Школьники Ляховичского района делились своими творческими достижениями на областной научно-практической конференции «С наукой в будущее»

«Ёсць ідэя!».

8 лютага ў горадзе Камянец сабраліся пераможцы раённага этапу абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, каб падзяліцца сваімі вынаходніцтвамі, распрацоўкамі і творчымі здабыткамі.

Тэматыка работ (усяго іх было прадстаўлена 367) ахоплівае розныя сферы жыцця, дзейнасці і інтарэсаў сучаснага чалавека: гісторыя, экалогія, эканоміка, турызм і краязнаўства, псіхалагічныя і этычныя аспекты. На канферэнцыі былі прадстаўлены 6 работ юных даследчыкаў Ляхавіччыны, якія прынеслі 5 перамог. Дыплом І ступені прысуджаны дзесяцікласніку гімназіі Дзмітрыю Ракашэвічу. Яго даследчая работа па тэме “Па слядах Першай Сусветнай вайны” падрыхтавана пры кіраўніцтве і дапамозе настаўнікаў Міхаіла Курловіча і Сяргея Старасціна. Выбраная Дзмітрыем тэма надзвычай актуальная – сёлета будзе адзначацца стагоддзе з пачатку Першай Сусветнай вайны. Юны даследчык аналізуе падзеі, якія адбываліся на пачатку мінулага стагоддзя на тэрыторыі раёна.

Яшчэ чацвёра юных ляхавічан узнагароджаны дыпломамі ІІ ступені. Гімназістку Юлію Маргаеву зацікавіла тэма перапрацоўкі другаснай сыравіны, і з дапамогай настаўніцы Марыны Півавар з’явілася работа “Адходы ў даходы”.

Неаднойчы даследчыя работы вучняў Тухавіцкай СШ станавіліся пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў і канферэнцый. І на гэты раз сярод абласных пераможцаў ёсць выхаванец настаўніцы геаграфіі Тамары Васько – адзінаццацікласнік Тухавіцкай СШ Аляксандр Палуян. А тэма і сапраўды заслугоўвае ўвагі, тым больш у Год гасціннасці – “Аналіз перспектыў развіцця турызму ў Востраўскім сельсавеце”.

Шмат давялося папрацаваць і 10-класніцы Навасёлкаўскай СШ Жанне Пархановіч разам з педагогам Святланай Царык над работай “Статыстыка насельніцтва аграгарадка “Навасёлкі” ў табліцах, дыяграмах і задачах”. А вось адзінаццацікласніца СШ № 1 Вераніка Масейчык стварыла “Эколага-паразіталагічную характарыстыку вадаёмаў г. Ляхавічы” (настаўніца Галіна Бунель). Яшчэ адна гімназістка Ганна Петравец не першы раз ўдзельнічала ў абласной канферэнцыі. Сёлета яе даследаванне, праведзенае пад кіраўніцтвам Марыі Зубрылавай, не засталося незаўважаным – дзяўчына атрымала пахвальны водгук. Так што ніхто з ляхавіцкай каманды не вярнуўся дамоў без узнагарод – 100-працэнтны пераможны вынік.

Напрыканцы лютага работы Дзмітрыя Ракашэвіча і Аляксандра Палуяна прымуць удзел у рэспубліканскім этапе канферэнцыі.

Святлана МАРГАЕВА,
загадчыца раённага
вучэбна-метадычнага
кабінета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *