Туз у рукаве. У ЗАТ «Белпрампрыбор» падчас касавіцы апрабавалі новыя тэхналогіі закладкі сенажу

Аперацыяй закладкі сенажу па новай тэхналогіі кіраваў Мікалай Бярэзіч - адказны работнік, спецыяліст, якіх мала

Розыгрышам вельмі багатых ставак заняты гэтай парой сельскія працаўнікі. На кон пастаўлены корманарыхтоўкі. Але ў адрозненне ад настольнай гульні, роля ўдалага шанца тут зусім нязначная ці не прысутнічае ўвогуле. Хто найлепш падрыхтаваўся, ва ўсім быў своечасовы і дакладны – у таго і колькасць кармоў, і іх якасць. Яно і раней мелася на ўвазе як аксіёма, але, здаецца, сёлета асабліва ўвага акцэнтуецца іменна на спажывецкіх характарыстыках нарыхтаваных сена, сенажу і г. д. Траншэйная закладка – стары і добры спосаб нарыхтоўкі сенажу. У выпадку больш-менш спрыяльнага надвор’я, своечасовага правядзення і ашчаднасці на кожным з этапаў работ якасць прадукта гарантуецца. Іншая справа, што выкананне гэтага нескладанага алгарытму на практыцы даецца проста не заўсёды і не ва ўсіх. Сумны вынік – “кіслая” якасць сенажу на кармавым стале. Сітуацыя не выключная, у тым ліку і мінулым міжсезоннем мела месца ў шэрагу нашых сельгаспрадпрыемстваў.

Свежыя тэхналогіі заўсёды разлічаны на вытворча-эканамічны ці якасны эфект. Напрыклад, практыка абгортвання цюкоў сенажу ў плёнку выгадна адбілася на спажывецкіх характарыстыках гэтага прадукту. Ёй ужо некалькі гадоў, у адрозненне ад тэхналогіі закладкі сенажу ў поліэтыленавыя рукавы. Першымі ў раёне яе ў ходзе сёлетняй касавіцы апрабавалі ў ЗАТ “Белпрампрыбор”. Як расказаў галоўны аграном прадпрыемства Віктар Канецпольскі, пакупка машыны-ўпакоўшчыка абышлася больш як у 100 тысяч еўра. Да камплекту – некалькі вырабленых са шчыльнага пластыку ёмістасцяў даўжынёй 60 метраў кожная. Дастаўленая з зялёнага палетка падвяленая да патрэбнай вільготнасці зялёная маса загружаецца ў грузапрыёмнік цуда-ўпакоўшчыка. Сістэма яго канвеераў і напаўняе прыстыкаваны поліэтылен. Пры гэтым адбываецца нязначнае дадатковае здрабненне масы, рукаў паступова разгортваецца. Стандартны, на 3,5-4 тоны, прычэп зялёнай масы знікае пад плёнкай хвілін за 5-6. Гэта для ўяўлення аб вытворчых магчымасцях агрэгата. Прадугледжаны шэраг рэгуліровак і настроек, угадваецца схема і прынцып работы бытавой мясарубкі.

У “Белпрампрыборы” нарыхтавалі такім чынам дзве “каўбасы” начыннем па 190 тон кожная. Пра якасць сянажу і пра тое, наколькі казырнай будзе выцягнутая з поліэтыленавага рукава карта, – канчаткова стане вядома пазней, пасля першых кармавых проб, аналітычных, практычных і эканамічных параўнанняў, у супастаўленні затрат і набыткаў. Паказчыкі ж кантрольных замераў, па меркаванні галоўнага агранома гаспадаркі, усяляюць аптымізм. І хоць кіраўніцтва “Белпрампрыбора” пакуль у разважаннях — які і на аснове якіх сельгаскультур корм закласці ва ўжо купленыя наступныя рукавы, – працяг, несумненна, будзе. З другога ўкосу, які, дарэчы сказаць, у некаторых сельгасарганізацыях раёна пачаўся ўжо.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *