Імчаць па рэльсах цягнікі. У нядзелю адзначылі сваё прафесійнае свята работнікі Беларускай чыгункі. Сярод іх і жыхары Ляхавіччыны

Амаль 40 гадоў дзяжурыць па станцыі «Ляхавічы» Іван Шклянік. Умела каардынуе работу падначаленых Ігар Куніцкі

У  першую нядзелю жніўня адзначаюць прафесійнае свята работнікі Беларускай чыгункі. Машыністы, пуцявыя абходчыкі, дыспетчары, дзяжурныя па станцыі, праваднікі, касіры, кантралёры – непасрэднае дачыненне да дакладнай работы чыгункі мае мноства людзей з разнастайнымі спецыяльнасцямі і прафесіямі. Кожны з іх уносіць свой уклад у агульную справу арганізацыі перавозак пасажыраў і грузаў.

—Станцыя “Ляхавічы” Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі невялікая. Тут за суткі абслугоўваецца 120-130 пасажыраў. Калектыў, які забяспечвае работу станцыі, – усяго 11 чалавек: дзяжурныя па станцыі, білетныя касіры, прыёмшчык грузу і багажу, станцыйны рабочы. Кожны адказна спраўляецца з ускладзенымі на яго абавязкамі, — расказвае пра калег начальнік станцыі Ігар Куніцкі.

Ён на чыгунцы не навічок – прыйшоў сюды ў 1996 годзе пасля заканчэння Аршанскага чыгуначнага тэхнікума, з 2006 года ўзначальвае станцыю “Ляхавічы”.

Начальнік участка «Русіно-Лунінец» Віктар Канапацкі і дарожны майстар Лявонцій Жук.

Гэтая чыгуначная станцыя адметная ветлівым абслугоўваннем, ідэальнай чысцінёй навокал — на добраўпарадкаванні шчыруюць літаральна ўсе працаўнікі.

Каб усе чыгуначныя шляхі-дарогі былі ў належным стане, адрамантаванымі і бяспечнымі, пільна сочаць брыгады абслугоўвання. Поле дзейнасці трох з іх, у якіх службу нясуць 23 манцёры-пуцейцы, – чыгунка, што злучае станцыі “Ляхавічы”, “Рэйтанаў”, прыпыначны пункт “Шчара”. Начальнік участка “Русіно – Лунінец” Віктар Канапацкі прыгадвае прозвішчы лепшых работнікаў: дарожны майстар Лявонцій Жук, манцёры Антон Зелянеўскі, Ігар Мацкевіч, Аляксей Шнайдзер, Аляксандр Есіс.

Напярэдадні прафесійнага свята “ЛВ” далучаецца да віншаванняў, што прагучаць у адрас чыгуначнікаў, – усіх, дзякуючы каму сталёвыя дарогі застаюцца надзейнымі і хуткімі.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *