Насуперак здароваму сэнсу

Няма, мусіць, чалавека, які не ведаў бы пра смяротную небяспеку ад ужывання наркотыкаў. Але насуперак здароваму сэнсу расце колькасць тых, хто трапляе ў ”спайсавы” палон, пераважна гэта моладзь. Паведамленні пра чарговыя ахвяры “спайсу” не проста трывожаць – палохаюць: псіхічныя растройствы, лятальныя зыходы…

Напачатку гэтага года ”спайсавыя” трагедыі ўскалыхнулі грамадства. Літаральна за паўтара месяцы “спайсы” і “маркі” сталі прычынай смерці 7 чалавек, яшчэ 60 медыкі выратавалі. На мінулым тыдні ў адным з інтэрнатаў Мінска яшчэ двое маладых людзей (1992 і 1995 гадоў нараджэння) сталі ахвярамі  гэтай атруты.

Але распаўсюджванне “спайса” датычыць не толькі сталіцы. Ён можа аб’явіцца дзе заўгодна. Паколькі ўсё, што з ім звязана, падпадае пад крымінальную адказнасць, у працяг тэмы – размова з начальнікам раённага аддзела Следчага камітэта Віталіем Лабанавым:

—Віталій Аляксандравіч, наколькі распаўсюджаныя так званыя наркатычныя справы ў нашым раёне?

— Адназначна адказаць цяжка. Напрыклад , за 2012-2013 гады  не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы па збыце ці захаванні наркатычных рэчываў на тэрыторыі раёна. А з пачатку гэтага года іх ужо 3. У чэрвені супрацоўнікі РАСК затрымалі раней судзімага  26-гадовага ляхавічаніна, у якога знайшлі  наркатычнае рэчыва.  Як выявілася ў ходзе следства, малады чалавек набыў сумесь у незнаёмага  ў Баранавічах па папярэдняй дамоўленасці. Сваю пакупку малады чалавек тлумачыў тым, што вырашыў набыць курыцельную сумесь з-за сямейных праблем – хацеў проста расслабіцца, хаця і здагадваўся, што яна забаронена да абарачэння. Крымінальная справа ўзбуджана па ч. 1 арт. 328 КК.

Вось такі паварот, тым больш, што злачынства ўчынена асобай, якая ўжо раней  мела праблемы з законам  і  не знятую судзімасць.

У жніўні ў поле зроку праваахоўных органаў  трапіў  яшчэ адзін раней судзімы і таксама 26-гадовы ляхавічанін. Ён, каб хоць як-небудзь пазбавіцца ад наркатычнай ломкі,  на адным прысядзібным участку ў райцэнтры  сарваў галоўкі маку для далейшага атрымання з іх наркатычных сродкаў. І неўзабаве трапіў у поле зроку следчых. У адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа. (Дарэчы, мак забаронены для вырошчвання, і агароды – не выключэнне. За парушэнне прадугледжана адказнасць).

Апошняя крымінальная справа па тым жа артыкуле КК узбуджана  напачатку кастрычніка. На гэты раз у адносінах 21-гадовага ляхавічаніна — яго з наркатычным рэчывам затрымалі ў гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча.

—У чым спецыфіка барацьбы з распаўсюджваннем “спайсаў”?

“Спайс” – гэта сінтэтычны наркотык, і трапіў ён у Беларусь гадоў 10 назад. Тыя курыцельныя сумесі валодалі псіхаактыўнымі ўласцівасцямі,  аналагічнымі ўздзеянню на арганізм марыхуаны, але прадаваліся свабодна пад выглядам тытуню ці духмяных рэчываў. Потым усё стала больш небяспечным.

Ужыванне “спайсаў” і ім падобных нагадвае рускую рулетку — адна зацяжка можа прывесці да смерці. На ўліку ў беларускіх медыкаў знаходзіцца больш за 16000 наркаманаў, у нашым раёне — 6. Аднак, рэальная лічба спажыўцоў у разы большая. Толькі за апошнія 5 гадоў колькасць нарказалежных павялічылася ў краіне на 36 працэнтаў.  Беларускія сілавыя структуры і медыкі зрэагавалі  хутка:  “спайсы” трапілі пад забарону.  Але і тут не ўсё пайшло гладка. Растлумачу чаму і як.  Толькі ў спіс забароненых трапляла адна формула наркатычнага рэчыва, падпольныя лабараторыі тут жа гатавалі іншую, яшчэ не забароненую. І хоць чарговае рэчыва давала ўсё больш пабочных эфектаў, жадаючых паспытаць на сабе яго ўздзеянне менш не  станавілася.

Распаўсюджвальнікі ўсё ра-дзей сустракаюцца непасрэдна з пакупнікамі – гандаль ідзе праз інтэрнэт: рэклама і перапіска ў сацыяльных сетках, аплата праз электронныя кашалькі, ”дозы” ў тайніках і г.д. Мы абавязаны ўстанавіць і затрымаць і адных, і другіх, незалежна ад колькасці “доз”.

— Як жа на справе перамагчы гэту наркатычна-”спайсавую” бяду ці хаця б стрымаць, зменшыць яе распаўсюджванне?

—На шчасце, не ўсё так песімістычна. Беларусь стала чацвёртай краінай у Еўропе, дзе забаронены курыцельныя сумесі, накшталт, “спайса” і “смога”. Зараз ідзе работа над новым законапраектам, які закліканы адбіць ахвоту нават спрабаваць наркотыкі. Сур’ёзнае пакаранне  будзе пагражаць не толькі  вытворцам, прадаўцам, але і спажыўцам забароненных рэчываў. Цяпер  да крымінальнай адказнасці прыцягваюць толькі тады, калі  знойдзены ў грамадзяніна наркотык афіцыйна ўнесены ў спіс забароненых да абароту рэчываў. За апошнія некалькі гадоў такі спіс мяняўся неаднаразова, папаўняўся новымі відамі наркотыкаў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама дэталёва абмяркоўваюць пытанне больш жорсткага пакарання за распаўсюджванне і захаванне наркотыкаў.  Хаця і цяпер збыт наркатычных рэчываў  у  Працэсуальным кодэксе з’яўляецца  цяжкім злачынствам.  Чакаем узмацнення і крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў заведама непаўналетнім і  ”выраб наркотыкаў ва ўмовах лабараторыі.  У законапраект, лічу, неабходна ўвесці  і пункт, які зацвердзіў бы дзяржаўную манаполію на  распаўсюджванне тытуню. Як, напрыклад, у заканадаўчым парадку дзяржава атрымала выключнае права на аптовы гандаль насеннем маку. Тады не ўдасца “выкруціцца” тым, каго затрымаюць, напрыклад,  са “спайсам”, і ён будзе сцвярджаць: не ведаў, што гэта наркотык, купіў як тытунь.

Адзін своечасова не спынены наркаман уцягвае ў  палон дурману яшчэ 5 чалавек. У нас растуць дзеці, унукі, і мы разам абавязаны зрабіць усё, каб у іх было нармальнае бяспечнае заўтра. Таму важнай з’яўляецца  прафілактычная работа.  Пасля кожнага факта сустрэчы з “наркатычнай” справай супрацоўнікі РАСК дасканала  і ўважліва вывучаюць прычыны і ўмовы злачынства. Следчыя часта сустракаюцца са школьнікамі і студэнтамі. Дэманструюцца відэафільмы з фактамі рэальнага жыцця наркаманаў, сведчаннямі працэса дэградацыі іх асобы — усё для таго, каб засцерагчы моладзь ад бяды. І калі хоць некалькі чалавек задумаюцца, не спакусяцца дзеля цікавасці ці за кампанію тым жа “спайсам”, гэта можна лічыць маленькай перамогай над наркотыкамі.

Хачу звярнуцца да тых, хто не падтрымаў каварную прапанову “злавіць кайф”: і далей ніколі не спакушайцеся. Пацверджана медыцынскімі даследаваннямі на 100 працэнтаў, што наркотыкі пераўтвараюць жыццё ў што-дзённы страх. Калі медыкі разглядаюць наркаманію як хваробу, то праваахоўнікі,  міліцыянеры, следчыя называюць яе яшчэ і вельмі небяспечнай злачыннай эпідэміяй. Гэта наш агульны вораг. Давайце разам – супраць яго.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, начальнік РАСК Віталій Лабанаў паведаміў, што 14 кастрычніка затрыманы ляхавічанін 1991 года нараджэння: у яго адабрана псіхатропнае рэчыва, частку якога малады чалавек  паспеў  выкурыць.

РАСК праводзіць праверку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *