Ураджайны код паспяховасці “Ляхавіцкага”

Сяргей Казакевіч і Міхаіл Хлапянік – надзейны экіпаж.

Калі і ёсць у раёне сельскагаспадарчы хранічны выдатнік, то гэта СВК “Ляхавіцкі”. Ён узорны практычна ва ўсім вытворча-эканамічным раскладзе. Сёлетняе жніво – усяго толькі старонка з саліднай біяграфіі цёзкі раёна: 69,5 цэнтнера з гектара зерневых і зернебабовых, валавы намалот – 8691 тона. Калі браць важкасць выключна зерневых каласавых палеткаў, то яна яшчэ вышэйшая – 76,2 цэнтнера з гектара. Але, мусіць, самае мажорнае гучанне ў лічбы, якая засведчвае выхад зерня на бала-гектар – 239 кілаграмаў (для параўнання ў раёне гэты паказчык складае 163 кг, у “Шляху новым” – 202, райаграсэрвісе – 201,3, “Жарабковічах” – 148).

Выдатна працавалі на ўраджай-2014 усе, хто па праву называе сябе хлебаробам. Вядомая паслядоўнасць: падрыхтоўка глебы, сяўба, догляд, уборка. Ураджайны код паспяховасці “Ляхавіцкага” не сакрэтны: дакладнае захаванне тэхналогіі вытворчасці заўсёды і на ўсіх участках, строгая дысцыпліна і шчырая зацікаўленасць у канчатковым выніку. Як тут не ўзгадаць, што ўсё геніяльнае – проста.

Здаецца, для старшыні гаспадаркі Аляксандра Вітко і яго надзейнай каманды ў асобе працоўнага калектыву невырашальных задач не існуе. Мусіць, не здаецца, а так яно і ёсць. Толькі вось дасягаецца гэта працай напружанай і паўсядзённай, а не падарункам з нябёс падае. На працягу жніва Дошку гонару ў раёнцы ўзначальваў СВК “Ляхавіцкі” і па ўраджайнасці, і па тэмпах уборкі. Хочацца дадаць: як заўсёды.

Намеснік старшыні гаспадаркі Іван Вітко.

Аляксандр Іванавіч называе імёны перадавікоў, і складаецца ўражанне, што такімі тут з’яўляюцца практычна ўсе. Асабліва адзначае механізатараў-камбайнёраў Мікалая Кавалёва, Валерыя Ракашэвіча, Віктара Кардаша. Гаворыць, што беражліва і хутка вывозілі намалот з поля на зернеток вадзіцелі, і што бездакорна паўтаралі гэты шлях зноў і зноў Мікалай Цыкман, Пётр Юнік, Мікалай Ракашэвіч. Па добрай традыцыі выдатна спрацавала зернесушыльная гаспадарка СВК, і гарантам гэтага былі ў тым ліку машыністы ЗСК Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік.

А якім прыгожым сэнсам напаўняе жніўны расклад такая акалічнасць, як удзел ва ўборачнай сямейных экіпажаў. Менавіта ў СВК “Ляхавіцкі” іх найбольш, і можна ганарыцца такой сямейнасцю.

Невыпадкова адрасам раённых дажынак сёлета стаў аграгарадок Русінавічы. Сюды звычайна едуць за перадавым вопытам, а сёння – фестываліць. Гасціннасць і дружалюбнасць тутэйшых людзей не меншая, чым іх працавітасць. Гэта свята яны заслужылі па праву. Дарэчы, і на абласных дажынках у Пінску годна прагучаў СВК “Ляхавіцкі”. Нагадаю, што Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь уручана старшыні гаспадаркі Аляксандру Вітко.

Першую прафесійную ўзнагароду атрымаў і галоўны аграном “Ляхавіцкага” Аляксандр Шымкевіч: ён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод галоўных аграномаў сельгасарганізацый, валавы збор збожжа якіх перавышае 7000 тон, — за дасягненні высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых.

Сельгаскааператыў узнагароджаны дыпломам І ступені абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за забеспячэнне належных сацыяльна-бытавых умоў удзельнікаў уборкі ўраджаю. Сумесныя намаганні праўлення гаспадаркі і прафсаюзнай пярвічкі, якую ўзначальвае Валянціна Герасімовіч, ацэнены па вартасці.

…Жніво даўно закончана. Уборачная працягваецца. На бульбу з СВК “Ляхавіцкі” попыт штогод ажыятажны.

…Усяго дзень доўжацца дажынкі. Радасць ад свята, радасць ад працоўных будняў – жыццё працягваецца.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Адзін з сямейных экіпажаў «Ляхавіцкага» – Сяргей Асланян з нявесткай Ірынай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *