу аб’ёмаў работы трактар будзе вымушаны больш прастойваць, чым працаваць? Пытанне рытарычнае. А вось гаспадарка, дзе 5 і больш тысяч гектараў зямлі, цалкам у стане апраўдаць дарагую пакупку. З другога боку, без сучаснай матэрыяльнай базы таксама нельга быць канкурэнтным.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, разглядаліся розныя варыянты павышэння канкурэнтнасці СВК “Дарава”. Перамог жа варыянт інтэграцыі гаспадаркі з суседнім СВК “Шлях новы”. На юрыдычнай мове гэта называецца рэарганізацыяй шляхам далучэння. У папярэднім парадку згоду на такі крок выказалі працаўнікі “Шляху новага”, “за” інтэграцыю выказаўся і агульны сход членаў СВК “Дарава”.

Выступаючы перад, фактычна, сваімі ўжо работнікамі, старшыня “Шляху новага” Аляксандр Вашчук паабяцаў уладкаванне на работу “усім, хто жадае працаваць”. Пры гэтым ні адзін новы новашляхавец не толькі не страціць у заробку – даходы мяркуецца “падцягнуць” да сярэдне-параўнальных па СВК. Як, дарэчы, умовы і графікі працы.

– У нас ужо ёсць вопыт далучэння “Кастрычніка”. Але няма дзялення на “конькаўскіх”, “навасёлкаўскіх”, не будзе і “дараўскіх”. Мы адна гаспадарка, і ў нас агульныя мэты, – сярод іншага заўважыў Аляксандр Вашчук.

“Дэ факта” аб’яднанне сельгаскааператываў адбылося. Патрэбен некаторы час на праходжанне неабходных у такім выпадку працэдурных фармальнасцяў, і пра гэта можна будзе гаварыць “дэ юрэ”. Але і зараз гэта ўжо адзін арганізм.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *