Прашу слова

У сваім штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт краіны традыцыйна ўзняў надзённыя і набалелыя пытанні, якія так ці інакш закранаюць інтарэсы большасці беларусаў.

Не застаюцца ў баку ад абмеркавання гэтай тэмы і нашы землякі.

Віталій ЛАБАНАЎ,

начальнік Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта

Пасланне Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу – гэта, па-сутнасці, праграма развіцця Беларусі на бліжэйшую перспектыву.

У мяне як прадстаўніка праваахоўных органаў найбольшую цікавасць выклікала тая частка выступлення, што датычыцца барацьбы з карупцыяй. Гэта праблема, на жаль, па-ранейшаму актуальная ў нашым грамадстве, таму Кіраўнік дзяржавы яе вырашэнне трымае пад пільным пастаянным кантролем. Карупцыя не толькі наносіць значныя страты эканоміцы канкрэтных прадпрыемстваў і краіны ў цэлым. Як адзначыў Прэзідэнт, у пэўнай ступені менавіта карупцыя стала адной з прычын сённяшняй, мякка кажучы, неспакойнай палітычнай сітуацыі ў суседняй Украіне.

У Беларусі аб’яўлена вайна карупцыі. Адпрацаваны і дзейнічае аператыўна-вышуковы і прававы алгарытм спынення карупцыйных злачынстваў. Так, поўнасцю знішчыць гэту негатыўную з’яву ў грамадстве пакуль не ўдаецца. Таму, як падкрэсліў Прэзідэнт, неабходна значна больш увагі надаваць менавіта прафілактыцы, папярэджваць карупцыйныя праяўленні, звесці іх да мінімуму ва ўсіх сферах.

Нягледзячы на тое, што ў нашым раёне на працягу апошніх гадоў адзначаецца невысокі ўзровень карупцыйных правапарушэнняў, ужо сёлета супрацоўнікі Ляхавіцкага РАУС сумесна з калегамі з УКДБ выявілі факт крадзяжу маёмасці кіраўніком аднаго з прадпрыемстваў раёна. Узбуджана крымінальная справа, расследаванне па якой завершана. Прадпрыемству кампенсавана страта.

Таццяна КАЦУБА,

начальнік аддзела эканомікі райвыканкама

Прэзідэнт у сваім Пасланні адзначыў, што здаровая і моцная эканоміка з’яўляецца гарантыяй незалежнасці краіны, фундаментам яе працвітання.

Як эканаміст поўнасцю згодна з такім сцвярджэннем. Стабільная і эфектыўная работа народнагаспадарчага комплексу – аснова, падмурак, на якім грунтуюцца бяспека краіны – харчовая, эканамічная, энергетычная і г.д., мір і спакой у грамадстве, дабрабыт працаўнікоў і іх сем’яў.

Сярод арыенціраў новага эканамічнага курсу Кіраўнік дзяржавы назваў паскоранае развіццё ўнутранага рынку, удасканаленне механізмаў кіравання эканомікай і ўсямернае развіццё канкурэнцыі.

Экспарт – гэта, безумоўна, важна і неабходна. Але, зразумела, у першую чаргу перад беларускімі прадпрыемствамі стаіць задача забяспечыць якаснай канкурэнтаздольнай прадукцыяй унутраны рынак. Прычым, выпускаць такую, каб пакупнік аддаваў перавагу ёй, а не імпартнаму аналагу. Што датычыць, напрыклад, нашага малочнага завода, то ў яго няма праблем са збытам прадукцыі ўласнай вытворчасці на ўнутраным рынку: пакупнік даўно ацаніў усе яе вартасці і вызначыўся са сваімі гастранамічнымі прыхільнасцямі.

Трэба сказаць, канкурэнцыя на гэтым рынку, безумоўна, вельмі сур’ёзная. І менавіта яна падштурхоўвае да развіцця, удасканалення. Важна ствараць новыя прадпрыемствы, падтрымліваць прадпрымальніцкую ініцыятыву. І мы разумеем, што зрабіць належыць яшчэ вельмі многае.

Як і па мадэрнізацыі абсталявання і тэхналогій вытворчасці прадпрыемстваў. Без гэтага ўтрымацца на плаву не атрымаецца! Нельга выпусціць запатрабаваную і канкурэнтаздольную прадукцыю на старым зношаным абсталяванні. А калі няма попыту, збыту, то і на добрую зарплату разлічваць не варта. Зараз падыходзіць да завяршэння мадэрнізацыя ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Вялікія надзеі і калектыў, і раён ускладаюць на той час, калі будзе запушчана новая вытворчасць.

Як адзначыў Прэзідэнт, падыход да мадэрнізацыі патрэбны разумны і гаспадарскі. Перш, чым укладваць сродкі ў рамонт, абсталяванне, тэхналогіі, трэба пралічыць, што гэта дасць, за які час праект акупіцца. Гэтыя пытанні мы задаем кожнаму кіраўніку, калі ён на пачатку года прадстаўляе план мадэрнізацыі свайго прадпрыемства.

Ну і, канешне, пра адказнасць, працоўную дысцыпліну і ініцыятыўнасць кожнага – ад кіраўніка да рабочага – на сваім месцы – з гэтым таксама не паспрачаешся…

Святлана ВАЙЦЕШЫК,

жыхарка г. Ляхавічы.

Як маладую маці мяне не пакінула абыякавай сказанае пра меры па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Дзякуючы сацыяльным гарантыям, што прадастаўляюцца сем’ям, Беларусь лічыцца спрыяльнай краінай для нараджэння дзяцей. Калі 7 месяцаў назад у нас нарадзіўся сынок Арцёмка, наша сям’я адразу атрымала дзяржаўную фінансавую дапамогу, атрымліваем выплаты і цяпер. А тое, пра што гаварыў у Пасланні Прэзідэнт – павелічэнне выплат сем’ям на кожнае дзіця, – дазволіць жанчынам не спяшацца выходзіць на работу, а ўдзяляць неабходную ўвагу і час малышам, падштурхне задумацца пра папаўненне сям’і.

Ляхавічане задаволены – у нас новая выдатная паліклініка, ёсць свая бальніца. Радуе, што ўкараняюцца сучасныя медыцынскія тэхналогіі. А для іх далейшага развіцця неабходны новыя формы медыцынскіх паслуг, у тым ліку пашырэнне платных. Гэта паспрыяе выхаванню ў людзей адказнасці за сваё здароўе, а ў тых, хто хоча атрымліваць асаблівае лячэнне, з’явяцца варыянты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *