Нуль супраць рыбакоў. Ляхавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае пра небяспеку знаходжання на лёдзе

На двары студзень, але не марозны – з нулявой тэмпературай, што зусім не гарантуе бяспекі аматарам рыбнай лоўлі. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае пра небяспеку знаходжання на лёдзе. Трэба набрацца цярпення і дачакацца, каб вада прамерзла на бяспечную таўшчыню. Бяспечным для пераходу лічыцца лёд з зеленаватым адценнем і таўшчынёй не менш за 7 сантыметраў.

Кожнаму рыбалову рэкамендуецца мець з сабой выратавальную камізэльку і вяроўку даўжынёй 30-40 метраў, адзін канец якой трэба замацаваць на беразе за трывалы прадмет. Калі чалавек па неасцярожнасці праваліўся пад лёд, яму неабходна дзейнічаць хутка і рашуча: шырока раскінуць рукі ў бок беражка лёду і без рэзкіх рухаў старацца выбрацца на яго пры дапамозе вяроўкі. Апынуўшыся на моцным лёдзе, паціху перамяшчацца ў бок берага.

Аказваючы дапамогу чалавеку, які праваліўся пад лёд, асцярожна паўзком набліжайцеся да палонкі, шырока раскінуўшы рукі і перамяшчаючы перад сабою выратавальныя сродкі. За некалькі метраў да палонкі кіньце пацярпеламу выратавальныя сродкі: доўгую палку ці вяроўку, звязаныя рамяні ці шалікі. Адпаўзаючы, выцягніце пацярпелага на трывалы лёд.

Меры перасцярогі неабходна захоўваць як рыбакам, так і паляўнічым. Трэба памятаць пра небяспеку знаходжання на лёдзе малых дзяцей і падлеткаў.

Сяргей РАБЦЭВІЧ, інспектар РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *