Што нам снег… У Ляхавічах гатовы да снежных “сюрпрызаў»

Хоць снег апошнімі днямі і дадаў работы, але дарожная служба працуе ў штатным рэжыме.

— Перапынку ў руху аўтатранспарту па дарогах мясцовага значэння, нягледзячы на снегапады і галалёд, не адзначаецца, — пракаментаваў сітуацыю начальнік ДРБУ-200 Канстанцін Філіпчык. – Усяго для ачысткі дарог пакуль задзейнічаны 4 адзінкі спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку снегаачышчальнік. Для апрацоўкі дарожнага пакрыцця прымяняюцца спецыяльныя сумесі. Працоўная змена ў дарожнікаў зараз пачынаецца ў 3 гадзіны ночы — трэба паспець расчысціць свежы снег да таго, як актывізуецца аўтамабільны рух.

Снег прыбавіў клопату і камунальнікам. Але, як сцвярджае дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі, сітуацыя пад кантролем. Наладжана сувязь паміж службамі, якія адказваюць за навядзенне парадку на вуліцах горада, і дыспетчарамі, якія прымаюць заяўкі ад грамадзян.

Што датычыцца тэхнікі і людскіх рэсурсаў, то ў камунгасе поўнасцю гатовы да снежных “сюрпрызаў”. У мінулым годзе за сродкі, атрыманыя за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні горада, набыты 2 новыя трактары МТЗ, якія пры неабходнасці задзейнічаюць на ўборцы снегу. Работнікі ўчастка “Добраўпарадкаванне” падчас снегападу выходзяць на сваё працоўнае месца ў 3 гадзіны ночы, пры пагодным штылі – а палове 5-й гадзіны раніцы.

Сіноптыкі прагназуюць на бліжэйшыя дні снег. Учора ў Мінску за раніцу выпала амаль 20 працэнтаў ад месячнай нормы ападкаў. Так што расслабляцца пакуль не атрымліваецца.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *